Top.Mail.Ru

Оперу «Арлеанская дзева» ўпершыню паставілі ў Вялікім тэатры Беларусі

У джынсах і з заплечникам — такой увасобіў галоўную гераіню рэжысёр-пастаноўшчык Георгій Ісаакян.



У Вялікім тэатры Беларусі адбылася творчая сенсацыя: гледачам прадставілі прэм’еру оперы «Арлеанская дзева» Пятра Чайкоўскага, якая гучыць вельмі рэдка наогул ў свеце — і ў гэтым для нас ёсць своеасаблівая сенсацыя. Як адзначыў дырыжор-пастаноўшчык і мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Арцём Макараў, не кожны тэатр можа дазволіць сабе паставіць гэты твор: вельмі высокія патрабаванні да выканаўцаў партый галоўных герояў, перш за ўсё, да выканаўцы ролі Жанны д’Арк (яна вельмі складаная вакальна). У гэтай оперы вялікія харавыя сцэны, з якімі справіцца не кожны калектыў... 

5. 045A3557.jpg

З’яўленню спектакля ў афішы беларускага тэатра паспрыяла тое, што Арцём Макараў шмат гадоў паспяхова супрацоўнічае з Георгіем Ісаакянам і ведае яго па працы ў Маскоўскім дзяржаўным акадэмічным дзіцячым музычным тэатры імя Наталлі Сац. Запрашэнне рэжысёра ў Мінск абяцала не толькі музычнае адкрыццё, але і пастановачнае: Ісаакян умее асучасніваць і рабіць больш зразумелымі нават далёкія ад нас па часе оперы. Чаканні апраўдаліся.

Такім чынам мы для сябе адкрылі яшчэ адзін твор кампазітара. І даведаліся пра тых, каму ён па сілах. Выканаць партыю Жанны — гэта як здзейсніць творчы подзвіг: велізарная нагрузка як галасавая, так і эмацыйная. З ёю бліскуча справілася наша маладая салістка Дар’я Гаражанка — фантастычная роля! Але пастановачная група падрыхтавала чатыры склады! І гэта другая сенсацыя: чатыры Жанны — чатыры фактычна розныя спектаклі! Тым больш, што рэжысёрская канцэпцыя — з пераносам у сучаснасць. У яе трэба па-акцёрску ўвайсці і ўвасобіць дзяўчыну, якая падчас тэатральнай містэрыі прасякнулася гісторыяй святой пакутніцы і ўяўляе сябе на яе месцы, дзе б ні апынулася — на вуліцах горада Дамрэмі, у сваім пакоі з мяккімі цацкамі ці ў баскетбольнай зале, дзе зусім не чакаеш спаткаць рыцара. І гэта трэцяя сенсацыя: такія павароты прабілі нашу публіку на авацыі! Аказалася, што айчынны глядач (папрокі ў кансерватызме цяпер не працуюць) цалкам гатовы да нечаканых інтэрпрэтацый. Калі яны паспяховыя. 

— Вялікае шчасце, што ў трупе ёсць выканаўцы, якія, мне здаецца, ідэальныя — быццам бы на іх складаўся спектакль, — падкрэсліў рэжысёр-пастаноўшчык, народны артыст Расіі Георгій Ісаакян. — Самая вялікая памылка многіх людзей лічыць, што тэатр — гэта музейная ўстанова. Але калі ты ўнутры тэатральнага працэсу, то разумееш, што ён рухаецца разам з часам, развіваецца разам са сваім гледачом... Гэта не цяперашняе вынаходства: у барочным тэатры ўсе старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія богі хадзілі ў камзолах. А ў старажытнагрэчаскім тэатры тыя ж самыя персанажы з’яўляліся ў тогах. У XIX стагоддзі яны раптам пераапрануліся ў сурдукі. Бо кожны час хоча бачыць свайго сучасніка. І перад намі сучасная дзяўчына, якая спрабуе нанава адчуць, што такое быць святой Жанай, што такое прайсці яе шлях. Самае невыноснае для рэжысёра і для тэатра — гэта глядач, які ветліва сумуе, часам нават засынае ўжо падчас уверцюры. Таму мы ўсе — я і выдатны мастак Аляксей Трагубаў, і цудоўны дырыжор Арцём Макараў — прыкладалі максімум намаганняў для таго, каб глядач сядзеў на акрайчыку крэсла і баяўся прапусціць хаця б адно імгненне.

6. 045A3649.jpg

Каб перадаць на сцэне атмасферу французскіх гарадоў, мастак-пастаноўшчык Аляксей Трагубаў, прагледзеў вялікую колькасць матэрыялу, у сваёй ідэі ён абапіраўся на выяву храма, пабудаванага ў гонар Жанны д’Арк. А ў фінале з дапамогай відэа ўзнікае мазаіка... Відэапраекцыі для нас не навіна, шмат у якіх спектаклях выкарыстоўваюцца, але тут ў іх — вельмі трапнае прымяненне і нібыта асаблівая роля: мясціны французскай святой Іааны нібыта жывыя. Цікава назіраць за тым, як на сцэне мяняецца карцінка, часам быццам бы ўзнікаючы з пустаты, становіцца уяўнай. Пры гэтым мяжа паміж мінулым і сучаснасцю абазначана выразна: падкрэлена тэатральная рэчаіснасць містэрый, дзе галоўная гераіня — назіральніца; персанажы ў гістарычных касцюмах з’яўляюцца ў нішах будынкаў ці то ва ўмоўнай музейнай прасторы — іх бачыць дзяўчына і пачынае кантактаваць. Хор пазначае розныя вымярэнні: то ён увасабляе нібыта анёльскія галасы з-пад нябёсаў, а потым яго артысты аказваюцца гараджанамі на французскіх вуліцах — вельмі падобнымі на нас, дарэчы. Таму трэба не толькі слухаць музыку і цудоўныя галасы (у спектаклі заняты ўсе найлепшыя салісты нашага Вялікага), а трэба пільна ўглядацца ў тое, як жыве сцэна. До яна рыхтуе да таго, каб суперажываць Іаане-Жанне. Бо опера Чайкоўскага — гэта не падручнік, у якім выкладаюцца дакладныя факты, аўтар прапанаваў сваё адчуванне гісторыі гераіні — рамантычнае. У нас яно ўзмоцненае яшчэ і псіхалагічным момантам. І нават фантастычным: уразлівая сучасная дзяўчына нечакана знікае ў полымі вогнішча. Нібыта раствараецца ў прасторы... 

«У тэатры свята, — адзначыла народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар тэатра. — У год Чайкоўскага да нас прыйшла „Арлеанская дзева“. Яе незаслужана забылі, мне здаецца, у гэтай пастаноўцы опера будзе выклікаць цікавасць гледача і стане доўгажыхаром: гэта больш за тры гадзіны геніяльнай музыкі.»

12. 045A4098.jpg

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю