Беларускія гімнасткі вярнуліся з Універсіяды
Дзяўчаты вярнуліся з XXXІІ Сусветнай універсіяды, якая праходзіла ў Рэйнска-Рурскім рэгіёне Германіі. Студэнцкія спаборніцтвы сабралі 8000 спартсменаў са 115 краін, найлепшыя вызначаліся ў 18 відах спорту.
...Трохі стомленых доўгай дарогай, але шчаслівых дзяўчат і іх трэнера раніцай на сталічным аўтавакзале «Цэнтральны» сустракалі родныя, блізкія, супрацоўнікі Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь СТРЫГЕЛЬСКІ, а таксама шматлікія жыхары і госці Мінска, якім у гэты момант пашчасціла стаць сведкамі падзеі.
Сустракалі, як і належыць сустракаць герояў (у дадзеным выпадку спорту), — кветкамі і з дзяржаўнай сімволікай.
Аліна ГАРНАСЬКО і Анастасія САЛАС хоць і выступалі на Універсіядзе пад нейтральным сцягам, але іх вялікая перамога, вядома, папоўніла скарбонку спартыўных дасягненняў Беларусі. І ўнёсак грунтоўны — пяць медалёў: два залатыя, два сярэбраныя і адзін бронзавы.
А лідар зборнай Аліна Гарнасько чарговы раз паказала выдатныя вынікі, якія яшчэ раз пацвердзілі высокі ўзровень падрыхтоўкі спартсменкі і даказалі, што яна невыпадкова трапіла на Алімп мастацкай гімнастыкі.
Пакуль дзяўчат віталі блізкія — размова з Віталем Стрыгельскім.
— Гэта наша першае, пасля чатырохгадовага перапынку, выступленне на буйной міжнароднай арэне, — расказаў дырэктар цэнтра. — Калі атрымалі ў сакавіку запрашэнне, то і здзівіліся, і ўзрадаваліся. Сфарміравалі каманду па сямі відах спорту, але квоту нам абмежавалі да 10 спартсменаў. Пасля ўсіх перыпетый з дакументамі і візамі на Універсіяду адправілася каманда па мастацкай гімнастыцы
У Эсэне іх чакала нялёгкая барацьба — саперніцы з Венгрыі, Германіі і Узбекістана былі вельмі моцнымі.
— І мы нават не маглі выказаць аніякіх здагадак аб выніках спаборніцтваў, — дзеліцца Аліна Гарнасько.
Аднак абедзве спартсменкі падышлі да важнага старту ў выдатнай форме: у гэтым
сезоне гімнасткі ўжо не раз узнімаліся на п’едэсталы прэстыжных спаборніцтваў. І ў выніку — ашаламляльны поспех на Універсіядзе!
- — Хацелася б падзякаваць усім, хто зрабіў нашу паездку магчымай. Да апошняга моманту не ведалі, ці паедзем, — расказвае Аліна. — Літаральна за некалькі дзён да адпраўлення было атрымана канчатковае «так». Вельмі рада, што ўпершыню ў сваёй кар’еры ўзяла ўдзел у гэтых спаборніцтвах, ды яшчэ і вярнулася дадому з «золатам» у мнагабор’і. Пасля другога дня турніру здавалася, што сілы ўжо скончыліся, але хапіла яшчэ і на суботнія фіналы. Чатыры медалі для мяне, універсітэта і краіны — цудоўны вынік.
Давайце ўспомнім пераможны шлях беларускіх гімнастак на Універсіядзе. «Золата» ў практыкаванні з булавамі бярэ Аліна Гарнасько. Гэта была ўпэўненая перамога з вынікам 29,550 бала, якая дазволіла апярэдзіць найбліжэйшую саперніцу амаль на 1,5 ачка.
«Серабро» ў праграме з мячом зноў у нашай гімнасткі: усяго пяць сотых бала аддзялілі Аліну і пераможцу ў гэтым відзе Маргарыту Коласаў з Германіі. Яшчэ адзін сярэбраны медаль, за выступленне са стужкай, — таксама наш.
Беларусь папоўніла скарбонку ўзнагарод пятым медалём дзякую-
чы Анастасіі Салас, якая заваявала «бронзу» ў праграме з булавамі і паказала 5-ы вынік у практыкаванні са стужкай.
Здавалася б, пасля ўсіх выпрабаванняў, нагрузак, стрэсу дзяўчатам адпачываць і адпачываць. Але, як кажуць, — адпачынак ім толькі сніцца: ужо ў пятніцу, 25 ліпеня, стартуе буйны міжнародны турнір «Хрустальная Ружа — Гран-Пры Хелена Валеры», дзе Аліна і Насця зноў бліснуць сваім майстэрствам.