Top.Mail.Ru




0

Як зрабіць, каб дадатковыя даходы хоць бы часткова назапашваліся, а не выплюхваліся на спажывецкі рынак?

28.07.2025 | 19:38

Нацыянальны банк і Урад паставілі для сябе стратэгічны арыенцір: актывізаваць інвестыцыйны цыкл, за кошт мадэрнізацыі павышаць прадукцыйнасць працы, нарошчваць вытворчасць і, адпаведна, павялічваць прапанову. Зыходзячы са стратэгіі эканомікі прапановы Нацыянальны банк і праводзіць сваю палітыку, у тым ліку павысіў стаўку рэфінансавання на 0,25 працэнтнага пункта.



Уласна кажучы, такія дзеянні Нацыянальнага банка не былі безальтэрнатыўнымі, але цалкам прадказальнымі. Кіраўнікі рэгулятара вясной агучвалі сваю прынцыповую пазіцыю па арыентаванні банкаўскага сектара на інвестыцыйнае крэдытаванне, адначасова змяншаючы дынаміку выдачы спажывецкіх крэдытаў. Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва за пяць месяцаў гэтага года павялічыліся на 10,5 %, рэальная заработная плата — на 11,4 %.

Павышэнне дабрабыту насельніцтва — адна са стратэгічных мэт дзяржавы, прапісаная ў сістэмных дакументах. У павышэнні заробкаў няма праблемы як такой. Наадварот, гэта неабходна рабіць, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускіх вакансій на рэгіянальным узроўні, тым самым знізіўшы працоўную міграцыю. Але складанасць узнікае, калі дадатковыя даходы ў поўнай меры выходзяць на спажывецкі рынак. Больш за тое, заробкі, якія растуць, павышаюць не толькі пакупніцкі патэнцыял, але і крэдытаздольнасць грамадзян. І ў банкаў з’яўляецца больш магчымасцяў выдаваць крэдыты. Прычым у немалой ступені пазыковыя рэсурсы стымулююць спажыванне замежных тавараў. Гэта стварае і інфляцыйныя перадумовы, і ў больш доўгатэрміновым перыядзе можа адбіцца на курсе нацыянальнай валюты.

У экспертным асяроддзі ёсць меркаванне, што наш рэгулятар дзейнічае недастаткова рашуча, павысіўшы стаўку рэфінансавання на нязначныя 0,25 працэнтнага пункта. У іншых дзяржавах рэгулятары на інфляцыю рэагуюць больш жорстка, паднімаючы ключавую стаўку часам кратна. Сапраўды, такіх кейсаў хапае і ў мінулым, і ў сучаснасці. Але, па-першае, некарэктна нейкія дзеянні фінансавых улад спрабаваць рабіць універсальнымі. У рэшце рэшт, у кожнай дзяржаве свая структура эканомікі і фінансавага рынку. Адпаведна, і ідэнтычна дзейнічаць у падобных сітуацыях немэтазгодна. Па-другое, эфектыўнасць тых ці іншых мер можна ацаніць толькі па выніку — дасягненні пастаўленай мэты. Калі стаіць задача проста задушыць або папярэдзіць інфляцыю — гэта адна гісторыя. Можна ціснуць на кошт крэдытных рэсурсаў, астуджаць унутраны попыт — і рост цэн можа ўвайсці ў патрэбную каляіну. Іншае пытанне, ці будзе сябе добра адчуваць рэальны сектар пры дарагіх пазыках? Адпаведна, як гэта адаб’ецца на грамадзянах, якія атрымліваюць заработную плату ў гэтым самым рэальным сектары? Калі дзелавая актыўнасць разам з дабрабытам будзе зніжацца, то радасць ад нізкай дынамікі індэкса спажывецкіх цэн не вельмі і парадуе.

Тым больш што нярэдка рэзка павышаюць стаўку ў дзяржавах, у якіх ёсць значны прафіцыт у знешнім гандлі або таварамі (як правіла, за кошт сыравіннага складніка), або паслугамі (напрыклад фінансавымі — як у Штатах). Высокія стаўкі крыху душаць унутраную вытворчасць, але заўсёды ёсць магчымасць закрыць бягучыя патрэбы па лініі імпарту. Да таго ж пры істотным прафіцыце гэта не паўплывае на курс нацыянальнай валюты. У Беларусі адсутнічаюць высокія даходы ад прыроднай рэнты. Таму нарошчваць імпарт немэтазгодна з усіх бакоў. Акрамя таго, наша эканоміка вельмі экспартаарыентаваная. І высокія крэдытныя стаўкі могуць біць па нашых пастаўках на замежныя рынкі.

Таму Нацыянальны банк, у дакладным узаемадзеянні з Урадам, выкарыстоўвае шырокі спектр інструментаў кіравання. І разам са стаўкай рэфінансавання ўжываюцца іншыя меры макрапрудэнцыйнага характару. Ключавая ж мэта не зрабіць крэдыты таннейшымі або даражэйшымі, а дасягнуць аптымальнага балансу. Сутнасць палітыкі Нацыянальнага банка — стварэнне ўмоў для пераходу людзей да ашчаднасці. Прынамсі, каб хоць бы часткова дадатковыя даходы акумуляваліся ў зберажэннях і ў меншай ступені выплюхваліся на спажывецкі рынак. Пры гэтым банкі рэсурсную базу выкарыстоўвалі б, у першую чаргу, для інвестыцыйнага крэдытавання, а не спажывецкага. Гэта не значыць, што грамадзян трэба поўнасцю адсекчы ад пазыковых рэсурсаў. Аднак зрабіць гэтыя аб’ёмы больш прымальнымі з пункту гледжання ўстойлівасці ў доўгатэрміновым перыядзе. Таму Нацыянальны банк і ўстанавіў мэтавы паказчык: рост патрабаванняў банкаў да грамадзян не павінен павялічыцца больш як на 12 % па выніках года па крэдытах на спажывецкія патрэбы.

Фінансавае стымуляванне інвестыцыйнага цыкла павінна павысіць і прадукцыйнасць, і прапанову тавараў і паслуг. Мадэрнізацыя ж патрэбна не дзеля самамэты, а каб і даходы насельніцтва павышаць, і адпаведны рост аб’ёмаў вытворчасці забяспечыць, каб высокія заробкі не з’яўляліся праінфляцыйным фактарам з усімі негатыўнымі наступствамі. Насамрэч, такая задача патрабуе вельмі тонкіх наладак. Таму акуратныя дзеянні Нацыянальнага банка цалкам вытлумачальныя. Зноў жа, галоўнае — не працэс, а дасягненне пастаўленых мэт. Калі казаць пра інвестыцыі, то яны за шэсць месяцаў выраслі на 14 % ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Пры гэтым затраты на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў павялічыліся на 20,3 %. Важны паказчык з пункту гледжання індыкатара якаснага развіцця рэальнага сектара.

Інтэлект ШТУЧНЫ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю