Top.Mail.Ru

Жніво набірае тэмпы: дажджы стрымалі ўборку, але павысілі ўраджай яравых збожжавых культур

Тэмпы ўборкі збожжавых паскараюцца дзякуючы паляпшэнню ўмоў надвор’я, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.


«Тэмпы ўборкі цяпер дэманструюць свой рост дзякуючы паляпшэнню ўмоў надвор’я. За адзін дзень мы ўбралі практычна 3 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур плюс 6 % плошчаў рапсу. Гэта тыя тэмпы, якія нас задавальняюць на сёння. Вядома, мы павінны паскарацца. Літаральна на гэтым тыдні будзем падыходзіць да завяршэння ўборкі рапсу. Адпаведна, большасць камбайнаў будзе перакінута на ўборку збожжавых і зернебабовых і працэнт уборкі будзе павялічаны. За мінулы дзень намалацілі практычна чвэрць мільёна тон збожжа — гэта важкі паказчык, які характарызуе нашы тэмпы ўборкі. Мы крыху адстаем, бо летась уборка пачалася раней, чым у гэтым годзе. Аднак бачна, што сёлета ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых на парадак вышэйшая, чым летась», — сказаў Юрый Горлаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Аграрыі Беларусі намалацілі ўжо больш за 3 мільёны тон збожжа з улікам рапсу. «І гэта пры тым, што мы ўбралі толькі 30 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур, — адзначыў міністр. — Магчыма, умовы надвор’я будуць уносіць карэктывы ў нашы планы. Але дажджы нас абсалютна не палохаюць, бо ёсць іншыя культуры, якія сёння патрабуюць вільгаці».

Актуальная задача, якая стаіць перад аграрыямі, — своечасова не толькі ўбраць збожжа, але і ўпарадкаваць салому. «Мы загадзя настройвалі гаспадаркі на тое, каб салома не ляжала доўга ў полі, — акцэнтаваў увагу першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Сончык. — Гэта дасць магчымасць захаваць яе ў добрым стане і своечасова вызваліць палі пад азімую сяўбу».

А тым часам Віцебская вобласць пачала сеяць азімы рапс, паведаміў начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Віталь Вараб’ёў: «Насенне гэтай культуры лягло ў глебу на першых 100 гектарах. Наш рэгіён самы паўночны, гэту работу трэба правесці да 25 жніўня. Назапашаны ўсе рэсурсы для таго, каб укласціся ў тэрмін».

«Гэты тыдзень будзе вырашальны»

«У панядзелак Мінская вобласць пераадолела планку ў 500 тысяч тон намалочанага збожжа і 100 тысяч тон рапсу, гэта значыць, 602 тысячы тон намалочана на пачатак гэтага тыдня, — паведамляе першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў. — Работа працягваецца і прыносіць у цэлым станоўчыя эмоцыі». Ён дадаў, што сёлета ўраджайнасць азімай пшаніцы на палях Міншчыны склала амаль 90 цэнтнераў з гектара, а азімага ячменю — 48 цэнтнераў. Гэта прыкладна на 8 цэнтнераў з гектара больш у параўнанні з мінулым годам.

«У цэлым мы задаволены тэмпамі жніва. На жаль, нябесная канцылярыя піша свае законы, але нядзеля, напрыклад, вельмі парадавала: мы ўбралі амаль 20 тысяч гектараў і вельмі нядрэнна дадалі па рапсе. Сёння мы бачым рост яго ўраджайнасці. Зжалі 40 %, падыходзім ушчыльную да лічбы 30 цэнтнераў збожжа з гектара, як нам ставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Самыя лепшыя палі яшчэ наперадзе, уборка вядзецца. Дождж у панядзелак быў толькі ў Клецку, па ўсёй астатняй частцы тэрыторыі ў нас добрае надвор’е», — тлумачыць Васіль Сысоеў.

Ён нагадаў што камбайнер з ААТ «Кухчыцы» Павел Шуціла першым у краіне пераадолеў мяжу ў 4 тысячы тон намалочанага збожжа, а ўчора ўстанавіў абсалютны рэкорд намалоту за дзень на нашым айчынным камбайне GS2124 — звыш 500 тон. «Мы ўвайшлі практычна ў самую напружаную пару. Гэты тыдзень для Міншчыны будзе вырашальны, пасля мы выйдзем на завяршэнне ўборкі», — рэзюмаваў Васіль Сысоеў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

На Гомельшчыне ўбрана 45% збожжавых, зернебабовых культур і азімага рапсу

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю