Top.Mail.Ru

Дзверы амерыканскага рынку для большасці гандлёвых партнёраў зачыняюцца

У першы дзень жніўня Дональд Трамп падпісаў указ аб беспаваротным увядзенні імпартных пошлін для пастаўшчыкоў з 69 краін і Еўрапейскага саюза. Цяпер ім давядзецца плаціць ад 10 да 40 % тарыфнай пошліны. Зрэшты, у Белым доме не выключаюць працягу перагавораў па заключэнні гандлёвага пагаднення. Аднак праходзіць дыскусіі будуць на фоне амерыканскага пратэкцыянізму.


Заяўленая амерыканскім прэзідэнтам мэта гандлёвых бар’ераў зразумелая: абнуліць гандлёвы баланс ЗША, паколькі яго дэфіцыт даводзіцца пакрываць за кошт нарошчвання дзярждоўгу. Таксама Вашынгтон патэнцыяльна ці рэальна рыхтуецца да маштабнай канфрантацыі ў будучыні. Таму спрабуе разгарнуцца ў бок максімальнага эканамічнага суверэнітэту. Зразумела, што рэіндустрыялізацыя заклікана павысіць устойлівасць краіны. І каб даць вытворцам паветра на сваёй тэрыторыі, ажывіць індустрыяльныя інвестыцыі, Белы дом абараняе свой рынак. Але робіць гэта ён неяк вельмі дзіўна. Бо відавочна, што вырабляць усе тавары, неабходныя для ўнутранага спажывання, Штаты папросту не змогуць. Прынамсі, у бліжэйшыя гадоў 10–20. А за гэты час у крэсле прэзідэнта ўжо натуральна будзе сядзець не Дональд Трамп. І не факт, што прадстаўнік рэспубліканскай партыі, з падобнымі поглядамі.

Аднак гандлёвыя супярэчнасці з ключавымі партнёрамі ў Штатаў пачаліся не сёння і нават не ўчора. Прычына, прынамсі, на думку Злучаных Штатаў, з’яўлялася цалкам відавочнай і лагічна вытлумачальнай: некаторыя краіны, перш за ўсё Кітай, вырашылі зламаць стэрэатыпы глабальнай спецыялізацыі і зайшлі не на сваю тэрыторыю. Паднябесная ўзмужнела, здабыла тэхналагічны вопыт, нямала ўкладвае ў навуковыя і канструктарскія распрацоўкі — і паквапілася на святую святых амерыканскага бізнесу — высокатэхналагічную прадукцыю. Больш за тое, яшчэ і імкнулася прадаваць яе на амерыканскай тэрыторыі.

Першая гандлёвая вайна па лініі Пекін — Вашынгтон разгарэлася яшчэ ў першы прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа. Яго пераемнік на пасадзе Джо Байдэн не валодаў тэатральнай рыторыкай. У параўнанні з рэспубліканцам ён быў, хутчэй, маўклівым. Але накладзеныя на Кітай пошліны не зняў. Канкурэнцыя ўсімі спосабамі ў высокатэхналагічным сектары з’яўлялася кансэнсусам і рэспубліканцаў, і дэмакратаў, і, па вялікім рахунку, камерцыйнага лобі. Акрамя ўсяго іншага, камунікацыйнае абсталяванне з’яўляецца значным элементам нацыянальнай бяспекі. Таму ў гэтым сегменце саступаць Кітаю (зрэшты, і любой іншай краіне) амерыканцы не збіраліся.

Але зразумець логіку гандлёвых сутычак Дональда Трампа ў сучасным фармаце вельмі складана. Так, ёсць стратэгічныя галіны, у якіх Вашынгтон аддаў пальму першынства іншым дзяржавам. Вытворчасць чыпаў, суднабудаванне, некаторых важных сыравінных тавараў... Але цяпер жа амерыканскі прэзідэнт настроіўся на любы імпарт!

Скажыце мне на ласку, як эканамічнай бяспецы магутнай сусветнай дзяржавы мог перашкодзіць імпарт тэкстылю з Лясота?! Невялікай і вельмі беднай афрыканскай краіны, для якой лёгкая прамысловасць з’яўляецца карміцелькай. Ці шырспажыў з Бангладэш, В’етнама?

Так, у амерыканцаў ёсць свая магутная тэкстыльная прамысловасць. Аўтаматызаваная, інавацыйная. Яна выпускае вельмі класныя тканіны для розных галін. У тым ліку і для адзення, якое амерыканскія кампаніі адшываюць у вялікай колькасці і нават экспартуюць амаль на 30 мільярдаў у год. Гэта вельмі якасныя тавары, але і вельмі-вельмі дарагія — па кішэні няўзвычай забяспечаным грамадзянам, якімі ў ЗША з’яўляюцца далёка не ўсе.

Калі адрэзаць імпарт загараджальнымі пошлінамі, то застаецца адкрытым пытанне: ці павялічыць гэта аб’ёмы рэалізацыі амерыканскіх тавараў у тых маштабах, пра якія марыць Дональд Трамп? Бо праблема на экспартных рынках у амерыканцаў не ў якасці, а ў вялікім кошце. Несумненна, спусціцца з вышынь прэміум- да эканом-сегмента не з’яўляецца праблемай. Пры адной умове: калі ёсць у наяўнасці ўсе фактары вытворчасці (зямля, капітал і рабочая сіла).

Зямлі ў Штатах у прынцыпе хапае. Капітал таксама ёсць. А вось галоўны абмежавальнік амерыканскай эканомікі — наяўнасць працоўных рэсурсаў. Прама скажам, іх у Штатах няма. Беспрацоўе ёсць, а працоўных рэсурсаў — не. Па той банальнай прычыне, што фабрыкі і заводы не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў мясцовага насельніцтва. Ды і адпаведная кваліфікацыя патрэбна, якой далёка не ўсе валодаюць. Спадзяванні Дональда Трампа зразумелыя. У нейкай ступені нават могуць выклікаць павагу. Але ці ёсць у краіны адпаведныя магчымасці? Можна марыць адрадзіць напаўмёртвы Дэтройт, бо аўтамабільная прамысловасць перамясціла свае цэхі ў Мексіку і Канаду. Але не зразумела, хто гэта будзе рабіць? Не на кіруючых, а на працоўных пасадах. Так, з часам можна разгарнуць вектар амерыканскай эканомікі на ўнутраны рынак, правесці імпартазамяшчэнне і скараціць адмоўнае гандлёвае сальда. Але на гэта спатрэбяцца не некалькі месяцаў і нават гадоў, а дзесяцігоддзі. Што і паказаў прыклад з мікраэлектроннай індустрыяй. Так, на адраджэнне ўласнай вытворчасці мікрачыпаў накіроўваюцца велізарныя рэсурсы. Але раптам аказалася: каб перанесці вытворчасць назад з Паўднёва-Усходняй Азіі неабходна каля 50 тысяч профільных інжынераў. Вядома, іх можна навучыць. Але на гэта патрабуецца час. Таму грандыёзны праект па рэінкарнацыі мікраэлектронікі стартаваў у першы тэрмін Дональда Трампа, ініцыятыва працягвалася ў прэзідэнцтва Джо Байдэна і не знайшла свайго лагічнага завяршэння ў другі прыход рэспубліканца ў Белы дом.

2025-01-23T235237Z_1631120126_RC2VFCAOHZHB_RTRMADP_3_USA-TRUMP.jpg

Чым скончыцца амерыканскі знешнегандлёвы эксперымент, сказаць складана. Хоць бы па той прычыне, што занадта часта Дональд Трамп мяняе сваю пазіцыю па канкрэтыцы: якой краіне, калі і ў якіх аб’ёмах выпісаць пошліны. Але эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што пошліны ў любым сваім выглядзе на працягу некалькіх месяцаў трансфармуюцца ў інфляцыю. І за кошт падаражання імпарту не толькі гатовых тавараў, але і амерыканскіх — у выніку павышэння кошту сыравіны і камплектуючых. Гэта можа балюча адбіцца як на грамадзянах, так і на бізнесе і ўдарыць па вельмі важкай крыніцы даходу амерыканскай эканомікі — фондаваму рынку.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі сёлета ў маі на амерыканскія біржы прыплыло больш за 300 мільярдаў долараў з-за мяжы на чыстай аснове. А ў сярэднім гэты паказчык складае 200–250 мільярдаў долараў у месяц, або 2,5-3 трыльёна долараў у год. Ці захаваецца гэта плынь ва ўмовах гандлёвай вайны, якая разгараецца? Складанае пытанне. Бо дэфіцыт гандлёвага балансу даваў іншым краінам свабодныя доларавыя сродкі для інвеставання ў амерыканскія каштоўныя паперы. Цяпер гэтых грошай не будзе. І попыт на акцыі амерыканскіх кампаній не абрынецца, але можа вельмі значна сціснуцца, што прывядзе да не самых пазітыўных наступстваў для ўстойлівасці фінансавай сістэмы.

Словам, ёсць вялікія рызыкі ад імклівасці Дональда Трампа. Пакуль яна шакіравала не толькі замежных вытворцаў, але і мясцовых прадпрымальнікаў. Інвестыцыі ў Штатах знаходзяцца ў спячцы: бізнес чакае заканчэння эпапеі з пошлінамі. Трэба спачатку зразумець, якія яны будуць, каб прымаць нейкія адказныя рашэнні. Але пакуль кіраўнік Белага дома захоўвае інтрыгу. А гэта ў эканоміцы небяспечны занятак. Можна і да рэцэсіі дагуляцца.

Інтэлект ШТУЧНЫ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю