Год дажджлівы, але ўрадлівы
— Наша задача — сабраць зерневыя, без уліку кукурузы, бабовых, грэчкі і проса, на плошчы 28 тысяч гектараў,— адразу ж уводзіць у курс справы намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Андрэй Лапо. — Ужо сабралі амаль увесь азімы рапс, завершаны работы па ўборцы азімага ячменю, ураджайнасць якога склала 28 цэнтнераў з гектара. Працягваецца ўборка траў другога ўкосу. У цэлым, мы маем 18,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Травы сёлета добрыя, у раёне створана два атрады па корманарыхтоўцы. Бачым, што кукуруза можа быць горшая, чым у папярэднія гады, таму стаўку робім на сянаж.
У раёне функцыянуе дзевяць сельгаспрадпрыемстваў. З канца ліпеня дапамогу ва ўборцы ўраджаю тром з іх аказваюць ваенныя. Працуе 20 вайскоўцаў з розных воінскіх часцей і 13 машын ад Мінабароны, 10 з якіх — на адвозцы.
— Ваенныя штогод дапамагаюць нам, — удакладняе Андрэй Лапо. — Плошчы вялікія і ў перыяд уборкі не хапае тэхнікі на адвозцы. Сёлета ваенныя працуюць у селекцыйна-гібрыдным цэнтры «Віхра», ААТ «Мазалаўскае» і ААТ «Сож-Агра». Летась дапамагалі толькі «Віхры». Жывуць нашы памочнікі на базе вучылішча, забяспечваюцца трохразовым харчаваннем — сняданак у рэстаране, а абед і вячэра ў полі за кошт гаспадарак. Працаваць будуць да 1 верасня. Гэта вялікая дапамога.
Намеснік старшыні райвыканкама лічыць, што, маючы такую колькасць тэхнікі і людзей, раён з уборкай справіцца ў кароткі тэрмін з мінімальнымі стратамі.
— Год з аднаго боку добры, бо ўраджай таго ж азімага ячменю вышэй, з другога — вельмі дажджлівы, — рэзюмуе суразмоўнік. — Камбайны дзяжураць на палях, каб схапіць кожную пагодлівую хвіліну. Працуем, калі трэба, і вечарам, і ноччу — на надвор’е, на жаль, не паўплываеш. Пакуль ідзе дождж, выконваюцца іншыя работы, у асноўным рамонт тэхнікі.
Забяспечваем харчовую бяспеку
Пакуль ехалі да мехдвара ААТ «Сож-Агра», што ў вёсцы Падлужжа, старшы памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы вайсковай часці 54687 капітан Леанід Шчыгельскі, які падчас уборачнай займае пасаду намесніка камандзіра зводнага ўзвода па ідэалагічнай рабоце, расказвае пра мэты і задачы. Дарэчы, гэта ўжо другая яго ўборачная ў Мсціслаўскім раёне.
— Зводны ўзвод на базе нашай воінскай часці, а дакладна — восьмай брыгады радыяцыйнай хімічнай біяабароны, ствараецца ўжо другі год, — расказвае ён. — Сёлета іх было сфарміравана два. Адзін працуе ў Гомельскай вобласці, а наш тут, у Магілёўскай. Летась нас было 16 чалавек і 6 машын на адвозцы, зараз 20 і 10 адпаведна. Асноўная наша задача — вываз збожжа з палёў на зернетакі і збожжавыя комплексы. У дрэннае надвор’е займаемся абслугоўваннем тэхнікі.
Ва ўзвод увайшлі ваеннаслужачыя 9 воінскіх часцей, уключаючы восьмую брыгаду, дзе ён быў сфарміраваны.
У асноўным хлопцы прымаюць удзел ва ўборачнай кампаніі ўпершыню, тры з іх — байцы тэрміновай службы і 14 кантрактнікаў.
— Адбор праводзіўся з улікам вопыту ваджэння грузавой тэхнікі, умення рабіць гэта ў складаных умовах, — удакладняе капітан. — Выбіралі тых, хто можа хутка і якасна адрамантаваць машыну і прывесці яе ў баявы стан для выканання задач. Улічваліся таксама маральна-дзелавыя якасці. Усе разумеюць, што работа ў полі — не мёд, калі трэба, прыйдзецца працаваць ад цямна да цямна. Задача адказная: вывезці збожжа з палёў, захаваць хлеб.
Карысны вопыт
Вайскоўцы на жніве, з якімі атрымалася пазнаёміцца, — усе кіроўцы. Кожны з іх прыехаў сюды на грузавой машыне. Радавы вайсковай часці 97061 Іван Губей— вадзіцель 48 асобнага батальёна РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы) — пераадолеў на шляху ад Брэста, дзе дыслацыруецца часць, да Мсціслаўскага раёна ўсяго 700 кіламетраў. Гэта не першы яго такі вялікі марш-кідок. За амаль год службы ў часці ён ужо «наматаў» 10 тысяч кіламетраў. У армію прыйшоў пасля заканчэння Маларыцкага аграрнага каледжа. Разам з запатрабаванымі спецыяльнасцямі — зваршчык, слесар — атрымаў там і пасведчанне кіроўцы. Ужо ў арміі навучыўся кіраваць МАЗам.
— Работа ў сельскай гаспадарцы знаёмая, але на МАЗе — гэта для мяне новы вопыт, — прызнаецца хлопец. — Тым не менш пад’ехаць да камбайна не праблема. Мая справа загрузіць збожжа і завезці куды трэба.
Дарэчы, Іван згадаў, як некалькі гадоў назад падчас школьных канікул паспеў папрацаваць у адной з гаспадарак Маларыцкага раёна, адкуль ён родам, на зернетаку. А на першую зарплату купіў сабе матацыкл.
Радавы воінскай часці 14103 108-га асобнага палка матзабеспячэння Яўген Ганчар прыбыў з Навагрудка. Ён таксама паспеў атрымаць правы падчас вучобы ў Навагрудскім дзяржаўным каледжы. Па адукацыі — вадзіцель, зваршчык, кранаўшчык.
— Для мяне ў сельскай рабоце няма нічога новага, — прызнаецца суразмоўнік. — Да арміі паспеў папрацаваць і кіроўцам, і памочнікам на камбайне. Сёлета працаваць у полі перашкаджае дождж. Калі сонечна, і работа весялей рухаецца. Вечарам сіл хапае яшчэ і па Мсціславе пагуляць. Утульны гарадок, старадаўні.
Павел Гардзей прадстаўляе 36-ю дарожна-маставую брыгаду вайсковай часці з Жодзіна.
— На службу прыйшоў, маючы катэгорыю В, ужо ў арміі атрымаў катэгорыю С, — расказвае ён пра сябе. — Скончыў Жодзінскі політэхнічны каледж, завочна вучуся ў БНТУ на інжынера-механіка. Вельмі падабаюцца машыны, сваё далейшае жыццё збіраюся звязаць менавіта з імі. Хацеў бы працаваць на БелАЗе.
Хлопцы са сваімі грузавікамі не толькі збожжа адвозяць. Дажджамі размыла поле, і адзін з камбайнаў захрас на бездарожжы. Прыйшлося ратаваць яго ваеннымі машынамі.
— Добры вопыт для маладога ваеннаслужачага, — усміхаецца Павел. — Рухаліся па палях, вялікіх лужынах. Наша тэхніка праходная, але былі месцы, дзе і яна буксавала. Наогул, быць кіроўцам у арміі вельмі добра. Набываеш веды, якія абавязкова спатрэбяцца ў далейшым. Для мужчыны вельмі карысна ўмець рамантаваць тэхніку, разбірацца ў ёй. Гэта першая мая ўборачная, але мне тут усё падабаецца. Я чалавек дапытлівы, цяпер буду ведаць, што такое сельская гаспадарка... Цікава вячэраць у полі, гэта не тое, што ў салдацкай сталовай, ствараецца асобны вайб. Калі папрацаваў, і ежа здаецца больш смачнай.
Вайскоўцы прызнаюцца, што ў гаспадарцы іх вельмі гасцінна прынялі. Людзі добрыя, заўсёды гатовыя дапамагчы. І па рамонце таксама нешта падкажуць. А задача збіраць хлеб — не менш высакародная, чым абараняць Радзіму. Гэта ж таксама бяспека краіны — харчовая.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА
У тэму
На пачатак уборачнай кампаніі ў Мсціслаўскім раёне налічвалася 79 зернеўборачных камбайнаў, плюс — дадаткова атрыманыя напярэдадні ўборкі па лініі Магілёўскага аблвыканкама 6 камбайнаў. Акрамя гэтага кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс» перадала раёну чатыры новыя камбайны. Для работы на іх былі абучаны маладыя хлопцы з МНС. Сёння на гэтых камбайнах працуе 4 экіпажы ратавальнікаў з розных раёнаў Магілёўскай вобласці.