Сто добрых спраў
Сяргей Фядосаў — чалавек творчы — педагог, мастак, я б дадала яшчэ, — тонкі псіхолаг. Добра адчувае настрой жыхароў, унікае ў іх патрэбы, натхняе на супрацоўніцтва. Пяць гадоў прапрацаваў дырэктарам Капачоўскай сярэдняй школы, потым настаўнічаў у Ходасах, зараз зноў працуе ў Капачах, але ўжо ў якасці кіраўніка сельсавета. А калі будзеце ў храме ў Мазалава і ў царкве ў гонар Сілуана Афонскага ў Мсціславе, звярніце ўвагу на іканастасы — гэта работа Сяргея Аляксандравіча і яго бацькі Аляксандра Уладзіміравіча.
Капачоўскі сельсавет, якім кіруе мастак, адзін з самых вялікіх па плошчы ў Мсціслаўскім раёне — 25 тысяч гектараў. Народу, на жаль, не вельмі шмат. У 26 населеных пунктах жыве ўсяго 1664 чалавекі. Але добрых спраў з іх удзелам зроблена нямала.
На ўскрайку аграгарадка Капачы па суседстве з пшанічным полем ёсць невялічкая крыніца, якую неабыякавыя людзі вярнулі да жыцця.
— Яшчэ ў савецкі час тут было пастаўлена кола, каб крынічка не згубілася, — расказвае суразмоўнік. — Мой папярэднік Аляксандр Пракопаў прапанаваў жыхарам акультурыць месца, і яны падтрымалі ідэю. Тутэйшы святар перадаў купал для святога калодзежа, жыхары паставілі яшчэ адно кола, абклалі крынічку камянямі, якія прывезлі з Мсціслава, добраўпарадкавалі пляцоўку. Хто на трактары працаваў, хто кладку рабіў, хто смецце прыбіраў, хто кветкі саджаў — шчыравалі дружна і з настроем.
Летась сельсавет устанавіў тут лаўкі, у бліжэйшых планах зрабіць прыгожую ўваходную групу і альтанку са спілаваных для гэтага аварыйных ліп, аформіць пад’язныя шляхі.
Непадалёк ад крыніцы маляўнічае возера. Кажуць, што яно з характарам. Можна цэлы дзень прасядзець і нічога не злавіць, а можна прыйсці і адразу ж выцягнуць 15-кілаграмовага карпа. Народ прыязджае з палаткамі, каб правесці тут некалькі дзён. Адсюль бачны вятрак — самы буйны ў СНД, дарэчы. Адным словам, уразіцца тут ёсць чым.
Наступны наш прыпынак — ускраек вёскі Залессе. Каля дарогі стаіць гранітны помнік з назвай населенага пункта.
— Патэлефанавалі неяк з Мікашэвіч Брэсцкай вобласці і паведамілі, што жыхары Залесся хацелі б устанавіць памятны знак у гонар заснавання сваёй вёскі, — расказвае суразмоўнік пра паходжанне манумента. — Папрасілі дапамогу ў падрыхтоўцы асновы для помніка. Мы са спецыялістам прыехалі, камянёў прывезлі, зрабілі падмурак і напярэдадні дня вёскі знак быў устаноўлены. Жыхароў у Залессі мала, але на свята прыехалі нават тыя, хто даўно тут ужо не быў. Мы ад сельсавета арганізавалі культурную праграму, было весела.
За помнікам стаяць дзве лаўкі, а на слупе вісіць расклад руху аўтакрамы — гэта таксама сумесная ініцыятыва. Сёлета сельсавет паводле пажаданняў жыхароў зробіць яшчэ і навес, каб людзям было яшчэ больш камфортна.
У аграгарадку Капачы наогул ёсць некалькі месцаў, дзе шчыруюць мясцовыя актывісты.
У адным з двароў — шматфункцыянальная дзіцячая пляцоўка. Набытая яна за бюджэтныя грошы, але агароджу, акультурванне тэрыторыі рабілі працаўнікі сельсавета і жыхары.
Яшчэ адна цікавая лакацыя — зялёная зона паміж Капачоўскім сельсаветам і Домам культуры. Апошнім часам тут прарэдзілі дрэвы, зрабілі нешта накшталт амфітэатра, аформілі дэкаратыўныя клумбы — стала вельмі прыгожа. Плануецца яшчэ ўстанавіць альтанкі і стэлу, на якую будзе нанесена назва будучага парку — сельсавет запусціў адпаведны чэлендж сярод насельніцтва на найлепшае найменне для тэрыторыі.
У Капачах храма няма, але месца, дзе можна пасвяціць кулічы на Вялікдзень, адзначыць іншыя рэлігійныя святы, ёсць. Гэта паклонны крыж — ён апошнім часам быў закінуты. Сёлета сельсавет і Царква правялі з жыхарамі сход і вырашылі рэанімаваць святыню. Прывезлі пясок, паднялі крыж, зрабілі бардзюры. Зараз ідзе збор сродкаў, каб абкласці пляцоўку пліткай і паставіць лаўкі.
Генератары ідэй
Капачоўскі КТГС — гэта дзевяць ініцыятыўных людзей, кожны з якіх адказвае за свой кірунак. Сёлета КТГС ужо двойчы праводзіў сходы, падсумоўваў вынікі сваёй работы, аналізаваў рэалізацыю ініцыятыў. Да красавіка гэтага года дзейнасць камітэта распаўсюджвалася на Капачы, цяпер — на ўвесь сельсавет.
— Назіраючы за тым, як мы працуем па Капачах, жыхары вёсак Лютня, Басценавічы таксама пажадалі нешта карыснае ў сябе зрабіць, — кажа старшыня сельсавета. — Напрыклад, у Лютні пачалі збор сродкаў для дзіцячай пляцоўкі. Старшыня Мсціслаўскага райсавета і дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Алена Клеянкова іх пачынанні падтрымала. А гэта значыць, што гульнявая пляцоўка будзе стварацца на ўмовах суфінансавання.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва Сяргея ФЯДОСАВА