«Ідзём на рэкорд»
СВК «Бераснеўскі» — філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Бабруйскаграмаш», вядучага вытворцы прычапной сельгастэхнікі ў СНД. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, а таксама вырошчванні збожжавых і травяных культур.
На раніцу 12 жніўня тут было ўбрана ўжо 89 % пасяўных плошчаў — 1258 гектараў.
З дырэктарам гаспадаркі Аляксеем Арцемчыкам знаёмімся на калгасным полі каля вёскі Ала, дзе паскоранымі тэмпамі ўбіраецца жыта.
— Леташні рэкорд — дзве тысячы — мы ўжо пабілі, ідзём на новы, — падзяліўся ён радаснай навіной. — У мінулым годзе на пачатак жніўня ўсё было ўбрана. Сёлета з-за няўстойлівага надвор’я тэрміны ссунуліся на два тыдні.
Ва ўборцы задзейнічаны пяць камбайнаў. На адвозцы працуюць тры грузавікі ад гаспадаркі, адзін «бабруйскаграмашаўскі» і яшчэ адзін з мясцовай аўтабазы.
— Пачатак уборачнай крыху буксаваў з-за дажджоў, лавілі кожную хвіліну, — кажа кіраўнік. — Калі ішоў дождж, пераключаліся на іншыя работы, займаліся нарыхтоўкай кармоў. Апошні тыдзень надвор’е спрыяе і ўборачная ідзе хуткімі тэмпамі. Планёрка з механізатарамі а сёмай гадзіне раніцы і да позняга вечара — работа ў полі. Пакуль зерне сухое, спяшаемся.
Тутэйшыя аграрыі радуюцца сёлетняму ўраджаю. Землі пясчаныя, дасягнуць высокіх паказчыкаў цяжка, але ў гэтым годзе назіраецца істотны рост.
— Той жа рапс урадзіў 25 ц/га ў параўнанні з леташнімі 15 ц/га, — удакладняе намеснік дырэктара Сяргей Ласенка. — Эксперыментуем, укараняем новыя тэхналогіі і культуры. Летась у жніўні шмат кармоў нарыхтавалі. Толькі нядаўна скончыліся. А сёлета яшчэ больш назапасілі — ужо 6,6 тысячы тон, на карову 11,6 кармавой адзінкі.
Спецыяліст адзначае, што апошнім часам расце не толькі ўраджайнасць, але і валавы паказчык малака.
— Летась мы яго паднялі да 130 %, — кажа ён. — Сёлета спадзяёмся яшчэ падрасці.
Дойнага статку ў нас 679 галоў, а ўсяго — 2368. Мяса і малако ідуць на перапрацоўку. Расцём за кошт паляпшэння рацыёну жывёл — заказваем камбікармы са Слуцка, купляем на пастаяннай аснове прэміксы, макуху і шрот. Адсочваем, каб у хлявах было чыста.
База для выпрабавання навінак
У гаспадарцы працуе выключна айчынная тэхніка. І шмат чаго «бабруйскаграмашаўскай» вытворчасці — культыватары, сеялкі, прэсы. Прадпрыемства выкарыстоўвае падшэфную гаспадарку ў якасці выпрабавальніка сваёй прадукцыі. Тут праходзілі абкатку новы раскідвальнік мінеральных угнаенняў, апырсквальнік, перагрузчык збожжа на 20 тон. Перавагі апошняга ў тым, што загрузка займае 2-3 хвіліны замест ранейшых 30.
— Нядаўна абкатвалі прэс-падборшчык для ўборкі саломы ў рулоны — новае дзецішча прадпрыемства, — расказвае Аляксей Арцемчык. — Іспыты прайшлі паспяхова, нам ён спадабаўся. Вытворца пакінуў яго нашай гаспадарцы. Пакуль у краіне такі прэс першы. Хутка пачнецца яго серыйная вытворчасць.
Прадпрыемства дапамагае не толькі тэхнікай, але і з уборачнай. У ёй задзейнічаны МАЗ і трактар 1221 «Бабруйскаграмаша» разам з іх пастаяннымі кіроўцамі.
— І гэтым не абмяжоўваюцца, — удакладняе Аляксей Арцемчык. — Сіламі «Бабруйскаграмаша» і за яго кошт будуецца дапаможнае памяшканне на 300 галоў БРЖ. Прадпрыемства на чале з яго кіраўніком Алегам Корсакам клапоціцца і пра ідэалагічны складнік — адзначае найлепшых работнікаў, арганізоўвае культмасавыя мерапрыемствы. Нядаўна яго прафсаюз ушаноўваў работнікаў, задзейнічаных на жніве. Наша інжынерная служба спрацавала добра, усе пяць экіпажаў ідуць роўна, нага ў нагу.
Улетку гаспадарцы дапамагае не толькі прадпрыемства, але і мясцовыя школьнікі. Нядаўна на збожжатаку працавалі хлопцы і дзяўчаты з Кіраўска. Цяпер задзейнічаны 10 чалавек з баравіцкай школы.
Не паеў, адкуль сіла?
У гэты дзень мне ўдалося пабыць яшчэ і на абедзе ў полі. Кухняй хлебаробаў забяспечвае двойчы на дзень рэстаран «Сузор’е» Кіраўскай райспажыўкааперацыі.
— Кожны дзень меню рознае, — падзялілася работніца СВК Марына Скрыпунова. — Сёння боршч, заўтра расольнік, паслязаўтра свежая капуста, суп гарохавы. У рацыёне калгаснікаў — мяса, агародніна, крупы, макарона, вітамінныя напоі. Порцыі вялікія, нават дабаўкі не трэба.
Да «палявой кухні» пад’язджае сельскагаспадарчая тэхніка — механізатары, кіроўцы, ратавальнікі — усе, ад каго залежыць бесперапынны рытм работы. Прыпынак на пяць хвілін — і зноў за работу. Інфармацыю бяру літаральна на хаду.
Для Аляксандра Жудро гэта першая ўборачная ў якасці механізатара.
— Нязвыкла крыху, — прызнаецца суразмоўнік. — У гэтай гаспадарцы ўжо тры гады, але працаваў кіроўцам, трактарыстам. У механізатара іншыя задачы. Звяртаю ўвагу на тое, каб не было страт, сачу за кручэннем барабана, зазорамі, хуткасцю матавіла, каб не збівала збожжа. Сёлетні ўраджай выдатны. Працуем да васьмі-дзевяці вечара. А назаўтра а сёмай раніцы зноў на рабоце.
І ў суботу-нядзелю таксама працуем. Сіл трэба шмат, але мне падабаецца. Адчуваю сябе на сваім месцы.
Памочнік камбайнера Сяргей Пірожнік выказваецца выразна: «Няма калі стаяць. Краіна хлеб чакае. Ураджай сёлетні — прыгажосць, шнэк вёдрамі сыпле. Мая задача, каб камбайнера нічога ад справы не адцягвала. Збожжа ў бункеры раўняю, дапамагаю тэхніцы адчапіцца, прычапіцца, падрамантаваць нешта».
Самаму маладому механізатару СВК Ягору Калабухіну 19 гадоў. Працуе пасля заканчэння Жыліцкага каледжа. Гэта першая яго самастойная ўборачная.
— Мне не цяжка працаваць, — бадзёра кажа хлопец. — Цікава. Пасля практыкі вырашыў застацца менавіта ў гэтай гаспадарцы. Мне тут усё падабаецца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Кіраўскі раён