Інтэлектуальнае спаборніцтва IESO праходзіла з 8 па 16 жніўня ў Кітаі. Падрыхтоўка беларускіх школьнікаў да міжнародных спаборніцтваў праводзілася на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі (ФГіГ) БДУ. Кіраўнікамі нацыянальнай зборнай выступілі першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч і дэкан ФГіГ Алена Кальмакова.
Міжнародны турнір складаўся з групавога і індывідуальнага этапаў. Адметнасць каманднага тура -- удзел юных географаў у складзе інтэрнацыянальных зборных. Удзельнікі ў палявых умовах вывучалі прапанаваную тэрыторыю, адбіралі ўзоры горных парод, глеб, паверхневых і падземных вод, у лабараторных умовах праводзілі геафізічныя і геахімічныя даследаванні, іх камп’ютарную апрацоўку, матэматычнае мадэляванне і абаранялі атрыманыя вынікі ў фармаце постараў (ESP) і прэзентацый (ITFI).
Па выніках каманднага выступлення ў намінацыі ESP «золата» заваяваў выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аляксандр Шаўкоўскі ў складзе зборнай школьнікаў з Германіі, Паўднёвай Карэі, Нарвегіі, Тайланда і Казахстана. Гэтая каманда таксама ўдастоена «бронзы» конкурсу навуковых даследаванняў ITFI. Акрамя таго, у гэтай катэгорыі залатой узнагародай адзначаны выпускнік гімназіі № 2 г. Брэста Мікалай Місіюк і навучэнцы з Тайваня, ЗША, Францыі, Індыі і Інданезіі. Два «срэбры» ўзялі выпускніца гімназіі № 1 ім. Абаронцаў Брэсцкай крэпасці г. Брэста Лізавета Цаўко разам са школьнікамі з ЗША, Германіі, Аўстрыі, Індыі і Тайланда. «Бронзу» ў конкурсе ITFI заваяваў выпускнік сталічнай сярэдняй школы № 118 імя К. К. Ракасоўскага Аляксей Клімко ў складзе зборнай школьнікаў з Макаа (КНР), Германіі, Казахстана, Фінляндыі і Тайланда.
Індывідуальны тур складаўся з тэарэтычных і практычных заданняў на англійскай мове. Яны ўключалі пытанні ў галіне геалогіі, палеагеаграфіі, кліматалогіі, гідралогіі, геахіміі, геафізіцы, акіянаграфіі і астраноміі. Таксама ў палявых умовах удзельнікі выконвалі заданні ў гарах мезазойскага ўзросту ў некалькіх лакацыях правінцыі Шаньдун. Яны вызначалі мінералы, горныя пароды і закамянеласці (рэшткі старажытных раслін і жывёл), вылучалі здагадкі аб паходжанні і гісторыі развіцця горных сістэм. Па выніках індывідуальнага тура «срэбра» прынёс Мікалай Місіюк. Бронзавымі медалямі ўзнагароджаны Аляксей Клімко і Лізавета Цаўко. Усяго ўдзельнікамі IESO-2025 сталі каля 130 школьнікаў з 31 краіны. Адзначым, усе беларускія ўдзельнікі міжнароднай алімпіяды сталі першакурснікамі БДУ, трое з іх паступілі на ФГіГ ВНУ.