Top.Mail.Ru

Ці такая страшная інфляцыя як яе малююць?

І якой яна павінна быць? Адназначнага адказу і няма...

Прынамсі, у навуковай літаратуры, а не ў публіцыстыцы. Інфляцыя не бывае дрэннай і добрай. Яна можа быць прымальнай ці не. Прычым дапушчальнасць значэння існуе не сама па сабе, а ў цеснай сувязі з іншымі макраэканамічнымі паказчыкамі. І, самае галоўнае, зыходзячы з пастаўленых сацыяльна-эканамічных мэт. Ключавая функцыя эканомікі — стварэнне матэрыяльных выгод і іх размеркаванне. У выпадку Беларусі — павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян і іх якасці жыцця. З пункту гледжання дасягненняў гэтых мэт і трэба разглядаць макраэканамічныя паказчыкі. І інфляцыя таму не выключэнне. Сёлета яна ў нас велікаватая — не будзем хітраваць. Па выніках ліпеня — 7,4 працэнта ў гадавым выражэнні. Несумненна, магло б быць і лепш. Але ў цэлым эканоміка выконвае сваю ключавую мэту: нават на фоне росту цэн узровень жыцця беларусаў павялічваецца: растуць і сярэднія наяўныя даходы, і рэальная заработная плата, і рознічны тавараабарот, які з’яўляецца адлюстраваннем пакупніцкай здольнасці грамадзян.

Ніводная краіна ў свеце не жыве ў поўнай ізаляцыі і не залежыць ад знешніх фактараў. Асабліва пасля некалькіх дзесяцігоддзяў глабалізацыі, калі выстройваліся доўгія ланцужкі міжнароднага ўзаемадзеяння. Нават такія буйныя і тэарэтычна самадастатковыя эканомікі як ЗША, ЕС, КНР вельмі сур’ёзна залежаць ад знешняй 

кан’юнктуры. Тым больш, да яе схільная адкрытая эканоміка сярэдніх памераў, а менавіта такой беларуская і з’яўляецца. Яе сціплыя памеры адносна глабальнага ВУП у сто трыльёнаў не дазваляюць ісці напралом, як Вашынгтону ў пытаннях пошлін і гандлёвых здзелак. Але ў нас ёсць перавага: гнуткасць і манеўранасць, каб праслізнуць паміж вялікімі караблямі і высокімі хвалямі, і лавіруючы, ісці да сваёй вызначанай мэты. Магчыма, не прамым шляхам, але прытрымліваючыся асноўнага курсу. І ў гэтым выпадку інфляцыя — ускосны ветразь. Яна не толькі з’яўляецца індыкатарам, але і інструментам кіравання эканомікай.

Мы, спажыўцы, толькі фіксуем рост або зніжэнне (такое таксама бывае) коштаў. Але гэта — факт. А ёсць яшчэ вялікая і складаная падводная частка, у якой хаваюцца прычыны інфляцыі. Яны бываюць розныя. Самы разрэкламаваны сярод шырокай публікі — манетарны фактар: калі ў эканоміку ўпырскваецца па тым ці іншым канале занадта шмат грошай, якія не забяспечаны прапановай. Гэты фактар ярка сябе праявіў падчас празмерна мяккай грашова-крэдытнай палітыкі ў ЗША, ЕС і шэрагу іншых краін, калі пандэмію «залівалі» эмісійнымі грашыма, якія яшчэ называюць верталётнымі. Але гэта не беларускі выпадак. Грашовая маса ў краіне расце практычна ў планавых параметрах. А яна як раз і прагназавалася, зыходзячы з балансу грошай у эканоміцы і забяспечанасці іх таварамі.

Адкуль жа наша інфляцыя? Яна можа быць не толькі ўласнай, але і экспартаванай. На жаль, у нашага ключавога гандлёвага партнёра Расіі цэны растуць досыць дынамічна. І разам з іх таварамі, якіх дастаткова шмат на нашым спажывецкім рынку, а таксама сыравінай і іншай прадукцыяй (якія нашы прадпрыемствы выкарыстоўваюць у вытворчасці), расійская інфляцыя імпартуецца да нас. А на адпускныя кошты замежных вытворцаў нашы ўлады ніяк паўплываць не могуць.

Дакладней — могуць, паклаўшы руку на сэрца, умацаваўшы курс беларускага рубля. І імпарт стане танней. Быццам бы і некаторыя магчымасці для гэтага ёсць: у апошнія месяцы Нацыянальны банк закупляе на біржы валюту, папаўняючы золатавалютныя рэзервы. Яны дасягнулі рэкордных памераў — каля 12 мільярдаў долараў, нашмат перавыканаўшы гадавы план. Тэарэтычна, Нацыянальны банк мог сысці з валютнага рынку, замежная валюта б патаннела, адпаведна, і кошты ў беларускіх рублях у нашых крамах знізіліся б. І імпарт інфляцыі нівеліраваўся б курсавой палітыкай. Але гэта — тэарэтычна. На практыцы не ўсё так проста.

Умацаванне рубля робіць больш танным імпарт, цісне ўніз на кошты — гэта плюс. Але эканоміка — гэта не толькі спажывецкі рынак. Дарагі беларускі рубель робіць нашы тавары даражэйшымі на экспартных рынках — а гэта ўжо велізарны мінус. Па-першае, страта цэнавай канкурэнтаздольнасці на знешніх контурах б’е па прытоку замежнай валюты. А гэта рана ці позна — у залежнасці ад некаторых абставінаў, вельмі балюча ўдарыць па рублю з пункту гледжання ўжо яго паслаблення. Наогул курсавыя скокі, рэзкія і глыбокія, — бяда для эканомікі, збіваюць ўвесь рытм планавання і прагматыку ў вытворчай палітыцы. І шматлікія апытанні топ-менеджараў адлюстроўваюць меркаванне рынку: самы аптымальны курс — стабільны з прагназуемым адхіленнем у той ці іншы бок у рамках зразумелага калідора. І Нацыянальны банк, захоўваючы рынкавы прынцып валютнага рынку, стратэгічна заснаваны на попыце і прапанове, тым не менш, нівеліруе рэзкія рухі ў моманце, якія радасць прыносяць толькі прыхільнікам спекулятыўных здзелак.

Зніжэнне экспартнага патэнцыялу — гэта не толькі ціск у будучыні на курс нацыянальнай валюты. Гэта яшчэ і пытанне аб’ёмаў вытворчасці, загружанасці магутнасцяў — важны паказчык, які ўплывае на прадукцыйнасць працы і, адпаведна, заработную плату. А кажучы іншымі словамі — пакупніцкую здольнасць насельніцтва. Акрамя таго, зніжэнне дзелавой актыўнасці адмоўна ўплывае на плацяжы ў бюджэт. Праблемы казны, у сваю чаргу, выключаюць магчымасці павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. А таксама сціскваецца ўнутраны попыт, бо запавольваецца будаўніцтва інфраструктурных аб’ектаў, памяншаюцца аб’ёмы дзяржаўных закупак: для рэальнага сектара гэта — прыбытак. Так, кошты могуць нават зніжацца, але ці будзе ў людзей даход, каб захоўваць спажывецкую плацежа-здольнасць?! Тэхнічна за кошт манетарных інструментаў можна заціснуць інфляцыю да нулявой адзнакі. Пытанне ў іншым: ці выжыве вытворчасць пры такіх умовах? І якія сродкі будуць у кашальках людзей.

Пагаджуся: інфляцыя раздражняе. Але, з другога боку, рэальная заработная плата і даходы насельніцтва ў цэлым растуць з дынамікай каля 

10 працэнтаў. Гэта — з улікам ужо інфляцыі. У намінальным значэнні гэты паказчык значна вышэй. Рознічны тавараабарот таксама дадае на 9 працэнтаў, што сведчыць пра рост пакупніцкай здольнасці. Павялічваюцца і дэпазіты — ёсць сродкі для зберажэнняў. Несумненна, трэба імкнуцца да ўзроўню інфляцыі ў 5 працэнтаў. Яна з’яўляецца аптымальнай для беларускай эканомікі. Але ўлічваючы мноства неспрыяльных знешніх фактараў і існуючы ўзровень можна лічыць калі не здавальняючым, то цалкам прымальным. Перш за ўсё з пункту гледжання дасягнення мэт нашай сацыяльна-эканамічнай палітыкі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю