Top.Mail.Ru

У Бабруйску рэалізавана нямала патрыятычных грамадзянскіх ініцыятыў

Бабруйск — горад ініцыятыўных людзей, яго жыхарам вельмі важна ўшанаваць памяць ганаровых грамадзян, напоўніць гарадскую прастору аб’ектамі ў гонар важных гістарычных падзей, стварыць умовы для культурнага адпачынку. І шмат чаго цікавага тут зроблена менавіта з удзелам народных выбраннікаў. 



Разам са старшынёй Бабруйскага гарсавета Ірынай Рынейскай пабывалі на некалькіх знакавых аб’ектах, якія з’явіліся сёлета. Бабруйчане не толькі прапануюць, яны прымаюць непасрэдны ўдзел у тым, каб зрабіць свой горад яшчэ лепшым.

IMG_20250808_095353.jpg

Нагода для гонару

Да 80-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі па ініцыятыве Бабруйскага гарсавета дэпутатаў і неабыякавых бабруйчан створаны альбом «Бабруйск — горад мужнасці і славы», дзе сабраная інфармацыя пра памятныя месцы горада, прысвечаныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут выкарыстаныя ў тым ліку архіўныя фота і выпіскі з архіўных дакументаў, вытрымкі з успамінаў сведак. Ёсць, напрыклад, рэдкі здымак парада ў Бабруйску перыяду 1945 года. Выданне суправаджаецца QR-кодамі, прывязкамі да геалакацыі, спасылкамі на адрасы, дзе можна знайсці карысную інфармацыю. Да пачатку новага навучальнага года выданне плануецца перадаць у школы, гімназіі і бібліятэкі населенага пункта.

10-1.jpg

— Грамадская ініцыятыва па стварэнні альбома была прафінансаваная Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, — расказвае Ірына Рынейская. — Выданне стане карысным дапаможнікам для нашых дзяцей у вывучэнні ваеннай гісторыі Бабруйска. У зборнік увайшла інфармацыя і пра некалькі грамадзянскіх ініцыятыў, што датычацца гэтага перыяду, і былі рэалізаваныя летась і сёлета. Напрыклад, пра памятны знак воінам-авіятарам, якія стрымлівалі націск ворага падчас абароны. Памятны знак ужо быў, але меў патрэбу ў абнаўленні. 

Яны вызвалялі Бабруйск

Мемарыял воінскім часцям, якія вызвалялі Бабруйск, знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, у скверы па вуліцы Сацыялістычнай. Першапачаткова ён быў пабудаваны ў 1965 годзе, не хапала сучаснага афармлення. Вакол памятнага месца знаходзіцца шмат сацыяльных аб’ектаў: насупраць — ЗАГС, з іншага боку — гімназія № 3.

10-2.jpg

— На помніку ўказаны назвы 20 воінскіх часцей, якія вызвалялі раённы цэнтр і якім Указам Галоўнакамандуючага прысвоена ганаровае найменне Бабруйскіх, — удакладняе Ірына Рынейская. — Абноўлены комплекс створаны з мэтай яшчэ раз падкрэсліць каштоўнасць вялікай Перамогі і ўнёсак савецкіх воінаў у яе. Перакананая, што гэта месца памяці створыць новыя традыцыі для маладога пакалення бабруйчан. Спадзяёмся, што для маладых пар, якія ўступаюць у шлюб, гэта стане яшчэ адным месцам для іх наведвання. Унёсак бабруйчан у стварэнне мемарыяла — болей як 6 тысяч рублёў.

Моладзь прапануе

Сёлета ў мікрараёне Маладзёжны на жылым будынку каля школы імя двойчы Героя Савецкага Саюза генерала Паўла Батава, які вызваляў горад, з’явіўся мурал з выявай вызваліцеля. Палкаводзец з вышыні шматпавярховіка глядзіць на навучальную ўстанову, якая носіць яго імя, і нібы натхняе сваім прыкладам навучэнцаў. Цікавую ініцыятыву бабруйскай моладзі фінансава падтрымала Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.

10-3.jpg

— У школе вучыцца парадку 2000 дзяцей, і яны ўжо з першага класа будуць ведаць у твар героя, які вызваляў горад і імя якога носіць не толькі школа, але і адна з нашых вуліц, — адзначае старшыня гарсавета. — У нас у горадзе штогод праводзіцца конкурс маладзёжных ініцыятыў «Маладзёжны погляд: бітва ідэй», пераможцы атрымліваюць права на рэалізацыю сваіх праектаў.

На месцы знаёмімся з Алінай Асецкай, адной з ініцыятараў стварэння гэтага арт-аб’екта. Яна член Маладзёжнага савета пры Бабруйскім гарсавеце. Калі рэалізоўвалася ідэя, Аліна была школьніцай, цяпер — студэнтка БДУ.

— Калі мы распрацоўвалі гэты праект, разумелі, што хочам зрабіць нешта большае, чым проста мастацкую выяву, — кажа дзяўчына. — Мы хацелі, каб гэты мурал стаў напамінам аб людзях, якія ўвасабляюць сабой мужнасць, стойкасць і адданасць Радзіме — адным з іх быў і застаецца для нас Павел Іванавіч Батаў, імя героя асацыіруецца з подзвігам, гістарычным вызваленнем паселішча.

Гэта не адзіная маладзёжная ідэя, якая рэалізаваная ў Бабруйску за кароткі час. Тутэйшая моладзь таксама зацікаўлена ў з’яўленні лакацый для прыемнага баўлення часу: так, у тэатральным скверы з’явілася незвычайная алея, уздоўж якой стаяць лаўкі ў выглядзе музычных інструментаў — ініцыятыва таксама была падтрымана Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, а з рэалізацыяй кампазіцыйнага рашэння дапамагла Фабрыка мастацкіх вырабаў.

10-4.jpg

— Такія ідэі трэба падтрымліваць, каб прыцягнуць моладзь для ўдзелу ў развіцці горада, — падсумоўвае вынікі нашай экскурсіі Ірына Рынейская. — Сёння мы ўжо абмяркоўваем тыя праекты, якія ўнясём на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Бабруйск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю