Top.Mail.Ru

У краіне на ўмовах інтэграванага навучання і выхавання займаецца больш за 70 % дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця

Інклюзія: роўныя магчымасці для ўсіх

Інклюзія ў адукацыі сёння замацавана як адзін з прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі. Ён вызначае роўны доступ да навучання для ўсіх — з улікам разнастайнасці асаблівых індывідуальных адукацыйных патрэб і індывідуальных магчымасцяў кожнага навучэнца: звычайнага, адоранага, таленавітага і таго, у каго ёсць індывідуальныя патрэбы, якія склаліся з-за пэўнай жыццёвай сітуацыі, стану здароўя і іншых абставін.

Гэта не інваліднасць

— У Беларусі налічваецца каля 180 тысяч грамадзян з АПФР, — такую статыстыку агучыла БелТА кансультант аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з АПФР Мінадукацыі Людміла МАРДОВІЧ. — З іх 89,56 % — гэта дзеці з парушэннем мовы. Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю складаюць 6,36 %. Ёсць дзеці з цяжкасцямі ў навучанні — іх 7,24 %, парушэннямі зроку — 1,38 %, функцый апорна-рухальнага апарату — 1,26 %, слыху — 1 %, расстройствамі аўтыстычнага спектра — 3,07 %, цяжкімі множнымі парушэннямі ў фізічным або псіхічным развіцці — 1,28 %. Пры гэтым, па яе словах, інвалідамі з’яўляюцца 10,2 % дзяцей з АПФР.

— І гэта дае падставы казаць, што асаблівасці псіхафізічнага развіцця — не інваліднасць, — заключыла спецыяліст.

У Беларусі вядзецца Банк даных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для чаго гэта робіцца, растлумачыла дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Вера ХІТРУК:

— Адзіная мэта — аказваць бясплатную карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Калі ў нас ёсць неабходныя лічбы, мы разумеем, якую колькасць настаўнікаў-дэфектолагаў павінны падрыхтаваць, дзе яны павінны быць і якім чынам могуць аказаць своечасовую і якасную дапамогу.

І такая дапамога існуе — дзеці атрымліваюць адукацыю на розных узроўнях і ў розных формах. Усё пачынаецца з ранняй комплекснай дапамогі, калі бацькі толькі даведваюцца, што іх дзіця мае свае асаблівасці развіцця.

— Яны могуць звярнуцца ў кабінеты ранняй комплекснай дапамогі, якія размяшчаюцца ў нашых дзяржаўных цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР), — расказала дырэктар інстытута. — Менавіта гэта і з’яўляецца іх першым крокам да адукацыі.

Паводле яе слоў, раннюю комплексную дапамогу могуць атрымаць дзеці да трох гадоў.

— У краіне функцыянуюць 3922 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Раннюю комплексную дапамогу атрымліваюць 2,7 тысячы дзяцей з АПФР, у краіне на базе ЦКРНіР функцыянуе каля 160 кабінетаў такой дапамогі, — дапаўняе Людміла Мардовіч. — Там дзеці атрымліваюць дапамогу настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, спецыялістаў па рэабілітацыі — з імі займаюцца лячэбнай фізкультурай, праводзяць музычныя заняткі. Акрамя таго, педагог-псіхолаг можа працаваць не толькі з дзіцем, але і з бацькамі. Гэта важны этап, калі неабходна зразумець і прыняць, што ў цябе дзіця з асаблівасцямі, і неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы яму.

Далей дзеці ідуць у школы. Ёсць магчымасць уладкаваць іх у спецыяльны клас, клас інтэграванага навучання і выхавання. З 2022 года, згодна з Кодэксам аб адукацыі, у Беларусі з’явіліся класы сумеснага навучання і выхавання, у якіх дзеці з АПФР вучацца па агульнаадукацыйных праграмах і атрымліваюць карэкцыйную дапамогу.

Падрыхтоўка спецыялістаў

Адзін з ключавых момантаў у сферы інклюзіўнай адукацыі — работа педагогаў з бацькамі.

— Мы павінны рыхтаваць не толькі педагогаў-дэфектолагаў, але і педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, якія працуюць з сем’ямі, у тым ліку і з тымі, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — упэўнена Вера Хітрук.

Яна ж праінфармавала, што ў БДПУ з верасня 2023 года пачалася падрыхтоўка настаўнікаў-дэфектолагаў па спецыяльнасці «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» з шасцю прафілізацыямі, у тым ліку — «Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асоб з РАС». У магістратуры па спецыяльнасці «Інклюзіўная адукацыя» таксама ёсць прафілізацыі «Дзейнасць псіхолага-медыка-псіхалагічнай камісіі ў сучасных умовах», «Ранняя комплексная дапамога дзецям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі», «Псіхолага-педагагічная падтрымка навучэнцам з РАС» , «Спецыяльная псіхалогія».

Прафесійная адукацыя як частка інклюзіі

Многіх бацькоў асаблівых дзяцей хвалюе іх далейшы, пасля школы, шлях у адукацыі. Людміла Мардовіч сцвярджае, што ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пасля заканчэння школы ёсць усе магчымасці, каб атрымаць прафесію:

— Усё залежыць толькі ад стану здароўя. Кожны абітурыент праходзіць медыцынскую камісію, а маладыя людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць яшчэ і заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК), дзе вызначаецца пералік прафесій, якія яны могуць асвоіць. Адсюль і трэба адштурхоўвацца.

Яна дадала, што Кодэксам аб адукацыі зацверджана права на сацыяльную стыпендыю, якая прызначаецца тым, хто атрымлівае прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю. Даецца таксама магчымасць пражывання ў інтэрнатах, а плата за карыстанне жылым памяшканнем не спаганяецца з дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў І і ІІ груп.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Кампэтэнтна

Штогод каля 1000–1100 маладых людзей з інваліднасцю або з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць вышэйшую, сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр КАДЛУБАЙ лічыць адным з галоўных дасягненняў у сферы інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне комплексную сістэму суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ад нараджэння і да атрымання імі прафесіі. Гэтую сістэму можна назваць трыядай, у якой узаемадзейнічаюць адукацыя, ахова здароўя і сацыяльная абарона. Яна ахоплівае практычна на 100 % спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай усіх выяўленых дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Беларусі ва ўстановах адукацыі функцыянуе больш за 4,7 тысячы спецыяльных груп і груп інтэграванага навучання і выхавання, каля 6,2 тысячы спецыяльных класаў і класаў інтэграванага навучання і выхавання, больш за 3,8 тысячы пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

— Неабходныя ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства маладых людзей з АПФР ствараюцца і ў каледжах, і ў вышэйшых навучальных установах, — каментуе сітуацыю Аляксандр Кадлубай. — Частка абітурыентаў каледжаў і ўніверсітэтаў, якія навучаліся па праграме спецыяльнай адукацыі ў школе, паступаюць у іх на агульных падставах і атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю без стварэння алмысловых умоў, бо ў іх не маюць патрэбы.

Абітурыенты з АПФР, у якіх на руках заключэнне ЦКРНіР з рэкамендацыямі стварэння для іх спецыяльных умоў, альбо тыя, хто мае даведку аб засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі ў школе, а таксама дзеці з інваліднасцю, але з адсутнасцю медыцынскіх супрацьпаказанняў да навучання па атрыманай спецыяльнасці або прысвоенай кваліфікацыі могуць навучацца ў любым з каледжаў або ўніверсітэтаў па абранай спецыяльнасці або кваліфікацыі.

Для маладых людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю ў агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі вызначана 18 спецыяльнасцяў, якія ўключаюць 40 кваліфікацый.

— Наша сістэма прадугледжвае розныя варыянты атрымання адукацыі і аказання дапамогі дзецям з АПФР, — кажа намеснік міністра. — Гэта могуць быць спецыяльныя дзіцячы сад і школа, школа-інтэрнат, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Гэта можа быць інтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольных установах і школах ці навучанне дома. Дзеці атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў пунктах пры дзіцячых садках і школах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю