Дзеля таго, каб годна прыняць дзяцей 1 верасня, рыхтуюць не толый школьныя тэрыторыі і класы, спартыўныя і актавыя запы. Не менш напружаны перадвучэбны перыяд і ў работнікаў харчблока. Ці жарт, ім на працягу дзевяці месяцаў трэба будзе карміць практычна дзясятую частку насельніцтва краіны. Падкрэслім, найважнейшую яе частку — дзяцей. Таму напярэдадні навучальнага года былі праведзены ўсе неабходныя работы — ад рамонту да набыцця посуду і іншых рэчаў кухоннага інтэр’ера. І накіравана на гэта ўсё было больш чым 21 мільён рублёў.
Арганізацыя харчавання для 41 % школьнікаў будзе ажыццяўляцца ўласнымі сіламі. Трэба заўважыць, што сіл гэтых у бягучым годзе дадасца: у школьныя харчблокі прыйдуць 107 маладых спецыялістаў — 95 кухараў, пяць кандытараў, бухгалтары і іншыя спецыялісты.
Змен не будзе, разнастайнасці дабавіцца
— Кардынальных змен сёлета ў арганізацыі школьнага харчавання не плануецца, — кажа начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Акадэміі адукацыі Люцыя МІХАЛЬЧУК. — Пілотны праект прайшоў у 2024 годзе, і быў паспяховы.
Па словах спецыяліста, у рацыённае харчаванне дзяцей сёння ўключаюцца апрабаваныя ў ходзе праекта і запатрабаваныя навучэнцамі стравы. Усе яны сабраны ў інфармацыйным зборніку тэхналагічных карт страў, які размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі і органаў кіравання адукацыяй у адкрытым доступе.
— Новыя прынцыпы школьнага харчавання мы ўвялі дзякуючы аптымізацыі вытворчага працэсу, — расказвае прадстаўнік Акадэміі адукацыі. — Адкарэкціравалі графікі, перааснасцілі школьныя сталовыя, напоўнілі іх сучасным абсталяваннем. Пры гатаванні сёння прымяняюцца новыя тэхналагічныя рашэнні, а цеснае ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці дазваляе выкарыстоўваць іх прадукцыю, прызначаную для дзіцячага харчавання.
Парадак вызначае закон
У аснове арганізацыі школьнага харчавання ляжаць нарматыўныя прававыя акты, якія вызначаюць парадак прадастаўлення харчавання, у тым ліку бясплатнага, нормы харчавання, грашовыя нормы выдаткаў і іншае.
— Да пачатку навучальнага года мы
актуалізуем метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, — гаворыць начальнік аддзела Акадэміі. — Там, акрамя нарматыўна-прававых актаў, ёсць вялікі пералік дакументаў і патрабаванняў да аб’ектаў грамадскага харчавання, якія размешчаны ва ўстановах адукацыі, асаблівасці арганізацыі харчавання навучэнцаў і тэхналагічнага працэсу пры выкарыстанні сучаснага абсталявання. Акцэнт зроблены на абавязковасці выканання санітарных патрабаванняў як неабходнай умовы якасці бяспекі харчавання дзяцей.
Платнае і бясплатнае
Сёлета, як і раней, бясплатнае школьнае харчаванне атрымаюць дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, навучэнцы V—XІ класаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, навучэнцы спецыялізаваных класаў па спорце і шэраг іншых катэгорый. Плануецца, што гэтай льготай будзе ахоплена больш як 65 % школьнікаў.
— Хачу адзначыць, што льгота даецца толькі па адной з падстаў, — канкрэтызуе Люцыя Міхальчук. — Харчаванне астатніх дзяцей будуць аплачваць іх бацькі. І яшчэ адзначу, што бацькі кампенсуюць толькі кошт прадуктаў. Што датычыцца кошту самога харчавання, то на сёння ён застаецца пакуль такім жа, якім быў у мінулым навучальным годзе.
Дзіця павінна быць здаровым і накормленым
Адно з пытанняў, якое часцей за ўсё задаюць бацькі: «Ці абавязкова, каб дзіця харчавалася ў школе, і ці будуць наступствы ў выпадку адмовы ад харчавання?»
Спецыяліст Акадэміі адукацыі адказала, што абавязковасць школьнага харчавання ніякімі нарматыўнымі актамі не ўстаноўлена.
— У дзяцей і бацькоў ёсць права адмовіцца ад яго, ніякіх дакументаў не патрабуецца, дастаткова вуснага звароту да кіраўніцтва школы ці гімназіі аб тым, што дзіця ў школе есці не будзе, — удакладніла яна.
Але адказнасць за здароўе дзяцей ляжыць, у першую чаргу, на бацьках. Старшакласнік у школе знаходзіцца доўгі час, і яму абавязкова патрэбна паесці. Смакаты з буфета арганізму, які расце, будзе відавочна недастаткова.
— У нашых школах харчаванне — рацыянальнае, збалансаванае і адпаведнае энергазатратам дзяцей, узроставыя катэгорыі якіх на сённяшні момант дзеляцца на 6–10 і 11–18 гадоў, — тлумачыць Люцыя Міхальчук. — І меню распрацоўваецца адпаведнае. Таму бацькам трэба памятаць, што іх дзіця павінна быць і накормленым, і здаровым.
Дзевяць новых страў
Дарэчы, у школьнае меню ў надыходзячым навучальным годзе дададуцца новыя стравы. Іх назвы агучыла дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «Камбінат школьнага харчавання г. Мінска» Людміла КРУПСКАЯ.
— Мы парадуем дзетак мяснымі шарыкамі, салатамі «Выдатны», «Школьная мазаіка», «Фасолька» і «Раніца». З гарачых страў — гуляш «Пікантны», мякаць курынага сцягна ў смятанна-таматным соусе, суп «Мінскі» і напой «Яблычны», — пералічыла яна. — Усё вельмі смачна, а галоўнае — карысна.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД