Як паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, уборачная кампанія выйшла на новы рубеж, і цяпер намаганні працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны сканцэнтраваны на нарыхтоўцы кукурузы на сілас, уборцы бульбы і цукровых буракоў. У найбліжэйшы час экіпажы выйдуць на палі, каб убіраць кукурузу на зерне.
Цукровыя буракі ў сельскагаспадарчым ведамстве называюць адной з ключавых тэхнічных культур. Сёлета аграрыям трэба ўбраць ураджай з плошчы 107 тысяч гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць культуры значна перавышае паказчыкі мінулага года і складае 479 ц/га, і гэта на 47,9 ц/га вышэй за леташні ўзровень. Актыўная фаза ўборкі цукровых буракоў праходзіць у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях — рэгіёнах, якія ствараюць надзейную сыравінную базу для цукровай галіны краіны. Дарэчы, пятую частку ўраджаю плануецца паставіць на перапрацоўку з палёў Брэсцкай вобласці.
ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» цалкам гатовы да прыёмкі сыравіны. У цэлым беларускія аграрыі сёлета плануюць накапаць не менш за 5 мільёнаў тон цукровых буракоў.
Традыцыйна важкі ўклад у нарыхтоўку цукровых буракоў уносіць Беларуская чыгунка, якая забяспечвае іх пагрузку і перавозку на прадпрыемствы краіны. Сёлета пагрузка салодкага караняплода будзе ажыццяўляцца з 23 станцый на ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод» і «Слуцкі цукрарафінадны камбінат». Плануецца, што ў 2025 годзе аб’ём перавозкі цукровых буракоў перавысіць леташні на 11 %, а максімальная інтэнсіўнасць пагрузкі чакаецца ў лістападзе — да 380 вагонаў у суткі.
Па ўсёй краіне набірае моц і ўборка бульбы, паведамілі ў Мінсельгасхарчы. Сёлета плошчы, адведзеныя пад харчовую бульбу, былі павялічаныя, агульны план уборкі складае 22 тысячы гектараў. Умовы надвор’я, якія склаліся ў гэты сезон, выклікалі трывогу з нагоды ўраджаю другога хлеба. Аднак ураджайнасць бульбы на сёння перасягнула леташнюю на 59,2 ц/га.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА