— Свой прадукт студэнты назвалі «Вадэмекум», — паведаміла кіраўнік ВНУ. — З лацінскай мовы назва перакладаецца як «ідзі са мной» або «даведнік» і азначае кішэнны даведнік ці дапаможнік. І для першакурсніка так яно і ёсць!
Рэктар таксама расказала, што стварэнню гэтага прадукту папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа выкладчыкаў і студэнтаў, было зроблена апытанне і на падставе сабраных матэрыялаў з дапамогай штучнага інтэлекту створана цэлая праграма ў дапамогу першакурсніку.
— Студэнты туды заходзяць і знаходзяць адказы на ўсе пытанні, якія датычацца не толькі вучобы, але і побыту, — растлумачыла Вольга Горлава. — Там жа яны знаёмяцца з асноўнымі ветэрынарнымі дысцыплінамі і іх значэннем, атрымліваюць інфармацыю аб структуры навучальнага года, правілах наведвання заняткаў і здачы экзаменаў. У «Вадэмекуме» яны знойдуць инфармацыю пра размяшчэнне аўдыторый, прозвішчы, імя, імя па бацьку выкладчыкаў, дзе і якія дысцыпліны выкладаюцца і нават пункт грамадскага харчавання з меню і цэнамі. Усё вельмі зручна, зроблена на сучасным узроўні, адаптавана пад смартфоны і не патрабуе асаблівых дадаткаў.
Як адзначае кіраўнік ВНУ, першакурснікі пачалі карыстацца сэрвісам ужо сёлета. Аднак наяўнасць такога памочніка не выключае і жывых зносін — куратары і студэнты старшых курсаў таксама дапамагаюць адаптавацца.
— Любая дапамога будзе дарэчы, — працягнула рэктар ветакадэміі. — У нас вялікая тэрыторыя — 15 гектараў, вельмі шмат навучальных карпусоў і студэнцкіх інтэрнатаў. Хоць гэта ўсё размешчана кампактна, у межах студэнцкага гарадка, тым не менш чалавек, які ўпершыню сюды трапіў, можа і не сарыентавацца.
Акрамя «Вадэмекума» для будучых ветэрынараў арганізавана акцыя «Маршрут пабудаваны», якая ўключае аглядныя і азнаямленчыя экскурсіі не толькі па студэнцкім гарадку, але і па Віцебску.
— Гэты прадукт таксама створаны нашымі студэнтамі, учарашнімі, дарэчы, першакурснікамі, — заўважыла Вольга Горлава. — Ён стане добрым памочнікам як для беларускіх студэнтаў, так і для замежных навучэнцаў акадэміі з Расіі, Украіны, Літвы, Казахстана, Азербайджана, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Лівана і Сірыі.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віцебскай ветэрынарнай акадэміі