Top.Mail.Ru

Што чакае мінчан і гасцей сталіцы ў найбліжэйшыя выхадныя

Эканамічны форум, гістарычная рэканструкцыя і вялікая дыскатэка

Абыякавых не застанецца

— Конкурс «Мінскі майстар», як правіла, праводзіцца сярод прадстаўнікоў найбольш масавых прафесій, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана СІЛІЧ. — У яго адборачных турах сёлета прынялі ўдзел больш за 1600 чалавек, вызначаны 43 пераможцы.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама асабліва адзначыла, што ў ліку пераможцаў — 9 маладых людзей узростам да 31 года.

— Гэта значыць, што цікавасць моладзі да прафесій, якія сёння патрэбны эканоміцы краіны, адраджаецца, што яны ганарацца абранай справай і ўдзелам у конкурсе хочуць як мага больш расказаць пра яе, — рэзюмавала Святлана Сіліч.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення, святочнае дзейства, якое пачнецца ў 10 гадзін раніцы 13 верасня з урачыстага ўскладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой», разгорнецца па дзясятках пляцовак сталіцы. Мерапрыемствы падыдуць для любога ўзросту і будуць цікавыя ўсім: і малым, і пенсіянерам. Пры гэтым нікуды далёка ісці ці ехаць не трэба — дастаткова перамясціцца ад манумента «Мінск — горад-герой» у бок парку Перамогі або ў процілеглы — да Палаца спорту. Там мінчан і гасцей сталіцы будуць чакаць відовішчныя спаборніцтвы пажарных і ратавальнікаў, тэатральнае інтэрактыўнае відовішча з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі і яшчэ шмат чаго цікавага. Дарэчы, на ўдзел у гістарычным фестывалі падалі заяўкі 500 рэканструктараў з Беларусі, Расіі і Кітая.

Увечары 13-га плануецца вялікі канцэрт з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады, які задуманы як актыўная маладзёжная пляцоўка, і дыскатэка. Завершыцца гэты дзень яркім феерверкам.

Мост супрацоўніцтва

Чацвёрты год запар Мінск сустракае сяброў, якія прыязджаюць на Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Дня горада.

— Сёлета тэма форуму — «Мост супрацоўніцтва», — дзеліцца намеснік старшыні Камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Таццяна СЕЛІВОНІК. — На ім будуць абмяркоўвацца перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння — ад высокіх тэхналогій у медыцыне да турыстычнага патэнцыялу.

Паводле яе слоў, на форум ужо зарэгістравалася больш за 250 удзельнікаў з 19 краін. Расію прадставяць 13 рэгіёнаў, маштабныя дэлегацыі чакаюцца з Індыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

— На пленарным пасяджэнні будзе разгледжана нямала важных пытанняў супрацоўніцтва, а перад пачаткам форуму адкрые сваю экспазіцыю выстаўка, на якой беларускія кампаніі і вытворцы азнаёмяць са сваімі паслугамі і прадукцыяй і на якой будзе прадстаўлены турыстычны патэнцыял Беларусі, — расказала прадстаўнік Мінгарвыканкама.

13 верасня адкрые свае дзверы для шырокага наведвання «Белкамунмаш». Летась у дзень адчыненых дзвярэй на прадпрыемства прыйшло больш за 5000 чалавек.

— Упэўненая, сёлета цікавасць да прадукцыі, навінак гэтага вытворцы тэхнікі будзе такой жа вялікай, — гаворыць Таццяна Селівонік.

Яна ў цэлым адзначыла, што прамысловы турызм у Беларусі сёння на вышыні, ён цікавы жыхарам і гасцям краіны, а таму будзе развівацца далей.

Вынікам работы эканамічнага форуму стане падпісанне шэрагу дакументаў па супрацоўніцтве.

Меры бяспекі будуць узмоцненыя

Для таго каб забяспечыць бяспеку такога маштабнага мерапрыемства, сталічная міліцыя пачне прымаць адпаведныя меры ўжо напярэдадні, 12 верасня. Асаблівая ўвага — пляцоўкам каля Палаца спорту і «Мінск старажытны».

— Пропуск жадаючых наведаць гэтыя лакацыі будзе ажыццяўляцца на васьмі КПП, якія будуць працаваць як з боку станцыі метро «Няміга», так і ў раёне падземнага пераходу ад ГЦ «Галерэя», каля пераходу па вул. Мельнікайтэ і ў зялёнай зоне праспектаў Пераможцаў і Машэрава, — кажа начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей ГАРОХАЎ. — Асобныя пункты пропуску для ветэранаў і інвалідаў, цяжарных жанчын, грамадзян з малалетнімі дзецьмі будуць пазначаныя аранжавым тэнтам.

Па словах праваахоўніка, перад кожным КПП будуць устаноўлены стэнды з пералікам рэчываў і прадметаў, забароненых да праносу на святочныя пляцоўкі.

— Іх можна будзе пакінуць у камерах захоўвання ў трох месцах, — тлумачыць начальнік упраўлення, — каля дома № 2 па праспекце Пераможцаў, паблізу скрыжавання праспектаў Машэрава і Пераможцаў, а таксама па вуліцы Мельнікайтэ. Гэтыя месцы захоўвання не мяняюцца, таму добра вядомыя мінчанам.

З забарон таксама — уваход на мерапрыемствы з хатнімі жывёламі і праезд на пляцоўкі на сродках персанальнай мабільнасці. Да адказнасці прыцягнуць і тых, хто без адпаведнага дазволу задумае запусціць дрон.

— Меры бяспекі будуць узмоцненыя ў парку Горкага, дзе пройдзе фестываль прафесій, і ў кожным раёне горада, дзе пройдуць святочныя мерапрыемствы, — падкрэсліў Сяргей Гарохаў.

Ён таксама дадаў, што з 19.00 і да заканчэння феерверку паблізу сквера Старасцінская Слабада, што каля гасцініцы «Беларусь», будзе выстаўлены перыметр бяспекі, забаронена паркоўка, абмежавана перамяшчэнне грамадзян.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю