Адзначаць раённыя «Дажынкі» ў невялікіх аграгарадках і вёсках стала ўжо добрай традыцыяй. Свята хлебаробаў — гэта не толькі пра народныя гулянні і прызнанне перадавікоў, але і пра магчымасць кардынальна змяніць аблічча сваіх населеных пунктаў. Пры падрыхтоўцы да раённых «Дажынак» аграгарадкі добраўпарадкоўваюцца. У іх рамантуюць дарогі, фасады дамоў, добраўпарадкоўваюць грамадскія месцы, такія як азёры і паркі, ствараюць святочную атмасферу з дапамогай дэкаратыўных элементаў і многае іншае.
Дарожныя пад’езды, гульнявыя пляцоўкі і станцыя абезжалезвання
Свята на Шклоўшчыне Магілёўскай вобласці сустракаюць на ўздыме. Сёлета раён намалаціў больш за 130 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 52,2 ц/га, істотна перакрыўшы леташні вынік. У вобласці на ўчарашні дзень ён займаў па вале ганаровае другое месца, саступіў крыху Магілёўскаму, а па ўраджайнасці роўных яму пакуль няма. І важкі ўнёсак у раённы каравай зрабіла ЗАТ «Вялікія Славені», цэнтральная сядзіба якой знаходзіцца ў аднайменным аграгарадку. Нездарма тут і разгорнуцца асноўныя раённыя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму святу аграрыяў.
Яно адбудзецца ў кастрычніку, але аграгарадок ужо амаль цалкам падрыхтаваўся да мерапрыемства. Пасвяжэлі фасады дамоў, папрыгажэлі вуліцы, утульны парк і цэнтральная плошча, дзе пройдзе свята. У ходзе падрыхтоўкі перакладзена тратуарная плітка, устаноўлены малыя архітэктурныя формы, зманціравана сцэна, з якой будуць віншаваць і ўзнагароджваць працаўнікоў. На плошчы з’явілася мясцовая славутасць — Дошка гонару з імёнамі людзей, якія зрабілі істотны ўнёсак у развіццё сваёй малой радзімы і ў цэлым сельсавета. У падарунак ад раёна аграгарадок атрымаў дзіцячую гульнявую пляцоўку.
«Гэта ўжо традыцыя — устанаўліваць падобныя пляцоўкі там, дзе праходзяць раённыя „Дажынкі“, — кажа старшыня Славенскага сельсавета Уладзімір Мішын. — Дзеці ў захапленні ад падарунка. Гульнявое абсталяванне ўстаноўлена непадалёк ад цэнтра Малых Славеняў, у двары некалькіх шматкватэрных жылых дамоў, дзе жывуць у асноўным маладыя сем’і».
Плошча таксама стала больш сучаснай і ўтульнай. Устаноўлены паўкруглыя лаўкі, якія набытыя за кошт сродкаў раённага суботніка. У цэлым Славені сталі больш камфортныя для жыцця. Добраўпарадкаваныя дарожныя пад’езды да мясцовай амбулаторыі, прыводзіцца ў парадак дарога па вуліцы Юбілейнай. Зроблены касметычны рамонт будынка, дзе знаходзяцца сельсавет, адміністрацыя гаспадаркі ЗАТ «Вялікія Славені», пошта і іншыя стратэгічныя для населенага пункта службы.
Свае аб’екты адрамантавала і раённае таварыства спажыўкааперацыі. Населены пункт папрыгажэў і заззяў святочнымі фарбамі.
У аграгарадку пражывае больш як 650 жыхароў. Да нядаўняга часу была праблема з водазабеспячэннем населенага пункта. Сёлета тут будуецца станцыя абезжалезвання. «На ўсю магутнасць вядуцца работы па пракладцы новых камунікацый, — расказвае дэпутат. — Нарэшце праблема будзе вырашана. Аграгарадок цяпер не будзе залежаць ад аграгаспадаркі, якая раней займалася яго водазабеспячэннем».
Жыхары любяць сваю малую радзіму і імкнуцца зрабіць яе яшчэ больш прыгожай — наводзяць парадак каля сваіх домаўладанняў, удзельнічаюць у суботніках. У парку, напрыклад, дапамагалі фарбаваць агароджу. «Сёлета мы яго цалкам пачысцілі, быў вельмі зарослы, — удакладняе суразмоўца. — Да свята трэба, каб паўсюль было прыгожа. У нас яго вельмі чакаюць».
Радаваць вяскоўцаў і садзейнічаць развіццю інфраструктуры
У Бераставіцкім раёне на Гродзеншчыне таксама падтрымліваецца маладая традыцыя — праводзіць раённыя «Дажынкі» ў розных аграгарадках. Гэта дазваляе не засяроджваць усё жыццё ў адміністрацыйным цэнтры рэгіёна. Акрамя таго, такая практыка дазваляе размеркаваць намаганні па паляпшэнні ўмоў жыцця для людзей. Вядома, работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку вядуцца на рэгулярнай аснове, незалежна ад «Дажынак». Але ў рамках падрыхтоўкі да свята ўдаецца аб’яднаць больш намаганняў і правесці ўсю работу больш цэнтралізавана.
- Да «Дажынак» у аграгарадку Малая Бераставіца старанна рыхтаваліся, і вынікам сталі заўважныя змены ў яго абліччы. Сродкі, укладзеныя ў добраўпарадкаванне, накіраваны на павышэнне камфорту мясцовых жыхароў. Новыя аб’екты будуць радаваць вяскоўцаў і садзейнічаць развіццю інфраструктуры. Гэта асабліва важна ў Год добраўпарадкавання. Значную частку работы па рэалізацыі гэтага маштабнага праекту ўзяў на сябе «Малабераставіцкі элітгас». Дарэчы, змяняцца Малая Бераставіца пачала яшчэ ў 2022 годзе. Да 70-годдзя КСУП «Малабераставіцкі элітгас» заклалі парк, які стаў адпраўным пунктам для далейшых змяненняў. Сёння гэту тэрыторыю ледзь можна пазнаць: яна змянілася кардынальна.
Асабліва заўважная работа, праведзеная на набярэжнай ракі Шэпты. На гэтым месцы ўладкавалі паркавую зону з дзіцячай пляцоўкай. Раней тут была пустка, схаваная дрэвамі, і балоцістая мясцовасць, стаяў закінуты дом. Усю тэрыторыю расчысцілі і спланавалі. Прывезлі каля 10 тысяч тон грунту і 2 тысяч тон камянёў. У выніку з’явілася прыгожая дарожка з мостам цераз раку. Цяпер тут зручныя сцяжынкі, прыгожы мост. Побач дзіцячая пляцоўка, дзе ўстанавілі гульнявую зону ў выглядзе карабля.
Таксама добраўпарадкавана тэрыторыя каля былога навучальна-вытворчага камбіната, дзе цяпер ёсць дарожкі і альтанка. Гэта месца зручнае для мясцовых жыхароў і турыстаў, якія спыняюцца, каб зрабіць фота царквы ці касцёла. Створана аўтамабільная стаянка каля школы, якая вырашыла праблему бяспекі на ажыўленай трасе.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ і з архіва Уладзіміра МІШЫНА