Top.Mail.Ru

Дэпутат Валерый Малашка расказаў пра работу з выбаршчыкамі, заканатворчую дзейнасць, захаванне памяці.

У фармаце пастаяннага дыялогу

Для старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерыя Малашкі ўзаемадзеянне з людзьмі заўсёды было на першым плане. І калі ён працаваў галоўным урачом Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, і калі быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па сацыяльных пытаннях, і калі займаў міністэрскія пасады. Сёння ён прадстаўляе ў парламенце чатыры раёны — Бялыніцкі, Круглянскі, Шклоўскі і часткова Магілёўскі (Шклоўская акруга № 90), дзе ў агульнай колькасці жыве каля 56 тысяч чалавек. І назва камісіі, якую ўзначальвае народны выбраннік, яскрава сведчыць, па якіх прыярытэтных кірунках вядзе ён сваю дэпутацкую дзейнасць, у тым ліку і ў сваёй акрузе.

«Данесці праўдзівую інфармацыю»

У рабоце з людзьмі для парламентарыя гэта вельмі важна. Каб не было скажэнняў і перайначвання таго, што гаворыць і робіць Прэзідэнт. На сустрэчах з выбаршчыкамі, у працоўных калектывах абмяркоўваюцца геапалітычнае становішча ў свеце, сітуацыя ў нашай краіне, выкананне сацыяльных стандартаў. Неаднаразова падымалася і актуальная тэма абгрунтаванасці росту цэн і недастатковага асартыменту ў сельскіх крамах, на што нядаўна звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка.

— Нашы грамадзяне актыўныя, яны хочуць ведаць і пра міжнародную абстаноўку, і як мы будзем рэагаваць на знешнія выклікі, — кажа суразмоўнік. — Гэта значыць, ім не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне. Дзень народнага адзінства, які мы адзначаем 17 верасня, — вельмі сімвалічнае свята. І важнае для людзей. Пра гэта кажуць і мае выбаршчыкі. Яно сапраўды адлюстроўвае сённяшнія думкі і спадзяванні беларусаў.

  • У Беларусі шмат што робіцца для падрастаючага пакалення. Нядаўна дэпутаты назіралі за тым, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі. Сёлета ў рамках інвестыцыйнай праграмы Шклоўскага раёна праведзена маштабная рэканструкцыя школы № 4 у Шклове. Былі пашыраны яе плошчы, абнавілася абедзенная зала, у харчблоку ўстаноўлена сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Валерый Малашка ацаніў змяненні на выдатна.

— Адукацыя — стратэгічны кірунак развіцця дзяржавы, — гаворыць ён. — Камфорт, бяспека і якасць харчавання — неад’емная частка школьнага асяроддзя. Менавіта такія праекты паказваюць, як шмат увагі ўдзяляецца ў нашай дзяржаве клопату пра будучыню. Нашы дзеці заслугоўваюць найлепшага!

Больш за 10 гадоў Валерый Малашка супрацоўнічае з Бялыніцкай спецыяльнай школай-інтэрнатам. Штогод тут атрымліваюць якасную адукацыю амаль 100 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На Дні ведаў дэпутат перадаў дырэктару ўстановы Аляксандру Мамчанку сертыфікат на суму 800 рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

— Дзяржава клапоціцца пра тое, каб дзеці нічым не былі абдзелены, — адзначыў суразмоўнік. — Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь замацаваны прынцып інклюзіі. Яго рэалізацыя — адзін з асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі.

Пытанні — на кантролі

Неад’емны складнік работы дэпутата Палаты прадстаўнікоў у сваёй акрузе — прыём грамадзян. Падчас апошняга да Валерыя Малашкі звярнуліся 10 чалавек. Пытанні датычыліся ўтрымання могілак, якасці вады, камунальных паслуг, аховы здароўя.

— Наша задача, і нас на гэта арыентуе Прэзідэнт, — пачуць кожнага і падказаць выйсце, — адзначае суразмоўнік. — Заяўнікам даюцца неабходныя тлумачэнні, некаторыя звароты накіроўваюцца ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Ад мяне патрабуецца пракантраляваць працэс і, калі трэба, пасадзейнічаць вырашэнню праблемы ў рамках заканадаўства.

Стаўка на моладзь

Нядаўна ў Магілёве праходзіў міжнародны фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву». Ён быў прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Адной з тэм было асэнсаванне ролі моладзі ў захаванні і абароне гістарычнай памяці.

— Гэта вельмі важная тэма, якая блізкая кожнаму беларусу і расіяніну, — канстатуе Валерый Малашка. — Падзялюся асабістым. Летась у Міжнародны дзень міру ў вёсцы Рубеж Бялыніцкага раёна быў урачыста адкрыты памятны знак ахвярам Вялікай Айчыннай вайны — камень з імёнамі мясцовых жыхароў, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На тым помніку прозвішча Малашка згадваецца 10 разоў. Сярод ахвяр быў і мой прапрадзед. Такія помнікі фіксуюць факты генацыду, нагадваюць пра той жах, які перажылі нашы продкі. Абавязак — не дапусціць больш такой бяды. Памяць, якую мы захоўваем, працягне жыць у нашчадках.

Каб законы працавалі

Законапраекты камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы наўпрост датычацца кожнай сям’і, кожнага дзіцяці. На працягу года камісіяй іх было падрыхтавана тры: «Аб змяненні законаў па пытаннях дзярждапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзіцяці». Парламентарый звяртае ўвагу на тое, што работа ў акрузе дапамагае лепш асэнсаваць праблемныя месцы і пры стварэнні законапраектаў улічыць іх.

— Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначае важнасць нашай работы ў акругах, і гэта нас шмат да чаго абавязвае, — кажа ён. — Падчас работы над праектам закона аб правах дзіцяці мы шмат размаўлялі і з педагогамі, і з бацькамі на розныя надзённыя тэмы, у тым ліку пра неабходнасць забароны на распаўсюджванне сумнеўных цацак у выглядзе герояў камп’ютарных гульняў і фільмаў, пра абарону ад інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю дзіцяці, асабістай адказнасці педагогаў аб недапушчальнасці парушэння правоў непаўналетняга. Без гэтых абмеркаванняў тыя навелы, якія ляглі ў наш законапраект, былі б няпоўныя. Закон падпісаны кіраўніком дзяржавы і на поўную моц запрацуе ўжо ў наступным годзе. Ён узмацняе гарантыі рэалізацыі правоў дзяцей ва ўсіх сферах: ад інфармацыйнай бяспекі да кадравай палітыкі. Сёння дэпутаты нашай камісіі выходзяць з рознымі цікавымі прапановамі да законапраекта «Аб валанцёрскай дзейнасці». Дарэчы, нядаўна на рабочай нарадзе на базе Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі абмяркоўвалі ў тым ліку і ролю валанцёраў у сістэме аховы здароўя. Наперадзе нас чакае сур’ёзная работа па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб ахове здароўя. Гэта будзе ўнікальны дакумент, які аб’яднае каля васьмі дзеючых сёння ў гэтай галіне законаў. Будзем сустракацца з прафесійнай суполкай, размаўляць са звычайнымі грамадзянамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю