Сёння тут усюды кіпіць работа: абнаўляюцца старыя вытворчасці, будуюцца новыя, узводзіцца жыллё, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі. Падчас свайго візіту ў Шклоўскі раён у красавіку гэтага года Прэзідэнт
наведаў шэраг аграпрамысловых аб’ектаў і даў заданне кіраўніцтву раёна зрабіць іх узорна-паказальнымі. Шклоўшчына павінна стаць прывабнай пляцоўкай для жыцця і работы, куды з задавальненнем паедзе моладзь. Пра тое, што сёння для гэтага робіцца, — у нашай размове са старшынёй Шклоўскага райвыканкама Сяргеем БАРТАШАМ.
— Увага да нашага раёна сёння пільная, таму працуем на апярэджванне, — расказвае суразмоўца. — Адзін з галоўных аб’ектаў, работу над якім мы сёлета практычна скончылі, — гэта камбікормавы завод, які наведваў кіраўнік дзяржавы. Ставілася задача запоўніць магутнасці, якія не выкарыстоўваліся. Яны запоўнены, завод працуе ў штатным рэжыме. Цалкам аб’ект яшчэ не завершаны, плануецца зрабіць яго ў найбліжэйшы час. Працягваюцца работы па будаўніцтве кавярні, над інтэр’ерам якой працуюць найлепшыя дызайнеры, улічваюцца ўсе пажаданні жыхароў.
Важным аб’ектам для нас з’яўляецца новы, большай, чым у нас ёсць, магутнасці малочны камбінат, будаўніцтва якога цяпер вядзецца. Плануецца перапрацоўваць там каля 300 тон малака ў суткі. Гэтыя аб’ёмы мы ўжо маем, і новая перапрацоўка для нас вельмі важная і патрэбная. Плануецца стварыць на будучай вытворчасці 150 новых працоўных месцаў.
Вядзецца будаўніцтва райаграсэрвіса. Графікі таксама вытрымліваюцца. Прэзідэнт адзначаў яшчэ некалькі аб’ектаў, сярод якіх ПМК і майстэрні льнозавода. Мы знайшлі шляхі вырашэння пытання па перадачы часткі нявыкарыстанай маёмасці ПМК. У арганізацыі ёсць аб’ёмы, маштабы, пастаянна павялічваецца колькасць работнікаў.
На льнозаводзе сёння поўным ходам ідзе рамонт.
Што датычыцца базы сельгасхіміі, то там таксама вядуцца работы. Умацоўваем фасады, зносім збудаванні, якія цалкам амартызаваны. Наводзім парадак на вызваленых ад іх тэрыторыях, і сёлета завершым работы. Будзе ўзводзіцца жыллё для работнікаў, якія працуюць у раёне. Сёння ў нас з беспрацоўем праблем няма, хутчэй наадварот. Завозім працоўную сілу з іншых населеных пунктаў, у тым ліку з-за меж раёна.
Распрацоўваем праекты на будаўніцтва малочнатаварных комплексаў для ААТ «Эксперыментальная база «Спартак» і ЗАТ «Вялікія Славені», якія дазволяць сысці ад састарэлых тэхналогій у вытворчасці. «Вялікія Славені» — моцная гаспадарка, якая мае найлепшыя паказчыкі як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Яны першымі завяршылі ўборку збожжа, у гэтай гаспадарцы будзем праводзіць раённыя «Дажынкі». Яны адбудуцца ў кастрычніку, і аграгарадок Малыя Славені ўжо цалкам падрыхтаваны да свята. Але асабліва і рыхтавацца не прыйшлося. Парадку на тэрыторыях мы ўдзяляем шмат увагі, пастаянна разглядаем гэта пытанне на апаратных нарадах. Усё неабходнае робіцца ў планавым рэжыме.
— Наколькі раён цікавы маладым спецыялістам, якія сюды прыязджаюць працаваць?
— Яшчэ ні адзін шклаўчанін, які прыехаў у Мінск, прачнуўшыся там раніцай, не захапіўся: «Як жа тут хораша, як ціха!». А вось мінчане, якія да нас прыязджаюць, прызнаюцца, што ў нас добра. Сёння ўжо няма той мяжы паміж узроўнем жыцця на перыферыі і ў буйным горадзе. У нас таксама ёсць і Лядовы палац, і крамы на любы густ, і аб’екты для адпачынку. Прыемна, што 70 % маладых спецыялістаў, якія сёлета прыехалі ў раён, — мясцовыя жыхары. На нашай сустрэчы з імі былі і тыя, хто ўжо праходзіць адпрацоўку ў раёне. Двое з іх мінчане.
Я выказаў здагадку, што калі скончыцца адпрацоўка, то яны, напэўна, вернуцца ў сталіцу. Але яны не пацвердзілі яе, сказалі, што яшчэ падумаюць. І мяне гэта шчыра радуе. Значыць, ёсць верагоднасць, што застануцца.
— Сёлета АПК раёна прадэманстраваў бліскучыя вынікі. Намалочана больш чым 130 тысяч тон збожжа, ураджайнасць больш чым 50 ц/га.
— Сапраўды, такога выніку даўно ў нас не было. Як і 19 тысяч тон рапсу. Гэта наогул новы рэкорд. Сакрэту асаблівага ў гэтым няма. Ураджай атрымліваецца з многіх складнікаў. На вынік уплывае ўсё: своечасовасць сяўбы, унясення ўгнаенняў, абарона пасеваў, надвор’е таксама. Людзі працавалі, як заўсёды, самааддана. А гэта праца вельмі цяжкая і карпатлівая. Але яна заўсёды дае станоўчы вынік.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота Шклоўскага райвыканкама і БелТА
г. Шклоў