Top.Mail.Ru

Па выніках жніўня беларуская эканоміка выходзіць на пазітыўныя трэкі

З захаваннем балансу

Вынікі работы эканомікі за восем месяцаў не зусім дасягнулі мэтавых параметраў, але і глыбокага расчаравання не прынеслі, што ўжо нямала, улічваючы агульны стан сусветнай прасторы. І калі не здарылася прарыву, то ўдалося ўтрымаць існуючыя пазіцыі і схіліць акцэнт да пазітыўных трэндаў. Цалкам праблемы не вырашаны, але прамысловая вытворчасць у жніўні вырасла ў параўнанні з ліпенем, палепшыліся паказчыкі і знешнегандлёвай дзейнасці.

Валавы ўнутраны прадукт за 8 месяцаў вырас на 1,6 %. З аднаго боку, вынік ніжэйшы за прагноз — 4,1 %. З іншага боку, такое адставанне мае свае аб’ектыўныя тлумачэнні. Па-першае, на галоўным інтэгральным эканамічным паказчыку адбіваецца часавы зрух агратэхнічных работ у параўнанні з мінулым годам. Сельская гаспадарка схільная да непрадказальнай сезоннасці, якую дыктуе асабліва капрызная ў апошнія гады кліматычная абстаноўка. У мінулым годзе ўборачная пачалася крыху раней за тэрмін, сёлета асноўныя работы праводзіліся амаль на месяц пазней, што адбіваецца і на макраэканамічных паказчыках. Гэта пацвярджаецца статыстыкай за жнівень. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў параўнанні са жніўнем мінулага года вырасла на 34,2 % і амаль у два разы павялічылася ў параўнанні з ліпенем гэтага года.

Па-другое, на экспарт, а адпаведна, і ВУП цісне астуджэнне расійскай эканомікі. На гэту тэму дастаткова шмат аналітычных матэрыялаў у інфармацыйнай прасторы, меркаванні аб ступені астуджэння эканомікі нашага суседа выказваюцца розныя. З нейкімі можна пагадзіцца, з іншымі — паспрачацца. Але факт застаецца фактам: кан’юнктура на нашу прадукцыю складаецца не самая ўдалая. Мала таго што змяншаецца сукупны плацежаздольны попыт, так за планамернае засваенне расійскага рынка яшчэ і ўзяліся вытворцы той жа тэхнікі з Паўднёва-Усходняй Азіі. Калі ў 2022–2023 гадах пастаўкі з гэтага рэгіёна насілі «разведвальны» характар — кампаніі прамацвалі дастаткова новы для іх рынак, то цяпер азіяцкія карпарацыі спрабуюць асталявацца надоўга і сур’ёзна. Прычым выкарыстоўваючы ўсю сваю моц фінансавых інструментаў стымулявання экспартнага попыту. Гэта не катастрофа: канкурыраваць можна, ёсць яшчэ незадзейнічаныя рэзервы ў нашых вытворцаў. Але канфігурацыя рынку аб’ектыўна крыху змянілася і патрабуе рэвізіі некалі паспяховых падыходаў і іх трансфармацыі.

Гэты працэс запушчаны і рухаецца планамерна. І, мяркуючы па лічбах, выйсце знаходзіцца. Калі па выніках васьмі месяцаў прамысловая вытворчасць, не будзем утойваць, прадэманстравала адмоўную дынаміку — усяго 0,8 %, але ўсё ж мінус, то ў жніўні ў параўнанні з ліпенем 2025 года выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся на 1,8 %. Поспех даволі сціплы, але ён сведчыць аб пэўным пераломе адмоўнага трэка і выхадзе ў станоўчую зону.

Аналагічная сітуацыя ў знешнегандлёвай дзейнасці. У студзені — ліпені імпарт (рост на 3,1 %) апярэджваў па дынаміцы экспарт (рост на 1,2 %). Сальда за гэты перыяд склалася адмоўнае — на ўзроўні 809 мільярдаў долараў. Але ў ліпені ў параўнанні з чэрвенем экспарт вырас на 6 %, а імпарт — усяго толькі на 1,3 %. І сальда па ліпені было дадатным і склала 93,8 мільёна долараў.

У цэлым складанасці на расійскім напрамку не сталі нейкай ужо занадта вялікай нечаканасцю. Зніжэнне попыту і павелічэнне канкурэнцыі выразна праглядаліся і дастаткова падрабязна аблічбоўваліся і расійскімі, і нашымі аналітыкамі. Калі кан’юнктура не самая спрыяльная — цэны на ключавыя экспартныя пазіцыі не растуць, а хутчэй маюць тэндэнцыю 

да зніжэння на фоне астуджэння попыту і павышэння канкурэнцыі, то рост эканомікі забяспечваецца за кошт інвестыцый. Укладанні ў асноўны капітал вызначаюць хуткасць трансфармацыі пад новыя ўмовы, выступаюць адной з умоў і індыкатараў павышэння канкурэнтаздольнасці. Цяпер лакаматывам, несумненна, становіцца інвестыцыйная праграма. За восем месяцаў укладанні ў асноўны капітал павялічыліся на 14,5 %. Прычым інвестыцыі ў машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі выраслі на 20,2 %. Несумненна, укладанне ў абсталяванне яшчэ неабходна трансліраваць у павышэнне эфектыўнасці вытворчасці. Паказчык прадукцыйнасці працы і ў абсалютным, і ў адносным выяўленні пакуль пакідае надзеі на лепшае. 

За 8 месяцаў рост склаў усяго 1,2 %. Пры гэтым даходы насельніцтва і заработная плата ў рэальным выяўленні (з папраўкай на інфляцыю) павялічыліся недзе на 10 %. Пэўны дысбаланс прысутнічае. Хоць пераацэньваць яго ўплыў на макраэканамічную стабільнасць не варта. З аднаго боку, канешне, апераджальны рост прыбыткаў падціскае на інфляцыю: попыт некалькі апярэджвае выпуск. З іншага боку, дэфіцыт кадраў (факт усім вядомы) і падаражанне кошту працоўнай сілы ствараюць дадатковыя стымулы да павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў за кошт аптымізацыі бізнес-працэсаў, а таксама ўкладання ў інавацыі і тэхнічную мадэрнізацыю.

Будзем рэалістамі: найлепшая матывацыя інавацыйнага развіцця — пагроза крызісу. Калі ён не прадбачыцца, то ўсе аддаюць перавагу кансерватыўным мадэлям — зразумелым, апрабаваным, адносна стабільным і звыклым. Яны аптымальныя і для бізнесу (інавацыі — дадатковыя рызыкі), і для дзяржавы (мінімізуюць сацыяльныя рызыкі), і для радавых работнікаў (не патрабуюць дадатковых намаганняў па павышэнні кваліфікацыі, пераходу на новыя прынцыпы работы). Таму ў падаражанні працы ёсць і станоўчы фактар: яно штурхае і робіць амаль безумоўным выхад на новы ўзровень развіцця з пункту гледжання як тэхналогій, так і арганізацыі вытворчасці.

Чытайце таксама: ВУП Беларусі ў студзені-жніўні вырас на 1,6%

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю