Top.Mail.Ru

Выпускнікі дзявятых і адзінаццатых класаў сёння выбіраюць навучанне на ўзроўні ССА або ПТА

Рэальнасць такая, што цяперашняя моладзь сапраўды вітае хуткі выхад на рынак працы і ранняе дасягненне аўтаноміі ад бацькоў — юнакі і дзяўчаты цэняць фінансавую незалежнасць і хочуць прымаць рашэнні самастойна. Усё часцей падлеткі разумеюць, што навучанне на рабочую спецыяльнасць — гэта надзейная сініца ў руках. А бацькі паступова пазбаўляюцца ад стэрэатыпу, што непаступленне ў ВНУ азначае жыццёвую няўдачу. І каледжы ўжо не ўспрымаюцца як запасны варыянт для школьнікаў, якія не паспяваюць, іх не называюць грэблівым словам «хабза» — наадварот, цяпер яны становяцца ўсвядомленым выбарам тых, хто імкнецца да хуткага прафесійнага старту.



Прафесійна-тэхнічная адукацыя Беларусі ў пачатку кастрычніка адзначае 85-гадовы юбілей. Салідны ўзрост, слаўная гісторыя — ад рамесных вучылішчаў і фабзавучаў да каледжаў, ад падраздзяленняў вытворчага навучання да цэнтраў кампетэнцый. І сур’ёзныя задачы — забеспячэнне навукаёмістых і высокатэхналагічных вытворчасцяў галін эканомікі высокакваліфікаванымі кадрамі. Сёння ў гэту гісторыю ўпісваюцца новыя старонкі, расказаць пра якія папрасілі рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерыя ГАЛУБОЎСКАГА.

Кузня сучасных кадраў

— Сістэма прафесійнай адукацыі павінна аператыўна рэагаваць на любыя выклікі часу, а галоўны яе прыярытэт — забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту эканомікі краіны, — адзначыў ён. — Укараненне сучасных тэхналогій размывае грань паміж рабочым, тэхнікам, як спецыялістам сярэдняга звяна, і інжынерам. Спецыялісты становяцца ўсё больш універсальнымі, выконваючы функцыі і рабочага, і арганізатара малых груп работнікаў, скажам, на ўчастках. Яны выкарыстоўваюць інжынерныя веды з ужываннем праграмнага забеспячэння і гэтак далей. У выніку, да сённяшняга дня мы прыйшлі, аб’яднаўшы праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і кароткатэрміновыя праграмы дадатковай адукацыі дарослых.

Спыніўшыся на дадатковай адукацыі, Валерый Мікалаевіч падкрэсліў, што гэта — таксама частка сістэмы падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў.

— Чалавек так арганізаваны або такія абставіны складваюцца, што на працягу ўсяго жыцця перыядычна мяняе прафесійную траекторыю, — тлумачыць ён. — Важным момантам лічу тое, што ў Беларусі не стваралася паралельная сістэма дадатковай адукацыі па лініі, скажам, Мінпрацы. Вельмі рацыянальны падыход, калі ведамства замест выдаткаў на стварэнне сваіх навучальных цэнтраў выкарыстоўвае базу каледжаў, каб накіроўваць на перавучванне, напрыклад, беспрацоўных. 

Па словах суразмоўцы, многія прадпрыемствы для павышэння ўзроўню кваліфікацыі сваіх работнікаў наўпрост звяртаюцца ў каледжы, таму што ведаюць: там ёсць і майстры, і добрыя вытворчыя базы. У якасці прыкладу Валерый Галубоўскі прывёў сітуацыю, калі ўводзіліся новыя прынцыпы школьнага харчавання. Тады ў харчаблокі ўсталёўвалася новае сучаснае абсталяванне, абнаўляліся тэхналагічныя карты, а кухары масава навучаліся на дадатковых курсах, каб павысіць свой разрад да неабходнага.

Замест новай спецыяльнасці — модуль

Сучасныя тэхналогіі распаўсюдзіліся на ўсе аспекты чалавечага жыцця, яны мяняюцца вельмі імкліва і патрабуюць гнуткасці ў розных сферах прымянення, асабліва ў тых, якія спецыялізуюцца на падрыхтоўцы кадраў.

— Таму мы лічым вельмі важным ствараць умовы для аператыўнага рэагавання на гэтыя змены ў сістэме прафесійнай адукацыі, — расказвае рэктар інстытута. — Адным з эфектыўных інструментаў такога рэагавання з’яўляюцца адукацыйныя модулі.

Як растлумачыў наш суразмоўца, адукацыйны модуль у падрыхтоўцы кадраў — гэта структураваная частка праграмы навучання, накіраваная на набыццё канкрэтных актуальных кампетэнцый, якіх не было раней.

— Узяць той жа рамонт аўтамабіляў, — прыводзіць прыклад ён. — Спецыялісты ў гэтай сферы абслугоўвання былі і 10, і 20 гадоў таму, цэняцца і цяпер. Аднак прыйшоў час, і традыцыйныя машыны сталі спачатку павольна, а сёння ўжо імкліва змяняць электракары. Але гэта не азначае, што трэба тэрмінова ўводзіць новую спецыяльнасць — дастаткова ў наяўную праграму па падрыхтоўцы аўтаслесараў уставіць модуль, па якім будуць вывучаць спецыфіку, прылады і тэхналогіі абслугоўвання транспартнага сродку з электрарухавіком. І так — у любой іншай сферы.

Электронны каледж

Трэці год у сямі каледжах краіны пілатуецца праект па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы кіравання «Электронны каледж».

— Аўтаматызацыю адміністрацыйных і навучальных працэсаў з дапамогай інфармацыйных сістэм плануем дапрацаваць і запусціць ва ўсіх каледжах у наступным годзе, — дзеліцца Валерый Галубоўскі. — Сістэма не толькі дапаможа адысці ад руціннай аперацыйнай работы з папяровымі носьбітамі — яна будзе ўзаемадзейнічаць з рэспубліканскім інфармацыйным адукацыйным асяроддзем, якое таксама пакуль яшчэ дапрацоўваецца. Усё гэта дасць магчымасць вызваліць час для таго, каб у метадыстаў і педагогаў з’явіўся рэсурс для ўласнага развіцця, развіцця моладзі і, у канчатковым выніку, удасканалення якасці адукацыйнага працэсу. Гэта ў кіраванні. У змесце адукацыі памочнікам павінен стаць штучны інтэлект. І ў нашай сістэме ён будзе найбольш карысным, таму што сёння ў прафесійнай адукацыі вывучаецца шмат тэхналогій, схаваных ад вока чалавека. А разумець, што адбываецца ўнутры, трэба.

Цэнтры кампетэнцыі

— У сусветнай практыцы такія цэнтры называюцца кампетэнтнаснымі, цэнтры прафесійных кампетэнцый, рэсурсныя цэнтры, — расказвае Валерый Мікалаевіч. — Ствараючы свае цэнтры кампетэнцый, мы, вядома, выкарыстоўвалі сусветны вопыт, таму што сутнасць такіх структур, нягледзячы на розныя назвы, аднолькавая: рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць укладанне рэсурсаў у падрыхтоўку кадраў. Для гэтага на адной пляцоўцы па профілі падрыхтоўкі канцэнтруюцца самыя перадавыя тэхналогіі, абсталяванне, інструменты, праграмнае забеспячэнне. У нашай сістэме працуюць 53 цэнтры кампетэнцый па 9 відах эканамічнай дзейнасці, і ўсе яны раўнамерна размеркаваны па краіне.

Кіраўнік РІПА растлумачыў, што ў кожнай вобласці профіль цэнтра завязаны на рэгіянальнай эканоміцы. У Мінску няма сельскагаспадарчага профілю, затое ёсць машынабудаўнічы і будаўнічы. Існуюць цэнтры па грамадскім харчаванні, швейнай вытворчасці і іншыя.

— Забяспечыць кожны каледж сучасным перадавым абсталяваннем немагчыма, — дзеліцца Валерый Галубоўскі. — Ды і не мае сэнсу: для асваення базавых навыкаў у кожным з іх ёсць майстэрні. Але асвойваць перадавую тэхналогію, скажам, зварку каляровых металаў, у адным цэнтры кампетэнцый могуць адразу некалькі профільных каледжаў.

Наш суразмоўца расказаў, што такім жа чынам ідзе работа і ў рэгіёнах. Самы вялікі блок машынабудаўнічых прадпрыемстваў — у Мінску, Віцебскай і Гомельскай абласцях, там і працуюць цэнтры кампетэнцыі адпаведнага профілю. У іншых рэгіёнах, такіх, напрыклад, як Магілёўскі або Брэсцкі, такой колькасці прамысловых прадпрыемстваў няма — значыць, і няма неабходнасці ствараць там цэнтры кампетэнцыі, а навучэнцы могуць прайсці навучанне ў Мінску, Гомелі ці Віцебску.

— Калі ўзяць аграрны профіль, — працягнуў рэктар РІПА, — то цэнтры кампетэнцый ёсць практычна ў кожным рэгіёне. І ў іх ужо ўкаранёны лічбавыя рашэнні па дакладным земляробстве, цяпер праграма дапаўняецца яшчэ адным перспектыўным напрамкам — кіраваннем беспілотнікамі, якія будуць уносіць угнаенні, аналізаваць глебу і гэтак далей.

ProfSkіlls — дарога ў будучыню

045A4313.JPG

Першы конкурс прафесійнага майстэрства па міжнародных стандартах прайшоў у Беларусі ў 2014-м. За гады існавання ён зарэкамендаваў сябе як важнае мерапрыемства і пляцоўка для павышэння прэстыжу рабочых прафесій, дэманстрацыі прафесійных навыкаў і прыцягнення моладзі да засваення новых спецыяльнасцяў. Тое, што маладыя людзі праяўляюць цікавасць да ўдзелу ў конкурсе, горача вітаецца. Але як далей развіваецца прафесійная дзейнасць гэтых таленавітых дзяцей, наколькі зацікаўлены ў іх прадпрыемствы?

— ProfSkіlls — фестываль прафесій, свайго роду агледзіны таленавітых і мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат, — гаворыць Валерый Галубоўскі. — І агледзіны гэтыя ў вялікай ступені ладзяцца менавіта для прадпрыемстваў, якія, дарэчы, прымаюць самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы пляцовак і іншых конкурсных мерапрыемстваў, дапамагаючы абсталяваннем і матэрыяламі. На самім конкурсе патэнцыяльныя работадаўцы назіраюць за канкурсантамі, бачаць узровень адказнасці, самастойнасці, ацэньваюць складанасць работ і наколькі гэты малады чалавек для іх важны і патрэбны ў сённяшніх умовах. Магу сказаць, што ўжо не адзін год і не першы ўдзельнік рэспубліканскага этапу атрымаў прапановы работы непасрэдна на конкурснай пляцоўцы. Прычым гэта былі спецыялісты ў самых розных сферах: і сантэхнікі, і зваршчыкі, і станочнікі, і кухары. Ведаю, што ўжо не адзін цырульнік адкрыў сваю справу. Ёсць прыклады, калі юнакі і дзяўчаты — пераможцы і дыпламанты конкурсу — становяцца маладымі шэф-кухарамі, і літаральна праз два гады пасля заканчэння каледжа пад такога спецыяліста адкрываюць рэстаран.

Прыкладаў яркага прафесійнага і кар’ернага росту ў конкурсным руху нямала. На думку кіраўніка РІПА, надыходзіць пэўны пералом мыслення, і моладзь усведамляе: калі выступіш добра, перад табой адкрыюцца прывабныя перспектывы. А каб выступіць добра, ты павінен рыхтавацца, унікаць у складаныя заданні, трэніравацца.

— Вядома, не ўсе становяцца кіраўнікамі, не кожны адкрывае сваю справу, — гаворыць суразмоўца. — Кагосьці шануюць на прадпрыемстве як высакакласнага работніка, хтосьці прыходзіць у прафесійную адукацыю майстрам-выкладчыкам і ўжо сам рыхтуе канкурсантаў да міжнародных чэмпіянатаў. Такім чынам, у сістэме прафадукацыі ўжо сфарміраваліся дынастыі — не сямейныя, але прафесійныя. І гэта таксама выдатнае развіццё конкурснага руху.

Пра выхаванне

— Захоўваючы традыцыі сістэмы прафтэхадукацыі, якая ўлілася ў агульную сістэму прафесійнай адукацыі, мы па-ранейшаму працуем на дзіця і яго развіццё, — разважае Валерый Галубоўскі. — У каледж паступае 15-гадовы падлетак, па сутнасці, яшчэ дзіця з усімі асаблівасцямі пераходнага ўзросту, не заўсёды з поўнай сям’і, часам з цэлым шлейфам заўваг і парушэнняў. Мы стараемся зрабіць усё, каб накіраваць яго на правільны шлях. Спорт, музыка, мастацкая самадзейнасць. Падлеткі ахвотна ўступаюць у атрады аховы правапарадку і ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху. І што мы бачым? Большасць дзяцей выраўноўваюць сваю траекторыю як чалавека, асобы, грамадзяніна і патрыёта. Лічу, у гэтым і ёсць наша галоўнае прызначэнне.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: Узрост — не перашкода. Як 49-гадовая мінчанка стала студэнткай ВНУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю