Top.Mail.Ru

Абноўлены канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» паказалі ў Маскве

Канцэрт-рэквіем, які ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі ўбачыла, без перабольшвання, уся Беларусь, паказалі ў Вялікай зале Крамлёўскага палаца. Шэсць тысяч гледачоў ушанавалі памяць кожнага трэцяга беларуса, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, разам з удзельнікамі мастацкай праграмы, якую склалі як вядомыя песні савецкага перыяду, так і сучасныя кампазіцыі, прысвечаныя ваеннай тэме.



Акрамя гэтага, у канцэрт уключаны ўнікальныя фотадакументы, хранікальныя кадры. А паэтычнай асновай праграмы стаў «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. 

І гэты кранальны, праўдзівы, маштабны музычна-паэтычны аповед усім нам нагадвае пра боль, пакуты, страты ў эквіваленце людскіх пакут і цану, якую Беларусь заплаціла за Вялікую Перамогу і права жыць пад мірным небам вось ужо 80 гадоў, нікога не пакінуў і ў той вечар абыякавым.

«Праект вельмі значны і вельмі высакаякасны з пункту гледжання падрыхтоўкі артыста, рэжысёра і гэтак далей. Яшчэ больш значна, што гэтую тэму мы нясём у сабе і кожны трэці — гэта пра нас. Няма ніводнай беларускай сям’і, у якую гора Вялікай Айчыннай вайны не дайшло. Тое, што менавіта мы з’яўляемся такімі адданымі барацьбітамі за гістарычную праўду, не выпадковасць», — адзначыла ў размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля ПЯТКЕВІЧ.

Віцэ-прэм’ер таксама выказала ўдзячнасць расійскаму боку за тое, што падтрымалі ідэю і зрабілі яе рэальнасцю: «Гэта эмацыянальна цяжкі праект. Для мяне, напрыклад, кожная ваенная песня — боль. Дзякуй Богу, што мы і пакаленне нашых бацькоў не былі сведкамі гэтага. Краіна, у якой мы жывём, помнікі вайны настолькі напоўнены ўспамінамі і адчуваннямі, што гэтая каштоўнасць Перамогі, свабоды, міру для нас набывае не проста кніжнае значэнне. Гэта тая каштоўнасць, якую мы павінны адстойваць і за якую павінны змагацца».

257236-37.JPG

Варта адзначыць, што прэм’ера канцэрта адбылася летась таксама ў Маскве ў маі на Паклоннай гары. Але, як распавяла галоўны рэжысёр канцэрта-рэквіема «Кожны трэці», мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава АРЦЮКОЎСКАЯ, у сёлетняй праграме з’явіліся і некаторыя змены: «Мы „Кожны чацвёрты“ закрэсліваем і пішам „Кожны трэці“. Штогод, калі не штодзень, праводзяцца расследаванні. Наша пракуратура іх праводзіць. Таму і кожны канцэрт адрозніваецца ўжо ўдакладненымі данымі». Паводле яе слоў, канцэрт у Крамлёўскім палацы якраз і паказвае самыя свежыя дакументальныя сведчанні аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага, сама пляцоўка дазволіла стваральнікам узмацніць дзеянне, далучыць большую колькасць людзей і ў выніку прадставіць гледачам маштабны аповед пра боль і жах, якія прынесла нашаму народу вайна, і пра нашу памяць аб гэтым.

Алена ДРАПКО

Фота БелТА

Чытайце таксама: Кожны трэці. Нельга забыць

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю