Top.Mail.Ru

У Беларусі выбудавана скразная мадэль інклюзіўнай адукацыі

Гэта проста дзеці

Юныя беларусы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сёння вучацца ў звычайных школах, многія з іх, каму дазваляюць здароўе і магчымасці, пражываюць разам з аднагодкамі шумнае, вясёлае і цікавае школьнае жыццё і ідуць далей, насустрач будучыні — паступаюць у каледжы і ВНУ, удзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах, атрымліваюць першую работу, уліваюцца ў працоўныя калектывы...

У 2022 годзе ў Беларусі стартаваў праект ЮНІСЕФ «Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для развіцця патэнцыялу кожнага дзіцяці». Над яго рэалізацыяй працавалі разам ЮНІСЕФ і Міністэрства адукацыі, фінансава падтрымліваў Урад Расійскай Федэрацыі.

— Беларусь для нас — стратэгічны саюзнік, таму мы лічым за гонар аказваць падтрымку ў рэалізацыі ініцыятыў ЮНІСЕФ, звязаных з інклюзіяй, — падкрэсліў саветнік-пасланнік пасольства Расіі ў Беларусі Пётр ФРАЛОЎ.

Падтрымка атрымалася сапраўды адчувальная — у школах створана безбар’ернае асяроддзе, набыта больш за 400 адзінак асістыўнага абсталявання, якім карыстаюцца больш як 3 тысячы школьнікаў. Асновай адукацыйнай палітыкі ў нашай краіне з’яўляюцца сацыяльная справядлівасць, празрыстасць і роўныя магчымасці для ўсіх. Дзеці, якія б асаблівасці псіхафізічнага развіцця або адукацыйныя патрэбы ў іх ні былі, застаюцца проста дзецьмі — нашымі дзецьмі і грамадзянамі. Яны павінны быць у соцыуме — дзіцячым і школьным.

— Але ўсе гэтыя асаблівасці неабходна ўлічваць пры арганізацыі навучальнага працэсу, — адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення-начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Беларусі Альбіна ДАВІДОВІЧ. — Мы вывучалі вопыт калег у Смаленску, Маскве і Санкт-Пецярбургу, шмат карыснага вынеслі. І нам было што расказаць расійскім педагогам. Гэта дазволіла адаптаваць адукацыйныя стандарты і абмяняцца напрацоўкамі. Цяпер пытанні інклюзіўнага навучання ўключаны ва ўсе праграмы педагагічных спецыяльнасцяў.

На працягу трох гадоў праграму рэалізоўвалі ў 118 пілотных школах і дзіцячых садках Беларусі. Работа вялася па пяці кірунках: удасканаленне заканадаўства, стварэнне навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў, падтрымка інклюзіі праз цэнтры адукацыі, фарміраванне сеткі інклюзіўных устаноў.

За тры гады апрабацыі распрацавана Нацыянальная стратэгія па развіцці інклюзіўнай адукацыі да 2030 года, скарэкціраваны адукацыйныя стандарты, навучальныя планы і праграмы. Пра тое, як праект рэалізоўваўся на практыцы і якія даў вынікі, мы папрасілі расказаць Таццяну РУДЗЬ, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 13 горада Слуцка. А пачала яна з педагагічнага калектыву.

— У нас, напэўна, самыя выдатныя педагогі, — падзялілася намеснік дырэктара. — Яны вельмі добрыя і дасведчаныя, пастаянна вучацца. Усе разам заўсёды ўдзельнічаем у нейкіх праектах, шукаем нешта новае, наведваем усе магчымыя канферэнцыі і курсы. Працуючы з асаблівымі дзецьмі, трэба ўмець выбудоўваць адносіны і з іх бацькамі. Нашы педагогі гэта ўмеюць, а калі працуем разам — педагогі, бацькі і дзеці, — тады атрымліваецца і вынік. Мы назіраем не толькі за тым, як растуць, мяняюцца нашы дзеці, мы бачым і тое, як растуць над сабой і іх бацькі.

У слуцкай школе — 9 інтэграваных класаў і 32 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прычым гэта дзеткі не толькі з расстройствам аутыстычнага спектра. Катэгорыі асаблівых вучняў тут самыя розныя — з парушэннямі зроку і слыху, апорна-рухальнага апарата, з цяжкасцямі ў навучанні. Адразу пытанне: «Як такіх дзяцей прымаюць іх здаровыя аднагодкі»?

— Добра прымаюць, як роўных, — кажа намеснік дырэктара. — З часам яны нават перастаюць заўважаць, што ў аднакласніка праблема са зрокам або слыхам, што ён перасоўваецца ў калясцы. У дзяцей ёсць дзіўная здольнасць разумець адзін аднаго без перакладчыка. Яны маюць зносіны на роўных. 

І гэта дапамагае нашым асаблівым вучням ісці далей, адаптавацца ў грамадстве.

Акрамя таго, установа адукацыі ўзаемадзейнічае са Слуцкім індустрыяльным каледжам, і пасля заканчэння базавай школы асаблівыя выпускнікі паступаюць туды і атрымліваюць будаўнічую спецыяльнасць.

Таццяна Рудзь з гонарам расказвае пра сваіх выпускнікоў. Напрыклад, пра Сяргея, якому праблемы са зрокам не перашкодзілі летась паступіць у радыётэхнічны каледж і ўжо паспець там стаць «зоркай» — хлопец удзельнічае і перамагае ў рэспубліканскіх конкурсах. Калясачнікі Каця і Ілья працягваюць адукацыю ў БДУІР. Паліна з захворваннем апорна-рухальнага апарата паступіла ў адзін з мінскіх харчовых каледжаў на завочнае аддзяленне. Не адстаюць і дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю