Самым каштоўным для сапраўднага настаўніка становіцца той момант, калі словы «Дзякуй, настаўнік!» прамаўляе яго вучань. Два словы — і не трэба больш ніякіх узнагарод. Яны — самыя каштоўныя, бо азначаюць, што веды, цярпенне, нервы і душэўныя сілы былі аддадзены дзецям нездарма. Адкрываючы дзверы ў будучыню, настаўнік, змахваючы слязу, крадком хрысціць сваіх выхаванцаў, каб іх будучыня абавязкова была шчаслівай.
Зразумела, у адрас віноўнікаў урачыстасці прагучала нямала добрых слоў. Надзвычай пранікнёныя і шчырыя віншаванні — ад Прэзідэнта, прывітальны ліст зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ.
Ён таксама падзяліўся сваімі думкамі наконт высакароднай прафесіі настаўніка: «Я ішоў сюды і думаў, чаму Дзень настаўніка —
усенароднае свята. Мусіць, таму, што адукацыя ад дзіцячага садка да ВНУ, уключаючы школы і каледжы, — гэта калі не ўся краіна, то палова дакладна.
А калі дадаць сюды бацькоў, дзядуль і бабуль, усіх, хто перажывае, спачувае, то гэта, напэўна, нават уся краіна цалкам. У такі святочны дзень мы збіраемся для таго, каб ад імя ўсіх — ад кіраўніцтва дзяржавы, ад удзячных бацькоў — сказаць педагогам цёплыя словы падзякі. Маем на гэта права, паколькі вы не проста вучыце, не проста даяце веды, вы фарміруеце асобы, ствараеце сапраўдных патрыётаў, вы 24/7 — часам больш, чым родныя мамы і таты, — з дзецьмі на сувязі. І нават калі вашы вучні заканчваюць навучальныя ўстановы, вы ўсё роўна працягваеце сачыць за іх лёсам, маеце зносіны ў класных групавых чатах, перажываеце, цікавіцеся іх жыццём. Гэта прафесія вялікага сэрца, гэта прызванне, прызначэнне, якое даецца ад Бога, і ўжо дакладна не меркантыльны фінансавы выбар. Кожны год у гэты дзень гаворым вам словы падзякі. Нізкі паклон вам за тую працу, якую вы робіце».
Словы, якімі ўдзельнікаў святочнай урачыстасці і ў іх асобе ўсіх педагогаў Беларусі вітаў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць гэтай зусім не лёгкай, але вельмі пачэснай прафесіі: «Настаўнік — гэта той, хто бярэ за руку нашых дзяцей у дзіцячым садку, хто прыводзіць да ведаў за школьнай партай, хто дае прафесію, а разам з ёй і пуцёўку ў жыццё. Таму за Днём настаўніка даўно і трывала замацаваўся статус усенароднага свята».
Затым наступіў прыемны момант узнагароджвання. Найлепшым прадстаўнікам галіны ўручылі заслужаныя падзякі і граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Свята — выдатная нагода дзяліцца добрымі навінамі, і Андрэй Іванец іх агучыў. У прыватнасці, ён адзначыў, што з кожным годам усё больш і больш адораных, таленавітых і матываваных юнакоў і дзяўчын прыходзяць у прафесію настаўнікаў. Гэта бачна па колькасці медалістаў, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, кожны трэці будучы настаўнік сёлета — выпускнік педагагічнага класа. І ўсё гэта сведчыць, што тая сістэма падтрымкі, якая створана для нашых педагогаў, дае свае вынікі.
Рэспубліканскае свята атрымалася душэўным — такім і павінна быць свята для людзей, якія выбралі сваю прафесію сэрцам.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА