Top.Mail.Ru

Праект Вялікага тэатра «Жыццё ў прафесіі» ў гэтым сезоне прысвяцілі народным артыстам Беларусі

Балетны лёс Юрыя Траяна

Першая сустрэча прымеркавана да 75-годдзя славутага артыста і харэографа Юрыя Траяна.

Гэта артыст, які вызначаў узровень беларускага балета, выканаўшы шмат яркіх партый. А пасля раскрыўся яшчэ і як харэограф, паставіўшы некалькі балетаў у тэатры. Цяпер у рэпертуары нацыянальны спектакль «Анастасія» (аўтар — айчынны сучасны кампазітар Вячаслаў Кузняцоў). Менавіта з яго паказу пачнецца чарговы цыкл праекта «Жыццё ў прафесіі».

Творчы шлях Юрыя Траяна ў тэатры пачаўся ў 1968 годзе пасля заканчэння Мінскага харэаграфічнага вучылішча, але таямніцы Вялікага тэатра Беларусі ён для сябе стаў раскрываць яшчэ дзіцем — тут працавала касцюмерам яго мама. Каб наблізіцца да чароўнага свету балета, прыйшлося ў яго паглыбіцца самому. Пры тым, што гэтае захапленне для хлопчыка стала ў нейкім сэнсе выпрабаваннем на трываласць і сур’ёзнасць: некалькі раз ён кідаў заняткі, пасля вяртаўся. Але гэта быў і лёс, бо прыход у тэатр прыпаў на той перыяд, калі патрабаваліся маладыя харызматычныя артысты з высокім узроўнем прафесійнага майстэрства ды імкненнем да пошуку, жаданнем шмат працаваць. Званне заслужанага артыста Беларусі Юрый Траян атрымаў вельмі рана, у 21 год. Народным артыстам Беларусі стаў у 29.

  • Юрый Траян быў бездакорны ў класічным рэпертуары, але не толькі. Асабліва яго талент раскрыўся ў наватарскіх на той час балетах, што з’явіліся ў тэатры. Траян быў з тых артыстаў, якія не проста танцуюць, выконваюць патрэбныя рухі, згодна з задачамі пастаноўшчыкаў, але, упісваючыся ў вобраз, робяць яго жывым. Некаторыя партыі ў яго выкананні сталі ўзорнымі — ён задаў высокую планку (напрыклад, некаторыя яшчэ памятаюць яго Тыля Уленшпігеля, Адама ў «Стварэнні сусвету» ці Спартака).

Пасля пераходу на выкладчыцкую працу ён працягваў уплываць на развіццё айчыннай харэаграфічнай школы: узначальваў Беларускае харэаграфічнае вучылішча, з 1990 года быў у кіраўніцтве Вялікага тэатра Беларусі, дзесяць гадоў (з 2009 да 2019) з’яўляўся мастацкім кіраўніком трупы балета, нейкі час працаваў галоўным балетмайстрам. Як балетмайстар-пастаноўшчык прапанаваў два спектаклі па нацыянальнай тэматыцы. Балет «Вітаўт» (В. Кузняцова) быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як сучасная беларуская пастаноўка, а Юрый Траяна ўзнагародзілі і за найлепшую работу балетмайстра.

Балет «Анастасія» створаны ў 2018 годзе і звяртае да беларускай гісторыі, адной з рэальных асоб княжны Анастасіі Слуцкай, якая пасля смерці мужа здолела сабраць войска і ўзначаліць абарону горада. У балеце гэтая гісторыя атрымалася не столькі ваяўнічай, колькі рамантычнай — Траян выдатна ведае, што прыцягвае публіку, бо як артыст удала ўвасабляў высокія пачуцці і перанёс гэта ў свае пастаноўкі. Падчас паказу ў межах праекта «Жыццё ў прафесіі», прысвечанага Юрыю Траяну, выканаўцамі галоўных партый у балеце будуць народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна і Антон Краўчанка — дарэчы, герой аднаго з трох найбліжэйшых вечароў праекта, задуманых цяперашнім галоўным харэографам тэатра заслужаным артыстам Расіі Ігарам Колбам, які імкнецца паказаць, што ў гэтай прафесіі жыццё неабавязкова можа быць абмежаваным узроставымі рамкамі, як звычайна лічыцца...

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю