Top.Mail.Ru

Стартаваў першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання для падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ 2026 года

Пачатак вялікай кампаніі

Навучальны год толькі пачаўся, і да яго фінішу яшчэ доўгія тры з паловай чвэрці, а старт новай уступнай кампаніі ўжо абвешчаны — у кастрычніку пройдзе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання (РТ) для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання 2026 года.

Рэпетыцыю можна будзе прайсці па 14 вучэбных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі ў тры этапы: першы, як мы згадалі вышэй, пройдзе з кастрычніка да снежня 2025 года, другі — у студзені і лютым 2026-га, а заключны, трэці, этап намечаны на сакавік—красавік наступнага года. У Міністэрстве адукацыі нагадалі, па якіх прадметах можна прайсці тэст. Гэта руская і беларуская мовы, фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, шэраг замежных моў — англійская, нямецкая, французская, іспанская і кітайская, гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, грамадазнаўства, геаграфія.

Пералік устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, на базе якіх можна прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне, будзе размешчаны на сайце РІКВ пасля заключэння з імі дагавораў. Кожны пункт вызначае свой графік правядзення і колькасць удзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання па вучэбных прадметах. Актуальная інфармацыя па ўсіх даступных сеансах рэпетыцыйнага тэсціравання размяшчаецца ў асабістым кабінеце ўдзельніка тэсціравання на сайце РІКВ. Там жа, у асабістым кабінеце, з’явяцца і вынікі РТ: у 20-х чыслах снежня — першага этапу, у 20-х чыслах лютага — другога этапу і ў 20-х чыслах красавіка — трэцяга этапу. У асабістым кабінеце на сайце РІКВ абітурыенты таксама змогуць атрымаць рашэнне заданняў тэста для правядзення работы над памылкамі.

Вузельчык на памяць

Што трэба

Для ўдзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні неабходна мець:

  • дакумент, які сведчыць асобу;

  • раздрукаваны пропуск удзельніка рэпетыцыйнага тэсціравання;

  • ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру.

Што можна

Пры выкананні тэстаў па хіміі і фізіцы дапускаецца выкарыстанне калькулятара, які не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі.

Удзельнікі тэсціравання могуць выбраць любую колькасць прадметаў у рамках устаноўленага графіка РТ (уключаючы дадатковыя дні).

Што забаронена

Праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца тэсціраванне, любыя прадметы і дакументы (кнігі, сшыткі, сумкі, мабільныя тэлефоны, электронныя запісныя кнігі, пеналы, алоўкі, лінейкі, карэктавальную вадкасць). Забаронена капіраваць, фатаграфаваць, выносіць за межы аўдыторыі матэрыялы рэпетыцыйнага тэсціравання (тэставыя заданні), а таксама распаўсюджваць тэставыя заданні, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт, у асабістых кантактах сацыяльных сетак. Нельга фальсіфікаваць даныя ў рэгістрацыі бланку адказаў, мяняцца месцамі, выкарыстоўваць дапамогу іншых асоб для выканання тэставых заданняў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю