Top.Mail.Ru

Як на прыкладзе аднаго сельсавета дэпутаты працуюць з насельніцтвам

Штогод у Мсціслаўскім раёне Магілёўшчыны рэалізуюцца дзясяткі праектаў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця. І дэпутаты ў гэтым задзейнічаны непасрэдна. Як гэта робіцца, мы паназіралі на прыкладзе Капачоўскага сельсавета, дзе нядаўна правялі выязную сесію. Кіраўнікі арганізацый, прадстаўнікі райвыканкама, дэпутаты раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, старасты, члены Камітэта грамадскага тэрытарыяльнага органа самакіравання падзяліліся сваімі напрацоўкамі і намецілі новыя планы.


З хлебам і малаком

Аўтакрама ў вёску Быстрыца прыбыла па раскладзе. Праз пяць хвілін да яе пацягнуліся месцічы. Пенсіянерка Надзея Крупянкова купіла батон, апельсін, мінералку. Ацаніла выбар мясных вырабаў, але браць не стала. Здароўе, кажа, не дазваляе.

— Нас тут адсутнасцю тавараў не крыўдзяць, — ўдакладніла яна. — Былі б грошы. І прадавец падабаецца. Добра працуе, малайчына. Мы яе ведаем, а яна нас. Перажываем, калі хварэе.

Прадавец Жана Жыгунова ветліва ўсміхаецца, густы жыхароў яна ўжо ведае, як свой асабісты. Усе заказы строга на кантролі.

— У раёне 133 гандлёвыя аб’екты, сорак з іх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці — 27 ад райспажыўкааперацыі і 13 ад прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, — расказвае намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Вольга Судзілоўская. — Райспажыўкааперацыя мае найвялікшую ўдзельную вагу ў тавараабароце — каля 27,5 %.

Дзяржава аказвае істотную падтрымку — субсідзіруе маршруты, забяспечвае сістэмай Fusіon для аўтаматызаванага ўліку і продажу тавараў. На жаль, Fusіon не заўсёды добрая альтэрнатыва правераным касавым апаратам. У аддаленых вёсках не паўсюль ёсць доступ да сувязі, а без гэтага загрузіць звесткі аб тавары і прадаць яго нельга.

У аграгарадку Басценавічы цэнтр жыцця — крама «Родны кут». «За месяц на 60 тысяч рублёў крама нагандлёўвае, лічба добрая, — ганарыцца прадавец Алеся Каліноўская, яна ж выконвае абавязкі загадчыцы крамы. — Працуем не першы год, ведаем густы жыхароў, папярэджваем іх заяўкі і напаўняем вітрыны неабходнымі таварамі.

У аграгарадку Капачы акрамя крамы ад спажыўкааперацыі ёсць яшчэ і прыватны гандлёвы павільён. Працуе як у горадзе — кожны дзень з 8.00 да 20.00. Толькі ў нядзелю і панядзелак да 18.00. Паспяхова выконвае заяўкі сялян паштовае аддзяленне. На кастрычнік, напрыклад, ёсць заказы на лінолеум і халадзільнік.

— Мы злучальнае звяно паміж насельніцтвам і гандлем, медыцынай, ахоўваем інтарэсы людзей, — кажа старшыня Капачоўскага сельсавета Сяргей Фядосаў. — У тых жа Басценавічах, нягледзячы на невялікую колькасць жыхароў — каля 200 чалавек, тавараабарот выконваецца. У продажы ёсць усё, у тым ліку прадукты для немаўляці.

«Дажынкі» прыватных падворкаў

Няўрымслівы Сяргей Фядосаў, які не адзін год адпрацаваў у сістэме адукацыі, да абавязкаў прывык падыходзіць творча. З яго лёгкай рукі ў Капачах з’явіўся акультураны парк «Родны» («Родимый»), назву якому давалі ўсім аграгарадком. А на возеры за населеным пунктам адноўлена старажытная крыніца. Парадак на ёй наводзіўся з удзелам жыхароў, а альтанка і лаўкі былі зроблены сваімі рукамі без адзінай бюджэтнай капейкі. 

Сельсавет разам з культработнікамі распрацавалі абрад свята «Дажынкі» прыватных падворкаў пад назвай «Багач». Запрасілі ўсіх жадаючых са сваім ураджаем. Атрымалася вельмі душэўна. Да ўдзельнікаў выязной сесіі далучыўся і старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Юрый Блахін.

— Падчас такіх выязных сесій мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з насельніцтвам, бачым праблемы, якія ёсць, і сумесна з дэпутатамі стараемся іх вырашаць, — паведаміў ён. — Галоўнае, каб людзі верылі, што любое іх пытанне мы не пакінем без увагі. А на мерапрыемства «Багач» можна смела запрашаць увесь раён.

— «Багач» — перспектыўны праект, — салідарная з ім старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — У нас з кіраўнікамі сельсаветаў ёсць намер распаўсюдзіць гэты вопыт. Аб’яднаем усіх нашых актыўных і ініцыятыўных сялян, якія працуюць на зямлі, каб усім паказаць, наколькі ёсць захопленыя людзі, а заадно дапамагчы рупліўцам рэалізаваць іх тавар.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Мсціслаўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю