З пункту гледжання менеджменту, імпартазамяшчэнне — самая простая стратэгія. Нічога звышасаблівага і рабіць не варта. Ёсць прадукцыя з выразнымі і зразумелымі характарыстыкамі. Пастаўшчыкі сыравіны і камплектуючых вядомыя. Ёмістасць рынку і ключавыя крытэрыі канкурэнтаздольнасці відавочныя. Тэхналогіі, у прынцыпе, не з’яўляюцца вялікім сакрэтам. Ніякай асаблівай фантазіі і крэатыву праяўляць не трэба: вырабляй і прадавай. Самая вялікая праблема — не ўпасці ў ілюзію і здолець адгрызці кавалачак рынку ў канкурэнтаў. І не проста іх пасунуць, а яшчэ і забяспечыць годны фінансава-эканамічны вынік, які б надзейна і безумоўна забяспечваў вяртанне інвестыцый.
З апошнім на справе аказваецца нашмат складаней. Устояныя сегменты рынку зразумелыя — у гэтым іх перавагі. З іншага боку, калі сегмент ужо падзелены, у існуючых вытворцаў выбудаваны выразныя вытворчыя і збытавыя ланцужкі, то ўклініцца пачаткоўцу зусім няпроста. Парог уваходу ў такія сегменты досыць высокі з пункту гледжання інвестыцый у маркетынг, рэкламу, збыт, прасоўванне. Пакупнікоў прыйдзецца адваёўваць у канкурэнтаў, прапаноўваць больш цікавыя ўмовы: па цане (тады ніжэйшая маржынальнасць), па якасці (тады расце сабекошт), па больш выгадных умовах суправаджэння тавару (павялічваюцца бягучыя выдаткі). Словам, нават выйграўшы па аб’ёмах продажаў, можна прайграць па грашах, калі суседзі па бізнесе будуць зарабляць больш на адзінцы прадукцыі. А лепшы фінансава-эканамічны вынік заўсёды дае перавагі ў гонцы на рынкавае выжыванне ў доўгую. На кароткай дыстанцыі можна зрабіць рывок, але на марафонскі забег не хопіць сіл.
Існуе яшчэ адна спецыфіка. Самая высокая рэнтабельнасць у інавацыйных тавараў. Вытворцы першых смартфонаў выдаткавалі істотныя сродкі на іх распрацоўку, але ў першыя гады выхаду на рынку новага гаджэта зараблялі на ім вялікі прыбытак. Калі прадукт стаў масавым і звыклым, то з-за канкурэнцыі значна падае маржынальнасць. І выжыць на рынку ўдаецца не заўсёды нават буйным кампаніям. Нават у такіх безагаворачных лідараў, як Apple і Samsung, узнікаюць пэўныя складанасці. А больш слабыя гульцы ўжо пакінулі або пакідаюць рынак.
Звычайна пасля росту колькасці вытворцаў інавацыйнай прадукцыі наступны этап — кансалідацыя рынку ў руках буйных карпарацый — пераможцаў у жорсткай канкурэнцыі. Тым складаней на ўстояны рынак зайсці новай кампаніі. Асабліва калі вытворчасць даводзіцца арганізоўваць з нуля ці істотна мадэрнізаваць. Гэтыя інвестыцыі трэба акупіць. Добра яшчэ, калі выкарыстоўваюцца ўласныя сродкі. А калі часткова або цалкам пазыковыя, то прыйдзецца яшчэ і плаціць працэнт за карыстанне капіталам. І гэтыя выдаткі пераносяць на сабекошт. Што вельмі балюча, бо дзеючыя прадпрыемствы, як правіла, ужо цалкам амартызавалі свае вытворчыя фонды. Таму ў іх больш нізкі сабекошт па аб’ектыўных прычынах. Адпаведна, і вышэйшая канкурэнтаздольнасць. Асабліва калі на рынку здараюцца нейкія негатыўныя падзеі. Напрыклад, па нейкіх прычынах зніжаюцца кошты. Тады старыя ўдзельнікі рынку застаюцца ў станоўчай зоне, а вось больш маладыя кампаніі сыходзяць у адмоўную рэнтабельнасць. А там і да неплацежаздольнасці недалёка. Уласна кажучы, мы неаднойчы бачылі праекты, якія вельмі ўдала і паспяхова пачыналіся, а праз некалькі гадоў альбо паміралі, альбо патрабавалі для захавання нейкіх дадатковых ільгот ці нават дадатковых фінансавых уліванняў.
Ёсць яшчэ адна рызыка: у прынцыпе наяўнасць попыту ў доўгатэрміновай перспектыве. Імпартазамяшчэнне — гэта паўтарэнне прадукцыі і тавараў, якія знаходзяцца або ў сталай стадыі жыццёвага цыкла, або нават яе заканчэння. І калі сёння гэтую прадукцыю рвуць з рукамі, то не значыць, што гэта будзе працягвацца бясконца доўга. Нельга выключаць, што гадоў праз пяць адбудзецца затаварванне рынкаў. І што тады рабіць з новым абсталяваннем, але пры адсутнасці збыту? Бо інвестыцыйны цыкл патрабуе пэўнага часу. І ёсць рызыка запусціць вытворчасць да шапачнага разбору. Па сваёй неспрактыкаванасці ў канцы 80-х мы ўжо трапілі ў такую пастку ў масавым парадку, калі на звязаныя заходнія крэдыты набылі новае абсталяванне, але для вытворчасці тавараў, якія ўжо сыходзяць у мінулае. Напрыклад, тых жа дываноў. І ў пераважнай большасці выпадкаў гэтыя праекты скончыліся вельмі сумна.
Таму, як бачыцца, імпартазамяшчэнне — не панацэя. Асабліва калі казаць аб устойлівым развіцці і прамысловасці і эканомікі. Зноў жа, калі гаворка не ідзе аб крытычна важнай прадукцыі з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, якую складана набыць. У астатнім жа мэтазгодна арыентавацца на інавацыйныя, перспектыўныя сегменты. Працаваць не на існуючы, а будучы попыт. Рызык таксама нямала, але затое яны кампенсуюцца больш высокай маржынальнасцю. Вядома, гэта не значыць, што неабходна ўсім кінуцца ў стартапы. Ёсць шырокі спектр традыцыйнай для нашай прамысловасці прадукцыі, па якой у нас ёсць пэўныя стратэгічныя рынкі збыту, надзейныя спажыўцы, адпаведны імідж, пэўная канкурэнтаздольнасць. Гэтыя кірункі немэтазгодна кідаць: наадварот, іх неабходна развіваць. Зноў жа, у інавацыйным ключы. Але калі казаць аб новых вытворчасцях, то лагічна арыентавацца на новую прадукцыю і з ёй выходзіць на новыя рынкі збыту.
Інтэлект ШТУЧНЫ