Top.Mail.Ru

Мінскі дзяржаўны каледж рамёстваў і дызайну імя М. А. Кедышкі прапануе шмат цікавых спецыяльнасцяў

Ад унікальнай кавальскай майстэрні да сучасных кірункаў будаўніцтва, ад старажытнага ганчарнага рамяства да моднай цяпер фларыстыкі — тут рыхтуюць спецыялістаў, якім пад сілу і будучыню збудаваць, і прыгажосць у ёй стварыць.



І выкуюць, і збудуюць

Калектыў установы, дзе сёння вучыцца больш за 600 чалавек, працуе на перспектыву, паспяхова рыхтуючы кадры для прадпрыемстваў-заказчыкаў. Па словах дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжа рамёстваў і дызайну імя М. А. Кедышкі Ганны БОЙКА, асноўны касцяк навучэнцаў складаюць два буйныя аддзяленні — будаўнічае і эстэтычнае: «Сёлета мы пачалі супрацоўнічаць з такім прадпрыемствам, як „ЕўраБудСтандарт“, адкрылі кірунак „Мантажнік каркасна-ашалёвачных канструкцый“. Падрыхтаваныя намі спецыялісты будуць займацца мантажом будынкаў і збудаванняў з лёгкіх металаканструкцый. Гэта новы і вельмі перспектыўны кірунак у будаўніцтве, які значна патанняе працэс».


Будаўнічае аддзяленне каледжа — сапраўдны яго гонар, кузня кадраў для адной з ключавых галін прамысловасці краіны. Дарэчы, тут знаходзіцца і адзіная ў Рэспубліцы Беларусь кавальская майстэрня, дзе навучэнцы авалодваюць майстэрствам ручной коўкі, захоўваючы тым самым адзін з унікальных беларускіх народных промыслаў, а таксама атрымліваюць навыкі электрагазазваршчыка. Адсюль і вялікая цікавасць да спецыяльнасці з боку абітурыентаў. Ды і кожнаму вядома: зваршчыкі патрэбны заўсёды і ўсюды, ва ўсіх галінах — ад малочнай прамысловасці да машынабудавання. Нават у крызіс яны не застаюцца без работы. «Аўтаматызацыя, вядома, развіваецца, — разважае майстар вытворчага навучання Вячаслаў Апацкі. — Аднак без ручной працы не абысціся там, дзе патрэбна гібкасць. Робат не заменіць чалавека ні ў мантажна-будаўнічых работах, ні пры рамонце складанага абсталявання, ні ў дробнай вытворчасці». Па яго словах, навучанне зварцы пачынаецца са спецыяльнага трэнажора, які дазваляе адпрацоўваць рухі без марнавання матэрыялаў. Спачатку студэнты вучацца рабіць асноўныя швы і простыя канструкцыі, потым пераходзяць да больш складаных заданняў. А майстры ўважліва правяраюць іх на наяўнасць недахопаў (неправараў, кратараў, падрэзаў, пор), каб яны не здараліся ў будучых спецыялістаў ужо на вытворчасці.

У свеце кветак і керамікі

Прыкладамі творчасці навучэнцаў і майстроў каледжа можна палюбавацца ў калідорах установы адукацыі і не толькі. З гэтага года іх работы размешчаны ў гандлёвых цэнтрах «Сталіца» і «Першы нацыянальны» на вітрынах «Сувеніры з душой Беларусі». Сярод іх шмат керамічных вырабаў. Абводзім позіркам прасторную майстэрню, у якіх яны ствараюцца: на паліцах выстраіліся ўжо гатовыя рэчы, на сталах чакае свайго часу свежая гліна. Пасля асваення асноўных тэхнік лепкі, расказвае майстар вытворчага навучання па кераміцы Паліна Літвін, студэнтаў чакае ліццё ў гіпсавыя формы з выкарыстаннем шлікера — вадкай глінянай масы. Затым — ангабіраванне (роспіс спецыяльнымі керамічнымі фарбамі) і паліваванне. І кожны з этапаў адкрывае новыя магчымасці для творчасці: «Самае цікавае пачынаецца, калі студэнты пераходзяць да комплексных работ па ўласных эскізах, — расказвае майстар. — Яны прыносяць свае малюнкі, ідэі, і мы разам прадумваем, як лепш іх рэалізаваць».

Дарэчы, ва ўстанове адукацыі вядзецца глыбокая, планамерная работа па аказанні дадатковых паслуг насельніцтву: адкрыта аддзяленне дадатковай адукацыі дарослых, арганізаваны курсы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па розных прафесіях будаўнічага профілю і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. На такія курсы прыходзяць людзі самага рознага ўзросту, якія вырашылі асвоіць новае рамяство. Для іх заняткі па кераміцы, напрыклад, доўжацца чатыры месяцы і ўключаюць у сябе практычна ўсё тое, што праходзяць студэнты, але з меншай колькасцю тэорыі. «Здольнасці ва ўсіх, вядома, розныя, — дзеліцца назіраннямі Паліна Аляксандраўна. — Хтосьці адразу адчувае матэрыял, камусьці патрабуецца больш часу. Але важна іншае — кожны знаходзіць у кераміцы нешта сваё. Для кагосьці гэта становіцца прафесіяй, для іншых — хобі, спосабам самавыяўлення».


На аператараў аўтаматычнай лініі па вытворчасці керамічных вырабаў, як і на ліцейшчыкаў санітарна-будаўнічых вырабаў, у Мінскім каледжы рамесніцтва і дызайну навучаюць з верасня гэтага года. А два гады таму ва ўстанове ўпершыню ў Беларусі была адкрыта падрыхтоўка фларыстаў. «Спачатку мы вывучаем базавыя тэхнікі — як ставіць кветкі, у якой паслядоўнасці, як спалучаць розныя віды раслін, — расказвае пра навучанне трэцякурсніца Соня, спрытна падразаючы хрызантэмы. — З часам прыходзіць разуменне кампазіцыі, развіваецца вакамер. На трэцім курсе ўжо інтуітыўна адчуваеш, дзе зрабіць акцэнт, як расставіць кветкі, каб усё выглядала гарманічна. Нас вучаць працаваць з рознымі матэрыяламі, не толькі жывымі раслінамі. Нават вывучаем тэхніку стварэння штучных кветак з тканіны, а таксама асновы засушкі і апрацоўкі жывых бутонаў».


Працоўны шлях для кожнага

З 2022 года каледж узяў курс на развіццё інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя. Сёння навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вучацца ва ўстанове па прафесіях «Маляр будаўнічы», «Тынкоўшчык», «Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ», «Фларыст», а з 2025 года — па прафесіях «Маляр», «Цясляр». Вікторыя Сталярова, выкладчыца фларыстыкі ў адной з такіх груп, уважліва назірае за работай студэнтаў. «Самае складанае — знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, — дзеліцца яна. — Да асаблівых дзетак патрэбны і асаблівы падыход. Камусьці нялёгка даецца спраўляцца з дробнай маторыкай або адчуваць кампазіцыю. Ёсць дзеці, якія адразу бачаць, як павінна стаяць кветка, бачаць гэту гармонію. А ёсць тыя, каму патрабуецца больш часу, да года рэгулярных заняткаў, каб асвоіць базавыя прынцыпы фларыстыкі. Але важна, што прагрэс ёсць ва ўсіх — проста ў кожнага свой тэмп».


Для такіх студэнтаў праграма адаптуецца, і яны паспяхова асвойваюць спіральную зборку букетаў, простыя кампазіцыі, добра працуюць з гатовымі ўзорамі. Пра эфектыўнасць навучання сведчыць і тое, што на VІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства Profskіlls Belarus 2025 навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Мінскага каледжа рамесніцтва і дызайну занялі 2-е месца ў кампетэнцыі «Малярныя дэкаратыўныя работы» і 3-е месца ў кампетэнцыі «Фларыстычны дызайн». Найвышэйшае прызнанне — Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — атрымаў і праект «Прафесійная самарэалізацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця»: «У апошнія гады на днях адчыненых дзвярэй мы ўсё часцей бачылі бацькоў такіх дзетак, якія хацелі дапамагчы ім з прафесіяй і шукалі ўстановы адукацыі, куды б магло паступіць іх дзіця, — тлумачыць дырэктар каледжа. — Тады мы зразумелі, што трэба працаваць у гэтым кірунку, бо такіх заявак было ўжо дастаткова шмат». Праект дазваляе яшчэ да паступлення «прымерыць» на сябе тую ці іншую спецыяльнасць, зрабіць усвядомлены і абгрунтаваны выбар — такая асаблівая ўвага асаблівым дзецям.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю