Top.Mail.Ru

Масты нашай дзяржаўнасці

Уяўляеце, як прыгожа выглядае такі пейзаж: туман над Прыпяццю павольна адступае, адпускаючы са свайго палону схаванае хараство гэтых маляўнічых мясцін. Дарэчы, позняя восень — час вынікаў і планаў на наступныя вёсны. Туман рассейваецца, набывае канкрэтныя абрысы самы выразны і абгрунтаваны сімвал нашага развіцця — гэта разгарнуў свае магутныя плечы адноўлены мост праз Прыпяць.

Беларусь у многіх сэнсах — краіна мастоў. Мы знаходзімся ў міжмор’і Балтыйскага і Чорнага. Гэта адбіваецца не толькі на прыродна-кліматычных умовах, але і ў цэлым на геапалітычных асаблівасцях. Беларусь — краіна-мост паміж цывілізацыямі і культурамі. Патрэбны вельмі моцныя апоры, каб вытрымаць увесь груз выпрабаванняў, захаваць беларускі свет у той час, калі пад абломкамі бамбёжак мастоў Югаславіі быў пахаваны ялцінска-патсдамскі светапарадак. Адной з апор сучаснай беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца дыктатура гаспадарлівасці і раўнаважнага развіцця.

У кожнай суб’ектнай дзяржавы ёсць свой стрыжань. Гэта не найбагацейшыя нетры, не вялізныя тэрыторыі, не запасы ядзернай зброі і нават не фінансавая сістэма, якая ахутала ўвесь свет. Гэта — унікальнасць. Размова не пра мову, культуру, нацыянальны характар, размова — пра непаўторнасць дзяржаўнай мадэлі кіравання. Ва ўмовах глабалізацыі — такога агульнага брэндавання палітычнага і грамадскага жыцця, калі нібыта пры дэкларуемых свабодах людзям безапеляцыйна прапануюць пэўныя маркі адзення і мэйнстрым, — вельмі важна захаваць сваю разыначку.

Масты — гэта не толькі шлях да дабрабыту, масты перакідваюцца паміж гістарычнымі перыядамі і народамі. Мы не руйнуем мінулае. Да ўсяго ставімся паважліва, па-людску. Гэта наш брэнд. Таму 7 лістапада — дасюль чырвоны дзень календара. Вядома, усё карыснае і важнае, правільнае — падмурак савецкай спадчыны. Прамысловасць і сацыяльная арыентацыя дзяржавы. Хоць шмат ужо створана і за гады сучаснай дзяржаўнасці. Пры Саюзе не было столькі асабістага і грамадскага камфорту. Так, за трэцяе дзіця мацярынскі капітал не прадугледжваўся.

Такая гісторыя. Зрэшты, дружалюбны калектывізм — гэта, хутчэй, не ідэалагічная перамога сацыялізму, а адлюстраванне нашага нацыянальнага падыходу, калі важныя справы робяцца талакой. Вось і з савецкага перыяду ўзялі лепшыя праявы — энергію, запал і бадзёрасць духу. А яшчэ разумную сацыяльную справядлівасць, якую гарантуе манаполія дзяржавы ў найважнейшых сферах. Людзі ўсе розныя, але ў кожнага павінны быць роўныя ўмовы. І 7 лістапада ў нас з беларускім акцэнтам. Не пра стрэлы «Аўроры» і захоп тэлеграфа (цяпер гэта ўвогуле ў іншым кантэксце гучыць), а пра стваральную працу. Сацыяльная мадэль Беларусі — гэта пра чалавечыя ўзаемаадносіны, няма ў нас класаў ды таўстасумаў. Работнікі самых простых прафесій у цэнтры ўвагі — у зале прыёмаў Палаца Незалежнасці. Ушаноўваюць трактарыстаў, рабочых, даярак, як было днямі падчас урачыстага віншавання Прэзідэнтам працаўнікоў вёскі з надыходзячым святам.

Беларусь з Кастрычніцкай рэвалюцыі пакінула самы важны урок: адзіны спосаб забяспечыць свой дабрабыт — працаваць. У гэтым сакрэт беларускага шляху. І ў дарожным будаўніцтве, і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці.

Адкрыццё моста разам з пэўным сімвалізмам нясе канкрэтныя пасылы. Размова пра развіццё ўсіх куточкаў краіны. Дастойны ўзровень жыцця павінен быць даступны ва ўсіх рэгіёнах. Беларусь — краіна якаснага жыцця. Прыродная разнастайнасць даступная кожнаму жыхару нашай дзяржавы. Шарм райцэнтраў, магчымасці абласных і рэгіянальных цэнтраў. Даступнасць забяспечвае транспартная сетка. І ў найбліжэйшыя гады дарожнае будаўніцтва — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі.

Беларускія трасы — гэта дарогі ў будучыню. Гэта і якасць нашага перамяшчэння, і артыкул даходу. Трансгранічны калідор Поўнач—Поўдзень — важны вузел для інтэграцыі глабальнай большасці, але найперш карысць для нас, беларусаў. Зрэшты, і да шляхоў супрацоўніцтва Усход—Захад таксама трэба быць гатовымі.

Будаўніцтва дарог закладзена і ў інвестыцыйнай праграме наступнага года. Калі за адыходзячую пяцігодку ў краіне адрамантавалі і рэканструявалі дарогі рознага значэння працягласцю амаль 18 тысяч кіламетраў, то на будучыя пяць гадоў запланавана 25 тысяч. А трэба яшчэ хутчэй — Прэзідэнт трымае на кантролі будаўніцтва нашых дарог да поспеху.

Цяпер няма дробязных спраў. Рэзервы нават у малым. У землях, уцягнутых у севазварот, у адказных механізатарах. Гэта і ёсць жыць па-гаспадарску. Варушыцца. Такія нязмушаныя адносіны з Першым — прыкмета наведзеных мастоў паміж звычайнымі беларусамі і кіраўніком дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ніколі не паддобрываецца да грамадства. У яго палітыцы няма тэхналогій, але ёсць рашэнні, не заўсёды папулярныя, а ў выніку аказваецца, што на карысць усім нам.

Мірная Беларусь можа быць роднай хатай для суседзяў, якія апынуліся ў бядзе. Гэта не толькі адсыланне да агульнага савецкага мінулага, але куды больш глыбакаводных гістарычных працэсаў. Мы часта былі разам. 

І цяпер не аддзяляемся. Беларусь не менш падвяргаецца знешнім уплывам, чым Украіна. Мы таксама на стыку цывілізацый і інтарэсаў, але ж выдужалі дзякуючы моцнай уладзе і яе разумным рашэнням. Гэта і ёсць тыя надзейныя, трывалыя апоры мастоў нашай дзяржаўнасці. Філасофія беларускага дабрабыту вельмі зразумелая: не разбураць масты, а ўзводзіць іх. Гэта наша дарога развіцця — шлях Беларусі.

Яўген ПУСТАВОЙ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю