Top.Mail.Ru

З пачаткам другой чвэрці ў школах Мінска стартаваў новы праект па ўкараненні эксперыментальнага двухтыднёвага рацыёну

Пасля нарады ў Прэзідэнта, дзе абмяркоўвалася пытанне харчавання ў школах Беларусі і асаблівая ўвага была ўдзелена пытанню запатрабаванасці прапанаванага меню сярод навучэнцаў, Міністэрства адукацыі прыняло рашэнне ўвесці і апрабаваць новае двухтыднёвае меню ў мінскіх школах.



Па выніках тэсціравання будзе праведзены аналіз, які і высветліць, наколькі абноўленае меню адпавядае перавагам школьнікаў. А пакуль пра тое, што ўваходзіць у гэтае меню, як яго прынялі дзеці і якія першыя вынікі эксперымента, расказвае дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «КШХ горада Мінска» Людміла КРУПСКАЯ.

Меню змяняецца, адходы памяншаюцца

Пад апекай сталічнага Камбіната школьнага харчавання — 223 тысячы навучэнцаў. Працэнт ахопу іх харчаваннем складае 94. Ён, вядома, пастаянна вар’іруецца — альбо памяншаецца, альбо павялічваецца, гэтая лічба — сярэдняя па горадзе. Акрамя агульнаадукацыйных школ, камбінат корміць і навучэнцаў каледжаў — усяго забяспечвае харчаваннем 329 аб’ектаў. І ўсё гэта — сіламі калектыву ў 2280 чалавек.

— Харчаванне навучэнцаў мінскіх школ арганізавана на падставе прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў, — гаворыць Людміла Крупская. — У сваю чаргу гэтыя рацыёны складаюцца па сезонах: на восень, зіму і вясну. Чаму так? Для таго, каб рацыянальна размеркаваць пажыўныя рэчывы, выканаць устаноўленыя патрабаванні па каларыйнасці, па ўключэнні аднайменных прадуктаў. Напрыклад, такія прадукты, як мяса, агародніна, малако, павінны прысутнічаць у меню штодня, а стравы з рыбы і сыру — не радзей за два разы на тыдзень. Усе прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны і тыя карты, якія мы выкарыстоўваем, распрацаваны намі і праходзяць абавязкова гігіенічную ацэнку ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Сёння, выконваючы даручэнне Міністэрства адукацыі, Камбінат школьнага харчавання распрацаваў прыкладны двухтыднёвы рацыён для дзяцей, які ім зразумелы ці, іншымі словамі, школьнікі ведаюць і разумеюць, што яны будуць есці. Што ж прапанавана і чаму для дзяцей гэтае меню зразумелае?

— Гэта блінцы, сырнікі, запяканкі і іншыя стравы, якія і раней рыхтаваліся для 1–4 класаў у якасці другога сняданку, — тлумачыць дырэктар КШХ. — Цяпер гэтыя стравы мы ўключылі ў рацыён абеду і для вучняў 5–11 класаў.

— Але абед у нашым разуменні — гэта паўнавартасны комплекс з салаты, супу, другога і кампоту?

— А мы вырашылі крыху адысці ад гэтай традыцыйнасці і даць дзецям старэйшых класаў стравы, якія б яны хацелі пакаштаваць, — тыя ж блінцы, сырнікі, — парыруе кіраўнік камбіната. — Замест кампоту, напрыклад, прапанавалі фруктовы напой або сок, і не ў шклянках, а ў невялікіх тэтрапаках 0,2 літра, прызначаных для дзіцячага харчавання. Дзеці задаволеныя — бо нярэдка школьнік, з’еўшы сваю порцыю, не можа цалкам дапіць напой, які пасля ідзе ў адходы. А так ён можа ўзяць гэты пачак з сабой і выпіць пазней, скажам, на перапынку.

Кіраўнікі школ, работнікі харчаблокаў, спецыялісты сістэмы школьнага харчавання штодня сочаць за сітуацыяй і канстатуюць: адходы прыкметна зменшыліся, хоць і прайшло зусім няшмат часу.

Дзеткі і катлеткі

Школьнае харчаванне — гэта праект з доўгай гісторыяй. У кожны перыяд часу, нават пры татальным дэфіцыце прадуктаў, меню дзяцей стараліся разнастаіць: запяканкі, кашкі, бульбяное пюрэ з катлеткай...

— Якраз ад катлет мы адышлі, — вяртае мяне ў рэальнасць Людміла Крупская. — Не таму што нясмачна, а таму што надакучылі. Сённяшнія перавагі дзяцей — гэта сасіскі, пельмені, блінцы, сырнікі. З сечанага мяса ў нас ёсць фірмовая страва — катлета «Папараць», аналаг знакамітай «Папараць-кветкі» — з курыцы і з сырам унутры. Яе дзеці вельмі любяць. Любяць і «Шашлычок школьны» з мяса птушкі. Плоў прапануем таксама з курыцай, таму што свініну школьнікі ядуць не вельмі ахвотна. Не заўсёды добра разыходзіцца і садавіна, таму як альтэрнатыву прапаноўваем фруктовае пюрэ ў прамысловай упакоўцы, якое можна з’есці не толькі за абедам, але і пазней.

У час лыжка па абедзе

У сталовай адной з мінскіх школ я назірала карціну, калі дзяжурныя расстаўлялі па сталах абедзенныя стравы. Гэта агульнапрынятая практыка — каб з пачаткам перамены школьнікі адразу маглі есці: прыгожа, сучасна і ў некаторай ступені зручна. Але да таго моманту, калі звінеў званок і вучні накіроўваліся ў харчаблок, іх ежа паспявала астыць. І многія з іх адмаўляліся даядаць абед, таму што ён «халодны і нясмачны».

— Цяпер мы максімальна стараемся падаваць і раздаваць порцыі тады, калі дзеці ўжо заходзяць у сталовую, каб ежа была гарачай, — кажа дырэктар КШХ.

Казка ў таматным соусе

Усім бацькам вядома не зусім карысная звычка дзяцей паліваць соусам ўсё, што яны ядуць. Людміла Сяргееўна са мной згодная.

— Мы ўключылі ў рацыён школьнага харчавання цікавую страву — запечаную бульбу, — дзеліцца яна. — Гэта нешта падобнае на бульбу па-вясковаму. Дзеці страву вельмі любяць, і, ведаючы аб іх звычцы ўсё шчодра абмешваць соусам, будзем прапаноўваць ім соус «Таматная казка» — гэта аналаг кетчупа, але дазволенага для дзіцячага харчавання.

Мая суразмоўніца адзначыла, што і наша перапрацоўчая прамысловасць, і Акадэмія навук узмоцнена працуюць над тым, каб распрацоўваць і вырабляць прадукты, з аднаго боку, зразумелыя дзецям, з другога — каб яны адпавядалі патрабаванням дзіцячай дыетыкі — такія як соус «Таматная казка». Напрацовак нямала, ёсць і канкрэтныя вынікі. Узяць той жа шакалад — не зусім карысны для дзяцей прадукт. Але ўжо ёсць шакаладны соус для дзіцячага харчавання, і ён адпавядае ўсім неабходным патрабаванням, у ім няма ніякіх забароненых інгрэдыентаў.

— Гэты соус мы прапануем дзецям да тварожнай запяканкі, — кажа Людміла Крупская.

Вачэй не спускаць

Людміла Сяргееўна панаракала, што агароднінныя стравы ў дзяцей не карыстаюцца папулярнасцю — ці то свежая агародніна, ці то прыгатаваная. І я чамусьці не здзівілася: пагадзіцеся, дзіця, якое з апетытам жуе агурок, памідор ці салату, — відовішча нячастае. Спецыялісты сцвярджаюць, што многае залежыць ад культуры харчавання ў сям’і. Не паспрачаешся. Але агародніннае меню прымаюць не ў кожным доме.

— Больш за тое, бацькі не заўсёды могуць пракантраляваць, што іх дзіця купляе на кішэнныя грошы, — дзеліцца суразмоўніца. — Можна прасіць, рэкамендаваць або раіць купляць нешта карыснае, але даведацца, што яно купіла, дакладна немагчыма. А вось у тым, што падчас знаходжання ў школе дзеці атрымліваюць гарантавана здаровыя і карысныя прадукты, нават у школьным буфеце, бацькі могуць быць поўнасцю ўпэўненыя. Па-першае, уся харчовая прадукцыя, якой кормяць дзяцей і якая рэалізуецца ва ўстановах адукацыі, — прамысловай вытворчасці. Вафлі, шакалад, сокі, напоі адпавядаюць патрабаванням тэхналагічных рэгламентаў, устаноўленых патрабаваннямі заканадаўства. Забароненых для дзіцячага харчавання інгрэдыентаў там няма.

— Што ж датычыцца салатаў, то мы максімальна ад іх адышлі, — працягвае Людміла Крупская. — Але карысныя мікраэлементы, клятчатку, якія змяшчаюцца ў агародніне, яны атрымліваць павінны. Сёння мы прапануем парцыённую агародніну альбо тыя салаты, якія школьнікі любяць. У эксперыментальнае меню ўключылі салату з зялёным гарошкам, нешта падобнае на знакаміты «Аліўе». І другая салата з агароднінай — з морквы, сыру, яек і маянэзу. Упэўнена, яна таксама спадабаецца дзецям.

Маніторынг і кантроль

Эксперымент ужо на сваім старце дае станоўчыя вынікі. Да таго ж кожную чвэрць праходзіць анкетаванне дзяцей, у якім яны могуць не толькі ацаніць тую ці іншую страву, але і ўнесці свае прапановы.

— Сітуацыю маніторым штодня, — кажа кіраўнік камбіната. — Калі будзем бачыць, што дзеці не ядуць нейкую страву, вядома, будзем мяняць яе.

Высветліць перавагі школьнікаў і выслухаць меркаванні і пажаданні бацькоў дапамагаюць, па словах Людмілы Сяргееўны, і дэгустацыі, якія кожную чвэрць праводзяцца на бацькоўскіх сходах. Таксама працуе гарачая лінія, звесткі пра якую ёсць на сайце камбіната. Бацькі могуць патэлефанаваць туды, унесці сваю прапанову і, магчыма, паскардзіцца — не без гэтага, бо менавіта так нараджаецца ісціна. А яна для нас адзіная — падрастаючае пакаленне павінна быць здаровым.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю