Такі настрой лунаў у Ліцэі імя Ф. Э. Дзяржынскага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў мінулую пятніцу — дзень правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання. Абедзве аўдыторыі, адведзеныя пад мерапрыемства, былі цалкам запоўненыя моладдзю. У калідоры, дзе яны чакалі пачатку тэсціравання, было незвычайна ціха — хтосьці чытаў вучэбную літаратуру, хтосьці глядзеў у экран тэлефона. Але, мяркуючы па тым, наколькі абітурыенты сканцэнтраваныя, прадметам іх увагі быў далёка не TіkTok...
Падыходжу да юнакоў і дзяўчат, якія нешта абмяркоўваюць паміж сабой. Высвятляю, што ўсе чацвёра вучацца ў 11-м класе ліцэя і ўсе чацвёра ў гэты дзень здаюць тэсціраванне.
Міхаіл, напрыклад, будзе «штурмаваць» грамадазнаўства.
— Чаму менавіта гэты прадмет? Сваё далейшае навучанне я планую звязаць альбо з гісторыяй, альбо з грамадазнаўствам, — гаворыць малады чалавек.
Да тэсціравання ён ставіцца адказна, напярэдадні паўтарыў усе тыя тэмы, у якіх быў не ўпэўнены. Што датычыцца самога іспыту, то ён спадзяецца вынесці з яго максімум карысці.
— Буду бачыць, якія тэмы трэба яшчэ падцягнуць, і гэта, спадзяюся, мне дапаможа на галоўным выпрабаванні, — зазначыў юнак.
Дар’я ўжо прайшла дзве «рэпетыцыі» — па матэматыцы і англійскай мове. Сёння таксама здае грамадазнаўства. Адчувае сябе ўпэўненай.
— Думаю, што мой вынік будзе 90+, — кажа абітурыентка і агучвае свае планы. — Буду паступаць на факультэт міжнародных адносін БДУ, на спецыяльнасць «Сусветная эканоміка».
Марыя рыхтуецца здаваць РТ па англійскай мове. Днём раней яна прайшла тэсціраванне па матэматыцы. Перад іспытам яна зусім спакойная, бо ўпэўнена, што гэта добры шанц праверыць свае веды.
— Ды і саму сітуацыю, абстаноўку адчуць будзе карысна, — дзеліцца дзяўчына. — Пакуль няма яшчэ моцнага стрэсу.
А яшчэ Марыя засвоіла і запомніла быццам бы дробязь, якая тым не менш можа падвесці на асноўным іспыце.
— Я прывыкла пісаць лічбу «адзін» з хвосцікам — як мы робім гэта ў звычайных работах, на ўроках, — расказвае яна. — Але на тэсціраванні, аказваецца, так рабіць нельга — адна палачка і ніякіх хвосцікаў. Засвоіла, такой памылкі на ЦТ я ўжо дакладна не дапушчу.
Біялогія — любімая навука Аляксея. Яна даецца яму лёгка.
— Мабыць, адзіная з усіх астатніх, — прызнаецца хлопец. — Сёння здаю рускую мову. І хоць гэта ўсяго толькі рэпетыцыя, вельмі хвалююся — з ёю я не так сябрую, як з біялогіяй...
А справай свайго жыцця Аляксей вырашыў выбраць медыцыну.
Намеснік дырэктара Ліцэя па вучэбнай рабоце Аляксандр ПУГАЧ шчыра жадае паспяхова прайсці тэсціраванне ўсім, хто спрабуе сябе і на РТ, і на асноўных іспытах.
— Здаваць рэпетыцыйнае тэсціраванне да нас у Ліцэй прыходзіць каля 4 тысяч школьнікаў — як правіла, гэта вучні 10-х і 11-х класаў, — расказвае намеснік дырэктара. — На піку было і 7 тысяч удзельнікаў. Такое звычайна бывае ў красавіку, на апошнім этапе, калі ўсе хочуць паспрабаваць свае сілы на парозе асноўных іспытаў.
На думку Аляксандра Пугача, расце не толькі цікавасць маладых людзей да РТ — расце іх сабранасць, дысцыпліна і ступень адказнасці.
А задача педагогаў — забяспечыць тыя ўмовы, якія цалкам адпавядаюць патрабаванням, атмасферы, абстаноўцы самога іспыту. Таму і дысцыпліна, і парадак, і ўсё астатняе — як на ЦТ. У тым ліку і кантроль за парушэннямі.
Алена ВІНАГРАДАВА