Top.Mail.Ru

У Мінадукацыі падвялі вынікі рэалізацыі маладзёжнай палітыкі за пяцігодку

Моладзь як галоўны патэнцыял краіны

У Мінску на калегіі Міністэрства адукацыі падвялі папярэднія вынікі рэалізацыі падпраграмы «Маладзёжная палітыка» Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады і вызначылі падыходы да рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года.

Асноўных аспектаў маладзёжнай палітыкі, якая сёння рэалізуецца ў нашай краіне, — сем. У іх лік уваходзяць здароўе, выхаванне, адукацыя, занятасць, сямейныя каштоўнасці і іншыя. Падыходы да выканання гэтай праграмы — сістэмныя і комплексныя, у іх рэалізацыі задзейнічаны многія ведамствы і арганізацыі. Таму нядзіўна, у актавай зале Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў, дзе праходзіла калегія, сабралася шырокае прадстаўніцтва ўсіх дзяржаўных органаў кіравання, мясцовых выканаўчых органаў улады, міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікоў і кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянскай супольнасці — больш за 700 чалавек.

Тон мерапрыемства — дзелавой, канкрэтнай і выніковай размовы, задаў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ.

— Мы можам запланаваць і выканаць не 120, а 20 мерапрыемстваў. Але такіх, каб кожны малады чалавек адчуваў сябе паўнавартасным членам грамадства, удзельнікам грамадскіх палітычных працэсаў. Абароненым, здаровым, са шчаслівай сям’ёй і які з упэўненасцю глядзіць у будучыню, — падкрэсліў ён.

Далей міністр спыніўся на асноўных кірунках маладзёжнай палітыкі.

— Два гады таму былі распрацаваны індэксы эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, якія разлічваюцца на аснове даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта па абсалютна аб’ектыўных параметрах, і часткова — пры правядзенні адпаведных сацыялагічных апытанняў, — расказаў кіраўнік ведамства. — Па гэтых разліках за 2024 год задаволенасць якасцю адукацыі маладых грамадзян склала больш за 92 %.

Вынік добры, але кіраўнік адукацыйнага ведамства лічыць яго недастатковым.

— Кожны малады чалавек на 100 % павінен быць задаволены якасцю адукацыі — у школах, каледжах, універсітэтах, — тлумачыць сваю пазіцыю Андрэй Іванец.

  • А вось і статыстыка, якая яскрава сведчыць, што тыя намаганні, тая вялікая работа, якую з дзецьмі і падлеткамі праводзілі настаўнікі, выхавацелі, педагогі, ідэолагі, дала свой плён. Так, паводле даследаванняў і апытанняў, гатоўнасць маладых людзей да абароны Радзімы значна вырасла і састаўляе больш за 80 %. У частцы занятасці — 85 % занятай моладзі задаволены ўмовамі працы. Доля маладых суграмадзян, якія актыўна займаюцца фізічнай культурай і спортам, склала ў 2024 годзе 53 %. Больш чым 90 % маладых людзей задаволены ўмовамі жыцця ў роднай краіне і лічаць іх бяспечнымі.

Кіраўнік Мінадукацыі ўпэўнены, што станоўчая дынаміка — не нагода спыняцца. Работу з моладдзю трэба нарошчваць, шукаць новыя формы і метады — не за гарамі 2030 год, і сённяшнія падлеткі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі.

— Вельмі важнае пытанне — захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, — спыніўся на актуальнай тэме міністр. — Мы добра ведаем, і ў нашай Канстытуцыі прапісана, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, а асноўнай мэтай стварэння сям’і з’яўляецца пераемнасць пакаленняў, нараджэнне дзяцей. Тут мы павінны быць вельмі настойлівымі.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ паведаміла, што на сёння моладзь складае 17 % ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Аднак сістэма адукацыі ставіцца да гэтай лічбы не як да сухой статыстыкі, а як да стратэгічнага рэсурсу краіны. Яна адзначыла, што ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ўдзельнічаюць самыя розныя ведамствы. І ў кожнага з іх ёсць свае мерапрыемствы ў гэтым кірунку. Таму адной з галоўных задач застаецца гарманізацыя і сінхранізацыя ўсіх дзеянняў, выяўленне праблемных пытанняў і вызначэнне пунктаў росту.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю