Top.Mail.Ru

У Вяззеўскім сельсавеце Асіповіцкага раёна расце попыт на пустуючыя дамы

Вядучы спецыяліст, выконваючая абавязкі кіраўніка спраў сельсавета Вяззеўскага сельсавета Ірына Вялічка апошнія пяць гадоў шчыльна працуе з праблемнай нерухомасцю па 116-му Указу. Сведчыць, што сёлета ніводнага дома зносіць не прыйшлося. Хтосьці купіў за базавую, а хтосьці нават з аўкцыёну.


Усяго на тэрыторыі сельсавета 29 населеных пунктаў. Суразмоўніца расказвае, што пяць гадоў таму, калі яна толькі пачынала займацца гэтай тэмай, разам са старшынёй сельсавета аб’ехалі ўсе населеныя пункты, сфатаграфавалі пустуючыя дамы.

— Яшчэ тры гады таму ў нас пад знос пайшло аж 13 дамоў, яны былі цалкам непрыдатныя для жыцця, — расказвае яна. — Цяпер мы ўжо не зносім, а прадаём. Сёлета па суду прайшло 9 дамоў, з іх 5 прададзены за базавую велічыню, яшчэ адзін дом — у Цяплухах прадалі з аўкцыёну, на яго прэтэндавала некалькі жадаючых. Першапачаткова ацанілі яго ў 18 тысяч беларускіх рублёў, але цікавасць адразу ж прапала. Калі паступова знізілі кошт да 5 тысяч рублёў, два чалавекі ўключыліся ў таргі і паднялі нам суму амаль да 9 тысяч. У Каранах прэтэндэнтаў не было, там дом за 1300 рублёў купілі. Рыхтуем на аўкцыён яшчэ два дамы — у Цяплухах і Паташні. Спачатку яны таксама ішлі за адну базавую, але на іх прэтэндуе некалькі чалавек.

Попыт на вясковыя хаты пачаў назірацца з 2024 года. Актывізаваліся гараджане, у асноўным шматдзетныя сем’і. Куплялі дамы ў Вялікай Гарожы, Ясянцы, Лучыцах. Мясціны прыгожыя, побач вадаём, чыстае паветра.

— Год даецца на афармленне дакументаў, каб новыя гаспадары ўступілі ў правы ўласнасці, — расказвае дэталі ўзаконьвання маёмасці Ірына Вялічка. — Далей яны ідуць у службу «адно акно», пішуць заяву на рэканструкцыю і яшчэ тры гады мы назіраем, што яны робяць. Каб не атрымалася, што ўзялі дом і пакінулі ўсё як ёсць.

Вядучы спецыяліст прызнаецца, што спадчыннікаў шукаць няпроста, але дапамагаюць жыхары, якія даўно тут жывуць. Асноўная складанасць — гэта калі дзеці выехалі за межы рэспублікі, забралі з сабой бацькоў, а тыя там памерлі. Без дакументаў аб смерці ўладальніка дома і інфармацыі пра спадчыннікаў суд справу не разглядае. Заява можа ляжаць там і год, і болей.

— Так было ў Вялікай Гарожы, — прыводзіць прыклад суразмоўніца. — Суседзі падказалі, што дзеці забралі бацьку ў Валдай. Знайшла па інтэрнэце ЗАГС гэтага горада, адтуль нам прыслалі запіс аб смерці мужчыны, а натарыяльная кантора паведаміла, што ніхто ў спадчыну не ўступіў, бо і дзеці памерлі. 31 кастрычніка прыйшло рашэнне суда, што прэтэндэнтаў на дом няма, і мы далі аб’яву, што прадаём яго за базавую.

Па словах вядучага спецыяліста, нашчадкі не спяшаюцца ўзаконьваюць бацькоўскія хаты. Некаторыя выказваюць жаданне замацаваць за сабой нерухомасць, але, як той казаў, толькі цягнуць час. А сельсавет трымае гэтыя дамы на кантролі.

— Па заканадаўстве, калі тры гады ніхто не глядзіць за домам і ён прыходзіць у неналежны выгляд, суд можа прыняць рашэнне на нашу карысць, — тлумачыць спецыяліст сельсавета. — Мы дасылаем спадчыннікам паведамленне, дзе прапануем або ўступіць у спадчыну, або адмовіцца ад яе. Адказу чакаем месяц, і нават калі яго няма, маем права перадаць справу ў суд. Ва ўсім павінен быць парадак.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю