Top.Mail.Ru

Расказваем, як у Іўеўскім раёне з’явіўся сквер Сям’і

Месца адпачынку для ўсіх узростаў


Карэспандэнты «Звязды» працягваюць расказваць аб праектах, якія былі рэалізаваны ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. На гэты раз адпраўляемся ў Іўеўскі раён, у аграгарадок Ліпнішкі.

Жамчужына Ліпнішкаўскага сельскага савета — касцёл Святога Казіміра. Яго любяць і турысты, і мясцовыя жыхары. Побач з ім знаходзіцца добраўпарадкаваны сямейны сквер. Цяпер складана ўявіць, што калісьці тут была пустка. Сёлета аб’ект атрымаў фінансаванне ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, але работы па навядзенні парадку і прыгажосці пачаліся раней.

— Добраўпарадкаванне пусткі побач з касцёлам пачалося яшчэ ў 2022 годзе. Старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец прапанаваў прывесці гэтую тэрыторыю ў парадак. У рамках раённай акцыі «Дрэва Героя» было вырашана высадзіць яблыневы сад. Да працы далучыліся мясцовыя жыхары, дэпутаты раённага савета і супрацоўнікі выканкама. Усе разам пасадзілі невялікі яблыневы сад. На гэтым праца не спынілася, увесну працягнулі добраўпарадкаванне. Агульнымі намаганнямі падрыхтавалі глебу для газона, высадзілі кусты. Людзі прыносілі туі і іншыя дэкаратыўныя расліны, — расказала старшыня Ліпнішкаўскага сельскага савета Яніна Бузар.

Летась у рамках Тыдня бацькоўскай любові жыхары сельсавета высадзілі Алею сям’і. У добраўпарадкаванні ўдзельнічала нямала шлюбных пар, многія прыходзілі з дзецьмі. Мая суразмоўніца з цяплом успамінае той дзень. Таму, калі бібліятэкар аграгарадка Ліпнішкі Тэрэса Захарэвіч прапанавала прыняць удзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, жыхары з радасцю пагадзіліся.

Грамадзяне сталі думаць, як ім аб’яднаць свае задумкі і які ў выніку павінен атрымаецца праект. Пасля абмеркаванняў прынялі рашэнне стварыць сямейную зону адпачынку, дзе жыхары розных узростаў змогуць добра правесці час. За сродкі сельсавета ўстанавілі дзіцячую пляцоўку, а астатнія ідэі вырашылі ўвасобіць дзякуючы конкурсу. І праект перамог!

Цяпер тут ёсць альтанка, спартыўная пляцоўка, малыя архітэктурныя формы. З’явіліся і спецыяльныя інфармацыйныя таблічкі, на якіх ёсць QR-коды. І гэта невыпадкова! Праз аграгарадок праходзіць дарога рэспубліканскага значэння, тут часта бываюць турысты. Яны таксама могуць з камфортам адпачыць і пазнаёміцца з гістарычнымі фактамі, якія расказваюць пра Ліпнішкі.

— Мы пакуль яшчэ не ўсе свае ідэі ўвасобілі. Хочам абсталяваць месцы для гульні ў шашкі і шахматы. А таксама ўсталяваць спецыяльны домік для буккросінгу, — дзеліцца планамі старшыня сельсавета. — Хочам, каб наш сквер стаў не проста месцам адпачынку, але і адукацыйнай прасторай, дзе людзі маглі б пазнаць нешта новае аб экалогіі і культуры раздзельнага збору смецця. Спадзяёмся, што гэта дапаможа зрабіць наш аграгарадок яшчэ больш чыстым і ўтульным. Вельмі рады, што ідэя была падтрымана і мы атрымалі магчымасць рэалізаваць яе. Упэўнены, што наш сквер стане любімым месцам для ўсіх жыхароў аграгарадка і будзе радаваць іх сваёй утульнасцю і прыгажосцю.

Жыхары Ліпнішак вельмі ганарацца праведзенай працай, якая паказвае, што сумесная работа прыносіць плён. Для таго, каб адлюстраваць усе этапы стварэння сквера Сям’і, на тэрыторыі аб’екта будуць устаноўлены стэнды з фатаграфіямі.

На рэалізацыю праекта было выдаткавана 40 тысяч рублёў, 4 тысячы рублёў было сабрана жыхарамі, а таксама Іўеўскім лясгасам і Іўеўскай «Сельгастэхнікай».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю