Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта, якое адбылося напярэдадні Дня юрыста, прыняў удзел Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН. Кіраўнік урада адзначыў, што будынак добра ўпісаўся ў архітэктуру Мінска, ён служыць знакавым месцам, упрыгожваннем сталіцы. «Для ўрада вельмі важнае завяршэнне нашай судовай рэформы, стварэнне Апеляцыйнага эканамічнага суда, таму што ў эканоміцы ўсё няпроста і бываюць няпростыя адносіны паміж суб’ектамі гаспадарання. Гэта судовая інстанцыя, я ўпэўнены, дапаможа, у тым ліку і нам вырашаць цэлы шэраг праблем, рабіць гэта хутка і якасна», — сказаў Прэм’ер-міністр.

Мэта стварэння Апеляцыйнага эканамічнага суда — вывесці апеляцыйную інстанцыю з эканамічных судоў абласцей і сталіцы, каб працэс перагляду судовых пастаноў па эканамічных справах судом другой інстанцыі стаў больш аб’ектыўным і якасным. Так, абласныя эканамічныя суды і эканамічны суд горада Мінска будуць выступаць у якасці судоў першай інстанцыі. Апеляцыйны эканамічны суд — у якасці другой, апеляцыйнай, інстанцыі.

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін СУКАЛА адзначыў, што падрыхтоўка гэтага аб’екта была пад пастаянным кантролем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. «Уводам аб’екта, пачаткам работы новага суда мы завяршаем трэці этап судова-прававой рэформы. Таму гэта вельмі важны аб’ект для судовай сістэмы, для краіны. Кодэкс грамадзянскага судаводства, які ўступае ў сілу з 1 студзеня, аб’ядноўвае судовыя працэдуры эканамічнага і агульнага правасуддзя. Для гэтага быў неабходны новы суд. Да цяперашняга часу эканамічныя абласныя суды былі судамі адразу дзвюх інстанцый: суд першай інстанцыі разглядаў эканамічныя справы, і ён жа разглядаў скаргі на рашэнні, якія ўжо адбыліся. Такім чынам парушаўся класічны прынцып правасуддзя: „адзін суд — адна інстанцыя“. Для якасці эканамічнага правасуддзя, для павышэння яго аўтарытэту, даверу да яго ў ходзе судовай рэформы было прынята рашэнне аб тым, каб стварыць асобны орган».
Апеляцыйны эканамічны суд унікальны з пункту гледжання камунікацый, сучасных магчымасцяў, укаранення інструментаў лічбавага правасуддзя, заўважыў Валянцін Сукала. Хоць суд адзін і знаходзіцца ў Мінску, прынцып даступнасці правасуддзя парушацца не будзе: «75 % усіх апеляцыйных скаргаў прыпадае на мінскія гарадскі і абласны эканамічныя суды. Што датычыцца іншых абласцей, то ў гэтым судзе створаны ўсе магчымасці для таго, каб у рэжыме анлайн весці судовыя працэсы і разглядаць пытанні без яўкі бакоў».
Указ «Аб утварэнні Апеляцыйнага эканамічнага суда» быў падпісаны кіраўніком дзяржавы 3 красавіка 2025 года. У сваю чаргу 27 кастрычніка 2025 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 381 сфарміраваны кадравы склад судзейскага корпуса Апеляцыйнага эканамічнага суда. Усяго ў ім — 27 суддзяў, уключаючы старшыню і яго намеснікаў. Утварэнне Апеляцыйнага эканамічнага суда стала завяршальным этапам судовай рэформы ў Беларусі. Так, у эканамічным правасуддзі краіны ствараецца паўнавартасная трохзвенавая сістэма судоў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга ЧУПРЫС звярнула ўвагу на тое, што стварэнне новага судовага органа прадугледжвала і яго размяшчэнне: «Кіраўнік дзяржавы шмат увагі надаў таму, што неабходна не проста якаснае судаводства, але і зручнае размяшчэнне суда. Неабходна, каб гэты аб’ект стаў месцам прыцягнення як работнікаў судоў, так і нашых грамадзян. Кіраўнік дзяржавы абазначыў, што нам неабходна месца, якое б знаходзілася ў гістарычнай частцы горада, яно не павінна было будавацца з нуля, а павінна абапірацца на тую гісторыю, якую мы маем. І ў гэтым месцы сапраўды быў будынак, які патрабаваў рамонту».
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ падкрэсліў, што ўсе датычныя да будаўніцтва аб’екта працавалі ў адзіным парыве, разумеючы, што работу трэба выканаць у тэрмін і якасна. «Гэта атрымалася. Мы разам зрабілі вялікую справу», — рэзюмаваў мэр Мінска.
Апеляцыйны эканамічны суд у статусе працэсуальнага органа пачне сваю работу з 1 студзеня 2026 года, гэта значыць, з даты ўступлення ў сілу Кодэкса грамадзянскага судаводства.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД