Мноства анкалагічных захворванняў звязана з курэннем. Перш за ўсё гэта пухліны лёгкага, поласці рота і гартані, стрававода, мочапалавой сістэмы. Увогуле ж канцэрагены, якія атрымлівае чалавек пры курэнні, могуць уплываць на ўсе пухліны, якія толькі могуць быць, а адмова ад шкоднай звычкі ў значнай ступені зніжае нагрузку на арганізм. Калі пацыент з анкалагічнай хваробай працягвае курыць, вынік лячэння будзе нашмат горшы, а колькасць ускладненняў большая, чым калі б ён адмовіўся ад цыгарэт. Спецыялісты РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава расказалі, якімі сучаснымі метадамі сёння выяўляюць і лечаць рак лёгкага, мачавога пузыра, поласці рота і гартані.
Анкакілер № 1
У мужчын рак лёгкага ў нашай краіне займае другое месца па захваральнасці і першае —па смяротнасці. Абганяе яго толькі рак прастаты. Гэта цяжкае захворванне: аднагадовая лятальнасць пры яго выяўленні складае 70 %. Пакуль агульнапрызнанага спосабу скрынінгу раку лёгкага не існуе, але анколагі шукаюць спосабы выяўляць яго на ранніх стадыях.
— Мы правялі праект па вывучэнні эфектыўнасці нізкадозавай КТ для скрынінгу раку лёгкага, і ён паказаў, што менавіта прымяненне такога метаду ў групе рызыкі дазваляе якраз павысіць долю пацыентаў, выяўленых з ранняй стадыяй, — гаворыць Аляксей КУРЧАНКОЎ, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі таракальнай паталогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук. — Стандартна ж апошнія 3 гады, на жаль, рак лёгкага дыягнастуецца на трэцяй-чацвёртай стадыі ў 60 % нашых пацыентаў. Але прыкладна такая ж сітуацыя ва ўсім свеце.

Па захваральнасці на рак гэтай лакалізацыі наша краіна знаходзіцца на 14-м месцы ў Еўропе, а па смяротнасці — на 32-м.
— Гэта сведчыць, што ў нас, несумненна, ёсць поспехі ў лячэнні раку лёгкага. Па гэтым паказчыку нас апераджае толькі дзве краіны ў Еўропе — Іспанія і Францыя. Цяпер у нас праходзіць некалькі навуковых даследаванняў па лячэнні раку лёгкага ў трэцяй стадыі і па лячэнні з прымяненнем 3D-мадэлявання для выканання органазахоўных аперацый. Таксама шырока выкарыстоўваецца міні-інвазіўная хірургія, усё гэта паляпшае вынікі лячэння, — адзначае Аляксей Курчанкоў.
Як дадае дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей ПАЛЯКОЎ, ёсць яшчэ адзін паказчык, які сведчыць аб эфектыўнасці лячэння.

— У нас ёсць такое паняцце, як радыкальна пралечаныя пацыенты. Гэта значыць, пацыенты, якім, нягледзячы на стадыю — яна можа быць як першай, так і чацвёртай — удалося правесці поўны комплекс лячэння (або аперацыю, або аперацыю ў спалучэнні з хіміятэрапіяй, таргетнай, прамянёвай тэрапіяй).
У 60 % выпадкаў яны маюць 5-гадовую выжывальнасць. Гэта той паказчык, на які арыентуюцца ўсе анколагі, і ён насамрэч вельмі добры, — падкрэслівае Сяргей Палякоў.
Курыльшчык рызыкуе не толькі лёгкімі
Падчас курэння канцэрагены пранікаюць у арганізм чалавека праз ротавую поласць, лор-органы, потым ідуць у лёгкія, частка трапляе ў страўнік і кішэчнік, яны ўсмоктваюцца ў кроў і фільтруюцца праз ныркі. Выводзяцца гэтыя рэчывы пераважна з мачой, а значыць, уздзейнічаюць на ныркі, павялічваючы рызыку іх захваральнасці на рак. Але найбольшую небяспеку канцэрагены тояць для мачавога пузыра, бо канцэнтруюцца ў мачы і дастаткова доўга кантактуюць з яго эпітэліем.
— Па падліках эпідэміёлагаў, палова выпадкаў раку мачавога пузыра звязана з курэннем. Калі б усе людзі кінулі курыць у адзін момант, мы б на 50 % змаглі знізіць захваральнасць, — адзначае загадчык лабараторыі анкаўралагічнай паталогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Аляксандр РАЛЕВІЧ.
Рак мачавога пузыра дастаткова агрэсіўны і адносіцца да тых, якія няпроста вылечыць.
— Ён мае такі хранічны характар, які рэцыдывуе. Мы спрабуем лячыць органазахавальнымі метадамі, уздзейнічаць толькі на пухліну. Але пастаянны прыток канцэрагенаў, калі пацыент курыць, забяспечвае анкалагічны працэс у іншых месцах мачавога пузыра. І з’яўляюцца новыя пухліны, часта яшчэ больш агрэсіўныя, чым ранейшыя, якія вельмі складана кантраляваць, — дадае Аляксандр Ралевіч.
Незаўважнае відавочнае
Сапраўднай праблемай з’яўляюцца пухліны візуальных лакалізацый: губы, поласці рота, языка, дзясны, якія можна і адчуць, і ўбачыць. Але выяўляюцца яны ў палове выпадкаў на позніх стадыях. І такая праблема характэрна для ўсіх краін свету. У Беларусі па ініцыятыве анколагаў у анкету для дыспансерызацыі ўключаны чатыры пытанні, адказы на якія дапамогуць выявіць анкалагічныя працэсы поласці рота на ранніх стадыях па характэрных сімптомах.
— Гэта наяўнасць незагойных язваў, белых, чырвоных, іншых плям у поласці рота, з’яўленне павялічаных лімфавузлоў на шыі, наяўнасць асіпласці, ахрыпласці голасу без адказу на супрацьзапаленчае лячэнне больш за тры месяцы, працяглая заложанасць носа з перыядычнымі крывацёкамі, выдзяленнямі слізі больш за тры месяцы без адказу на супрацьзапаленчае лячэнне. Гэтыя сімптомы могуць сведчыць аб злаякасных працэсах у поласці рота, шыі, гартані і носе, — расказвае загадчык лабараторыі анкапаталогіі галавы і шыі з групай анкапаталогіі цэнтральнай нервовай сістэмы, доктар медыцынскіх навук, прафесар Жанна КАЛЯДЗІЧ.
Многія захворванні, у тым ліку і некаторыя анкалагічныя, можна папярэдзіць. Адмова ад курэння — найлепшая прафілактыка злаякасных новаўтварэнняў, якую можа дазволіць сабе кожны, хто мае гэту шкодную звычку.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД