Top.Mail.Ru

Для інавацыйнага развіцця неабходна сінхранізацыя навукова-даследчай дзейнасці і мадэрнізацыі рэальнага сектара

Каб быць багатым, мала быць разумным. Яшчэ неабходна прадпрымальнасць. Насамрэч з інтэлектуальным складнікам у беларускай эканоміцы ўсё ў парадку. Ёсць дастаткова магутная навукова-даследчая база, добрыя інжынерныя школы. Ды і нашы спецыялісты вельмі кваліфікаваныя. Сістэма адукацыі забяспечвае ўзнаўленне і развіццё чалавечага капіталу. Але неяк не заладзілася ў нас з прадпрымальнасцю. Асабліва ў інавацыйных кірунках. Несумненна, ёсць паспяховыя кейсы. Але яны не дасягнулі той крытычнай масы, каб нашы распрацоўкі разрывалі сусветныя рынкі і станавіліся крыніцай дабрабыту карпарацый з беларускім капіталам ці хоць бы сумесным.



Дзелавое асяроддзе — вадаём са сваімі асаблівасцямі: вірамі, акуламі... і мноствам іншых непрадказальных і зусім нечаканых непрыемнасцяў. Каб праціснуцца скрозь іх да берага поспеху, мала навігацыйных ведаў. Неабходны пэўны склад характару, аснованы на смеласці, устойлівасці да рызык, развітой інтуіцыі, адвазе, хітрасці і нават проста шанцаванні. Магутныя прадуктовыя прарывы, як правіла, складаліся з сімбіёзу інтэлекту і камерцыйнага таленту.

Можна па-рознаму ставіцца да экстравагантных пасажаў Паўла Дурава. Але ён змог вывесці на арбіту некалькі магутных праектаў, у тым ліку знакаміты Telegram. Яму ўдалося пад свае інавацыі знайсці фінансаванне, вывесці бізнес-праект на рынак, развіваць яго, структураваць... Але тэхналагічны складнік Паўлу Дураву забяспечвае яго брат Мікалай — таленавіты матэматык. Менавіта ён ператварае смелыя ідэі ў арыгінальныя матэматычныя алгарытмы. У цені майстра прэзентацый Стыва Джобса з Apple хаваўся Стыў Вазняк, інжынерны геній якога ператвараў фантазіі ў канкрэтныя вырабы.

Любы поспех у бізнесе суправаджаецца доўгімі цітрамі ўдзельнікаў камерцыйнай перамогі: фінансісты, аналітыкі, маркетолагі, інжынеры, тэхнолагі... і, самае галоўнае, каманда кіраўнікоў, якой атрымліваецца злучыць разнапланавыя кампетэнцыі пад дахам адной ідэі, паставіць усім удзельнікам інавацыйнай рэгаты выразныя заданні, ператварыць іх у каманду, якая зладжанымі дзеяннямі прывядзе яхту да перамогі.

У нас ёсць навукоўцы. А вось капітанаў, якія змаглі б стварыць каманду для гонак на апярэджанне, не хапае. А яны патрэбны. У адваротным выпадку на нашых прыгожых караблях будуць плаваць іншыя. І ўжо гэтым, у прынцыпе, займаюцца. Нярэдка даводзіцца чуць: ёсць у нас класныя вынаходкі. Сусветнага ўзроўню. На іх аснове вялікія заводы будуюцца. Напрыклад, вырабляюцца арыгінальныя прыборы. Толькі не ў Беларусі, а ў Кітаі.

З аднаго боку, радуе: калі КНР уклала вялікія інвестыцыі ў вытворчасць пад нашы распрацоўкі, значыць, нашы навукоўцы і даследчыкі знаходзяцца на высокім узроўні. Але ж крыўдна: чаму эканамічны эфект фарміруецца за мяжой?! Гэтаму ёсць тлумачэнне: асноўны рынак збыту — у Кітаі. 

Праціснуцца на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі з высокатэхналагічнай прадукцыяй — складаны квэст. Тэхналогіі там купляюць, а гатовую прадукцыю, па вялікім рахунку, — не. Гэта палітыка, накіраваная на тэхналагічнае лідарства, якая прадугледжвае максімальнае самазабеспячэнне ў інтэлектуальнай сферы.

Не выключаю: пабудаваць такое прадпрыемства ў Беларусі праблематычна з камерцыйнага пункту гледжання: патрабуюцца вялікія інвестыцыі, тэхналагічныя кампетэнцыі, ёсць рызыкі прадукцыі — ключавыя рынкі за мяжой. Але сумесныя прадпрыемствы ў рознай канфігурацыі ніхто не адмяняў. Іншае пытанне, што для гэтага неабходна вакол навуковага праекта выбудаваць бізнес-архітэктуру, каб было разуменне, як укараняць распрацоўку ў вытворчасць, на якіх магутнасцях, хто інвестар, як размяркоўваюцца правы на інтэлектуальную ўласнасць...

Але інавацыйны бізнес — асобная сфера дзейнасці, якая патрабуе сваіх унікальных кампетэнцый, вопыту, інтуіцыі. Больш лагічна, каб гэтым займаліся прафесіяналы ў сваёй галіне. Навукоўцы, такімі, несумненна, не з’яўляюцца. Адсюль неабходна не проста сувязь бізнесу і навукі, а фарміраванне інфраструктуры для ўкаранення вынаходак, іх камерцыялізацыі, калі заўгодна. І не проста арганізацыі вытворчасці, а фарміравання бізнес-архітэктуры, стратэгіі, з бізнес-планам, разуменнем крыніц інвестыцый, рынкаў збыту... Асобны вялікі і складаны кавалак работы, які патрабуе немалых інавацыйных падыходаў і крэатыву.

Інтэлект ШТУЧНЫ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю