Top.Mail.Ru

Беларускаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту спаўняецца 95 гадоў

Казаць аб шаноўным узросце паважанай ВНУ можна, калі толькі пералічваць яе заслугі. На самай справе там жыве маладосць — шумная, дзёрзкая, мэтанакіраваная. І кожны верасень, як толькі ва ўніверсітэт прыходзяць чарговыя першакурснікі, яго ўзрост быццам абнуляецца, а жыццё напаўняецца новымі сэнсамі.



Юбілей — гэта заўсёды мітусня. Але мітусня прыемная, з гасцямі, падарункамі і віншаваннямі. Гэтымі днямі ў БДТУ вельмі ажыўлена — у ВНУ прыехалі старыя сябры і новыя партнёры з розных куткоў свету. Кіраўніцтва ўніверсітэта вырашыла сумясціць святочныя мерапрыемствы з дзелавымі і арганізавала «Тыдзень навукі, адукацыі і інавацый», прысвечаны 95-годдзю БДТУ. Падзяліць свята з калегамі, а заадно прыняць шэраг важных рашэнняў і падпісаць дакументы аб далейшым супрацоўніцтве ў Мінск прыбылі дэлегацыі з Расіі, Кітая і Азербайджана.

Геаграфія пашыраецца

Як расказаў рэктар БДТУ Сяргей КАСПЯРОВІЧ, універсітэт цесна супрацоўнічае з шэрагам замежных універсітэтаў па розных кірунках, у прыватнасці — па развіцці тэхналогій нафтаперапрацоўкі тонкіх хімічных тэхналогій і іншых.

— У рамках узаемадзеяння рэалізуюцца сумесныя навуковыя праекты, праекты мабільнасці вучоных і студэнтаў, а таксама шэраг сумесных адукацыйных праграм у такім фармаце, як, да прыкладу, летнія школы, — расказаў кіраўнік ВНУ.

Ён канстатаваў, што геаграфія экспарту адукацыйных паслуг пашыраецца з кожным годам, і цяпер у БДТУ атрымліваюць адукацыю студэнты з больш чым 45 краін.

— Лідзіруюць у гэтай статыстыцы Расія і Кітай, — адзначае Сяргей Каспяровіч. — У нас вучыцца больш за 670 грамадзян РФ і КНР.

Новыя спецыяльнасці: сёння і ў перспектыве

У 2025 годзе ў БДТУ былі адкрыты дзве новыя спецыяльнасці — «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў» і «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў». На спецыяльнасці «Палімерныя матэрыялы» адкрылася прафілізацыя «Тэхналогія скуры і футра».

— Мы не толькі адкрываем новыя спецыяльнасці, — падзяліўся рэктар універсітэта, — але і развіваем базавыя напрамкі: лясная гаспадарка, хімічныя і нафтахімічныя тэхналогіі. Яны вельмі запатрабаваны ў сённяшніх абітурыентаў. Па-ранейшаму ў топе ІT-тэхналогіі. Вельмі добра прайшоў набор на новую спецыяльнасць «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў». 

У планах — адкрыць падрыхтоўку па спецыяльнасцях «Інжынерная эканоміка» і «Прамысловая робататэхніка». Мяркуем, што набор будзе адкрыты на 2027/28 навучальны год. Пакуль прапрацоўваем, наколькі гэтыя спецыяльнасці будуць запатрабаваны. Калі казаць пра больш далёкія перспектывы, то ў планах — падрыхтоўка спецыялістаў у сферы штучнага інтэлекту. Неабходны патэнцыял маецца.

Новая якасць інжынернай адукацыі

Сёлета абітурыентамі беларускіх ВНУ сталі каля 2,5 тысячы выпускнікоў інжынерных класаў. Гаворачы пра гэтую адукацыйную траекторыю, рэктар БДТУ адзначыў:

— Маё меркаванне: інжынерныя класы — гэта вельмі добры і перспектыўны прафарыентацыйны праект. Паводле тых звестак, якія маю, каля 70 % выпускнікоў профільных класаў паступілі менавіта на інжынерныя спецыяльнасці. Наш універсітэт выбралі 199 чалавек, якія аказаліся вельмі падрыхтаванымі абітурыентамі. У большасці сваёй яны паступалі на конкурснай аснове, хоць і мелі права на льготу. Ці трэба казаць пра тое, што сёння гэтыя маладыя людзі сталі ўжо моцнымі студэнтамі, а ў будучыні стануць моцнымі спецыялістамі.

Карысны падарунак

2 снежня да свайго юбілею БДТУ атрымаў яшчэ адзін падарунак — там адкрылася сучасная вучэбная лабараторыя фармацэўтычных тэхналогій, створаная на базе кафедры біятэхналогіі пры падтрымцы і дапамозе прадпрыемства «Белмедпрэпараты».

У новай лабараторыі будуць праводзіцца заняткі па такіх профільных дысцыплінах, як «Тэхналогія гатовых лекавых сродкаў», «Кантроль якасці і сістэмы стандартызацыі. Арганізацыя вытворчасці па GMP», «Хімія і тэхналогія біялагічна актыўных рэчываў», а таксама практычная падрыхтоўка па спецыяльнасці «Тэхналогія лекавых прэпаратаў».

Лабараторыя аснашчана сучасным прыборным і тэхналагічным абсталяваннем, з дапамогай якога будучыя спецыялісты будуць адпрацоўваць практычныя навыкі ва ўмовах, максімальна набліжаных да вытворчых. І гэта забяспечыць паглыбленне студэнтаў у рэальныя працэсы фармацэўтычнай вытворчасці.

У перспектыве лабараторыя ўвойдзе ў склад Цэнтра кампетэнцый БДТУ, і яе рэсурсы можна будзе выкарыстоўваць для пашырэння прафесійных навыкаў навучэнцаў каледжаў.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота дадзена БДТУ

Чытайце таксама: У БДТУ абмеркавалі неабходнасць мэтавага набору на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю