Top.Mail.Ru

Заходнія вароты ЕАЭС

Так, без перабольшання, называюць сёння самы заходні філіял РУП «Белмытсэрвіс» — брэсцкі. У 2022 годзе, разам з двума ўжо дзеючымі ТЛЦ, быў уведзены ў эксплуатацыю мультымадальны транспартна-лагістычны цэнтр «Брэст-Белмытсэрвіс — 3», які даў прадпрыемству новы імпульс да далейшага развіцця. Тэрмінал мае стратэгічна важнае значэнне ў лагістыцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра тое, якім калектыў філіяла бачыць сваю будучыню, як спраўляецца з пастаўленымі задачамі і ўскладзенымі на яго важнымі функцыямі, наша размова з дырэктарам Віталіем БАЛДОЎСКІМ.



На новым Шаўковым шляху

— Брэсцкі філіял сапраўды выконвае ролю найважнейшых заходніх варот ЕАЭС — гэта «разумны шлюз», які забяспечвае бяспеку эканамічнай прасторы ЕАЭС. Мы спалучаем высокую прапускную здольнасць з эфектыўным кантролем, выкарыстоўваючы тэхналогіі рызыка-менеджменту, каб не дапускаць парушэнняў і забяспечваць законнасць перасячэння граніцы. Праз РПТА «Казловічы» — адзін з найбуйнейшых грузавых тэрміналаў на постсавецкай прасторы — праходзіць асноўны рух грузавых транспартных сродкаў. Штодня прапускаем да тысячы грузавікоў у абодвух напрамках. А ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брэст-Белмытсэрвіс — 3» рэалізавана ўнікальная перавага Беларускай транспартнай сістэмы — наяўнасць шырокіх і вузкіх фарматаў чыгуначнай каляіны.

Тут, па словах Віталія Аляксеевіча, створана і будзе развівацца інфраструктура, якая дазволіць РУП «Белмытсэрвіс» інвеставаць у новы Шаўковы шлях і іншыя перспектыўныя лагістычныя праекты.

— Работа нашага філіяла сёння — гэта суадносіны выклікаў і магчымасцяў. З аднаго боку, мы сутыкаемся з нерытмічнай работай нашых суседзяў, з другога — актыўна дыверсіфікуем патокі і развіваем інфраструктуру, як гэта відаць на прыкладзе будаўніцтва новых зон чакання, — адзначыў ён.

Афрыка, Азія і Блізкі Усход

— Як на работу філіяла паўплывала геапалітычная сітуацыя ў цэлым і санкцыі ў прыватнасці, якія шляхі і напрамкі падказала? — задаём кіраўніку яшчэ адно актуальнае пытанне і просім расказаць аб асноўных кірунках сённяшняй дзейнасці аднаго з вядучых падраздзяленняў «Белмытсэрвісу».

— Наша дзейнасць характарызуецца выключнай шырынёй і дыверсіфікацыяй, — расказвае Віталій Балдоўскі. — Сёння мы рэалізоўваем 8 асноўных напрамкаў, прапаноўваючы кліентам больш за 20 спецыялізаваных паслуг: ад класічнага мытнага афармлення да складской лагістыкі, ЗЭД-кансалтынгу, маніторынгу навігацыйных прылад, сэрвіснага абслугоўвання і рознічнага гандлю.

Кіраўнік падкрэслівае, што геапалітычная сітуацыя стала каталізатарам глыбокай перабудовы лагістычных ланцужкоў. І Брэсцкі філіял, як флагман Нацыянальнага лагістычнага аператара, актыўна ўдзельнічае ў гэтым працэсе.

— Калі раней фокус быў на заходнім напрамку, — канстатуе ён, — то сёння фарміруем альтэрнатыўныя маршруты. Ключавымі для нас сталі Кітай, краіны Афрыкі (Алжыр, Егіпет, ЮАР), Сярэдняй Азіі (Узбекістан, Казахстан) і Блізкага Усходу. Актыўна развіваем мультымадальныя перавозкі, уключаючы выкарыстанне Паўночнага марскога шляху.

Больш за два мільёны навігацыйных пломб

Сёння зноў на грэбені актуальнасці — устаноўка навігацыйных пломб. Пакуль яшчэ ідзе падрыхтоўчая работа, але з наступнага года іх укараняць на ўсёй тэрыторыі ЕАЭС. Эксперты адзначаюць, што ў гэтым працэсе дапамагае каласальны вопыт Беларусі.

— І Брэсцкі філіял з пачатку рэалізацыі механізму адсочвання транзітных перавозак у гэтым пытанні назапасіў велізарны досвед, — кажа Віталій Балдоўскі. — Нашымі спецыялістамі ўжо пераадолены двухмільённы рубеж прымянення навігацыйных пломб. Гэта дазваляе неадкладна рэагаваць на любыя праблемы, якія ўзнікаюць, і забяспечваць кліентам поўны спектр паслуг: ад накладання пломбаў да маніторынгу перамяшчэння грузаў. Са студзеня 2025 года працуем у рамках адзінага механізма з расійскім аператарам, створаны аператыўны штаб — жывы прыклад, як павінна працаваць «бясшвовая» сістэма на прасторы Саюза. Паспяховы вопыт Беларусі і Расіі па ўжыванні навігацыйных пломбаў пры перавозцы грузаў будзе выкарыстаны для ўкаранення на ўсёй тэрыторыі ЕАЭС у наступным годзе.

На якасна новым узроўні

Пад Брэстам завяршаецца будаўніцтва дзвюх зон чакання — для вадзіцеляў-міжнароднікаў і турыстаў. Мы папрасілі дырэктара філіяла расказаць, як усё будзе выглядаць, якія прадугледжаны сэрвісы і паслугі для кліентаў філіяла, гасцей нашай краіны.

— Будаўніцтва дзвюх новых зон чакання — гэта якасна новы ўзровень сэрвісу для ўсіх, хто перасякае нашу граніцу. Каля пункта пропуску «Казловічы» ствараецца найбуйнейшая ў Еўропе зона чакання для грузавікоў, — расказвае Віталій Балдоўскі. — Праект знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Узведзены шматфункцыянальны будынак плошчай больш за 600 м2 і паркоўка на 800 стаяначных месцаў. Завершаны работы па ўкладцы інжынерных сетак, у шматфункцыянальным комплексе вядуцца фінальныя ўнутраныя аддзелачныя работы. У будынку прадугледжаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага чакання: кафэ на 30 пасадачных месцаў, санітарныя блокі з душавымі кабінамі і зона з тэхнікай для мыцця і прасавання. У комплексе знаходзяцца таксама цэх для гатавання ежы, кандытарская, складскія памяшканні. Побач з «Варшаўскім мостам» будуецца зона чакання на 280 месцаў для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гэта будуць не проста стаянкі, а шматфункцыянальныя комплексы з кругласутачнымі кафэ, душавымі, пральнямі, зонамі адпачынку і аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу. Такая сучасная сэрвісная экасістэма дазволіць ліквідаваць стыхійныя заторы, павысіць транзітную прывабнасць Рэспублікі Беларусь.

Глядзім у будучыню

— Якія сучасныя сродкі — тэхнічныя і тэхналагічныя — прымяняе ў сваёй рабоце філіял?

— Лічбавая трансфармацыя — аснова нашай аперацыйнай дзейнасці, — адказвае кіраўнік філіяла. — Са жніўня 2024 года ў структуры РУП «Белмытсэрвіс» працуе офіс лічбавізацыі, які каардынуе гэтыя пытанні. Выкарыстоўваем праграмнае забеспячэнне ўласнай распрацоўкі для адпраўкі электронных мытных дакументаў, маніторынгу грузаперавозак і арганізацыі электроннай чаргі.

У будучыні, па словах Віталія Аляксеевіча, плануецца развіваць такія праекты, як далейшае развіццё воблачных сэрвісаў і аналітыкі вялікіх даных для прагназавання лагістычных патокаў і аптымізацыі работы.

— Акрамя лічбавай трансфармацыі, робім сур’ёзныя інвестыцыі ў матэрыяльна-тэхнічную базу, — працягнуў ён. — У зоне нашай дзейнасці ўжо паспяхова функцыянуюць транспартна-лагістычныя цэнтры класа «А», якія адпавядаюць самым высокім міжнародным стандартам па аснашчэнні, бяспецы і ўзроўні сэрвісу.

І гэта яшчэ не ўсё. Ужо ў наступным годзе тут увядуць у эксплуатацыю кантэйнерную пляцоўку з унікальнай для рэгіёна характарыстыкай — яна будзе абсталявана пад’язнымі шляхамі з вузкай і шырокай каляінамі.

— Мы зможам максімальна гібка і эфектыўна абслугоўваць чыгуначныя патокі з розных напрамкаў, — кажа дырэктар філіяла. — Пляцоўка будзе ўкамплектавана сучаснай спецтэхнікай, такой як рычстакеры і іншай, якая дапаможа забяспечыць высакахуткасную і бяспечную апрацоўку грузаў.

Каманда прафесіяналаў

Брэсцкі філіял «Белмытсэрвісу» ўстойліва займае адну з лідарскіх пазіцый як на прадпрыемстве, так і ў рэгіёне. Калі мы папрасілі Віталія Аляксеевіча назваць галоўныя канкурэнтныя перавагі прадпрыемства, ён не задумваючыся адказаў:

— Нашы канкурэнтныя перавагі — гэта маштабная інфраструктура, комплекснасць паслуг і арыентацыя на інавацыі. Цеснае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі і статус нацыянальнага аператара — усё гэта дае нам глыбокае разуменне рэгуляторыкі і дазваляе прапаноўваць кліентам аптымальныя рашэнні.

Адным з асноўных фактараў поспеху Віталій Балдоўскі назваў згуртаваны і высокапрафесійны калектыў.

— Я ганаруся камандай прафесіяналаў нашага філіяла, якая па выніках работы неаднаразова займала лідарскія пазіцыі і адзначалася ўзнагародамі РУП «Белмытсэрвіс». Гэта даказвае, што нашы супрацоўнікі — не проста выканаўцы, а сапраўдныя асы, здольныя эфектыўна вырашаць складаныя задачы, — падсумаваў кіраўнік.

Алена ВІНАГРАДАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю