Дзеля жыццяздольнасці
У зале для сустрэч — нешта падобнае на сучасную мастацкую выстаўку, стыльнае і арыгінальнае. А гэта насамрэч узоры новых матэрыялаў, якія прапануюцца для вытворчасці мэблі. Хочаш адчуць навобмацак структуру натуральнага дрэва ў гарнітуры? Альбо мармур ці камень на кухні? Ды нават мяккасць натуральнай скуры ці габелена, напрыклад, на дзверцах шафы... І гэта не ўзоры з дызайнерскіх каталогаў, а рэальнасць, магчымая дзякуючы новай прадукцыі прадпрыемства, якому больш за сто гадоў — неверагодная жыццяздольнасць.
Ужо 53 гады тут вырабляюць драўняна-стружачныя пліты. Гэта адзін з прыкладаў класічнага горадаўтваральнага прадпрыемства. За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў яго значнасць узрасла ў межах рэспублікі, што было падцверджана ўвагай на самым высокім узроўні. Напачатку ХХІ стагоддзя прадпрыемства перажыло нямала мадэрнізацый: з’явілася сучасная лінія ламініравання драўняна-стружачных пліт, затым новыя цэхі па вытворчасці ДСП і ЛДСП — у 2012 годзе гэта быў адзіны прыклад паспяховай рэалізацыі інвестпраектаў у дрэваапрацоўчай галіне. Так на «Івацэвічдрэў» пачалі вырабляць ДСП з дапамогай прэса бесперапыннага дзеяння, што дазволіла выпускаць вялікую пліту, якую можна наразаць. Дзякуючы гэтай вытворчасці развівалася і мэблевая галіна Беларусі: «Пінскдрэў», брэсцкі «Анрэкс» і іншыя прадпрыемствы працуюць у тым ліку па індывідуальнах заказах.
У пэўны момант стала відавочна: стандартных матэрыялаў для вытворчасці базавай мэблі недастаткова — звычайнай ДСП, ламініраванай ДСП ці МДФ ужо нікога не здзівіш. Спецыялісты прадпрыемства прааналізавалі рынак, паглядзелі, што можна рабіць на падобным абсталяванні з айчыннай сыравіны, і зразумелі: варта асвоіць выпуск прэміяльных пліт з тэрмаструктураванай паверхняй. Перспектыва ёсць — «мэблевікам» не трэба будзе іх завозіць з-за мяжы са складанай лагістыкай ды рознымі перашкодамі. І галоўнае: гэта зробіць выніковы прадукт — набор мэблі ці асобны прадмет — больш даступным па цане.
— Наша прадпрыемства — першае ў Беларусі наладзіла вытворчасць мэблевых пліт прэміяльнай якасці — з рэльефнай паверхняй і зусім іншым тактыльным успрыманнем, — адзначае Аляксандр Шчурко, намеснік генеральнага дырэктара па продажах і маркетынгу. — У рэалізацыі гэтага інавацыйнага праекта была істотная падтрымка на ўзроўні Брэсцкай вобласці ў межах праграмы «Адзін раён — адзін праект», якая дазволіла атрымаць патрэбнае фінансаванне. Новую вытворчую лінію пачалі асвойваць у канцы 2025 года, запусцілі своечасова. І яна ўжо апраўдвае чаканні.
— Прадпрыемства «Івацэвічдрэў» забяспечвае больш за 700 рабочых месцаў на рынку працы. На новую лінію перайшлі самыя вопытная супрацоўнікі, удалося прыцягнуць і высокакласных спецыялістаў, якія мелі досвед працы на мэблевых прадпрыемствах, — адзначае Таццяна Дылько, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. — Гэта вялікая адказнасць, таму што праект дазваляе нам заставацца адным з вядучых прадпрыемстваў у дрэваапрацоўчай галіне краіны.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Ільніцкі неаднойчы падкрэсліваў: каб захаваць канкурэнтаздольнасць, трэба рабіць новыя крокі. Гэта значыць, трэба знаходзіць магчымасці зарабіць грошы, што дазволіць забяспечыць годны заробак людзям і развівацца далей нават у няпростых умовах, калі даводзіцца пераарыентоўвацца на іншыя рынкі — усходнія.
У трэндзе
Толькі за некалькі месяцаў 2025 года прадстаўнікі акцыянернага таварыства правялі больш за 20 прэзентацый у розных гарадах Беларусі і за яе межамі, расказалі пра якасныя характарыстыкі і магчымасці выкарыстання новых прэміяльных пліт.
— Ведаеце, што асабліва радуе? Пасля прэзентацый і сустрэч да нас падыходзяць айчынныя «мэблевікі», здзіўляюцца і дзякуюць, што цяпер могуць з гонарам рабіць і прадаваць сваё, беларускае. Аказваецца, гэта вельмі дапамагае ў прыхільнасці да прадукцыі, — удакладняе Аляксандр Шчурко. — Прычым, не толькі ў нашай краіне давяраюць беларускай якасці. А што да нашых прэміяльных пліт, то дагэтуль нічога падобнага не існавала наогул на постсавецкай прасторы!
Новую прадукцыю «Івацэвічдрэў» ужо ацанілі ў Расіі і Казахстане. Нядаўна холдынг прадстаўляў яе ў Маскве на буйной мэблевай выстаўцы краін СНД. Але ёсць і нечаканы вынік: напрыклад, партнёры з Краснаярска ў першую чаргу зацікаўлены ў прэміяльных плітах, але паралельна працуюць і са звычайным ДСП, ЛДСП гэтай вытворчасці. І ў іншых рэгіёнах назіраецца такі ж падыход. Праект аказаўся паспяховы не толькі сам па сабе, але яшчэ стаў правадніком звычайнай прадукцыі на рынкі, што некалі былі недаступныя з-за складанай лагістыкі ці з-за таго, што беларусы раней не прапаноўвалі таго, чаго там не было.
— Мы змаглі дабіцца высокай якасці новых пліт на аснове ДСП, бо за апошнія 53 гады працы дасягнулі высокай кампетэнцыі, — кажа Аляксандр Шчурко. — У нас вытворчасць замкнёнага цыклу: сюды прывозяць лес, а мы самі робім дранку, самі варым смалу, прапітваем паперу і ламініруем... Мы лічым гэта сваёй перавагай. І ад такога матэрыялу не адмаўляемся. Добра наладжаная вытворчасць дазволіла выпусціць патрэбную аснову, на якой можна зрабіць суперглыбокія цісненні, заламінаваць пластык, а не плёнку. Мы вырабляем ДСП павялічанай шчыльнасці, што па характарыстыках не саступае аснове МДФ, больш шчыльнаму і цяжкому матэрыялу, які складана апрацоўваць. А з ДСП працаваць значна прасцей, лёгка зманціраваць. Мэбля з яго будзе доўга служыць, ён не рассохнецца і не страціць сваю геаметрыю. У адрозненне ад натуральных матэрыялаў ён недарагі, а гэта ўплывае на кошт мэблі. І яшчэ адну істотную праблему вырашаем: імпартазамяшчэння. У гэтым кірунку працуем над вытворчасцю кухонных стальніц, якія ў Беларусі не вырабляліся ў дастатковай колькасці і завозіліся ў асноўным з еўрапейскіх краін. Напаўняем рынак айчынным, а таму больш танным і даступным матэрыялам, які не саступае імпартным па якасных характарыстыках.
Яшчэ адзін істотны паказчык — экалагічнасць. Як кажуць, «фішка» прадпрыемства яшчэ з тых часоў, калі яго прадукцыя пастаўлялася на еўрапейскі рынак згодна з іх высокімі стандартамі. І цяпер «Івацэвічдрэў» працягвае штогод праходзіць сертыфікацыю ў адной еўрапейскай лабараторыі, што мае значэнне для партнёраў і спажыўцоў, якія дбаюць пра бясшкоднае паветра ў доме. Паводле статыстыкі, корпусная мэбля, вырабленая ў Беларусі, на 70 % — з пліт «Івацэвічдрэў». У кожнай вобласці нашай рэспублікі ёсць прадстаўнікі прадпрыемства, якія дэманструюць вытворцам мэблі, што беларускія матэрыялы — гэта самы трэнд. Таму галоўны вынік інавацыйнага праекта ў тым, што з’явіўся прадукт, па якім ацэньваюць не асобную кампанію, а ўсю беларускую дрэваапрацоўку і мэблевую прамысловасць.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара і з архіва прадпрыемства