Цікава было даведацца, што той жа гарох часткова вырошчваецца прадпрыемствам на палетках пад Быхавам. Завод арандуе плошчы і пакрысе іх пашырае. Для ўборкі ёсць два гарохаўборачныя камбайны. Сёлетні ўраджай усіх парадаваў.
Начальнік транспартнага ўчастка і выконваючы абавязкі агранома Сяргей Дзячэнка расказаў, што на 750 гектарах сабрана 2530 тон гароху.
— Год быў крышку цяжкаваты: халодная вясна, замаразкі, — але мы справіліся з пастаўленай задачай, — кажа ён. — Павялічылі валавы збор да мінулага года недзе на 25 %. Якасць гароху — на самым высокім узроўні. Яе мы можам кантраляваць, пачынаючы з поля.
Для карэспандэнта «Звязды» арганізавалі экскурсію на вытворчыя пляцоўкі. У гэты дзень тут выраблялі інгрэдыент для яшчэ адной папулярнай у беларусаў салаты з крабавымі палачкамі — кукурузу. Яе ў нашых шыротах для кансервацыі не вырошчваюць, але якасць кантралюецца вельмі дбайна.
— Гэта хутказамарожаная сыравіна, паступае да нас з Індыі, — удакладніла начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Аліферчык. — Уся сыравіна і дакументы на яе праходзяць уваходны кантроль. На кожны від свае нарматыўныя паказчыкі. Калі яны не адпавядаюць патрабаванням, сыравіна вяртаецца пастаўшчыку. Распрацоўваем новыя віды прадукцыі, але галоўным чынам удасканальваем тое, што ёсць у нас, не губляем сваю гандлёвую марку, стараемся трымаць статус, таму і кантроль сур’ёзны на ўсіх этапах вытворчасці: ад поля да спажыўца. Гатовая прадукцыя правяраецца на якасць і бяспеку ў Магілёўскім абласным Цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, абласным Цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, а некаторыя прадукты — нават у Нацыянальнай акадэміі навук.
Аб’ёмы ўражваюць. Напрыклад, гарошку тут вырабляецца да 200 тысяч слоікаў за дзень — на навагодні стол дакладна хопіць усім. А расольніку, які гатуецца з некалькіх кампанентаў, — 35 тысяч слоікаў.
У рабоце задзейнічана абсталяванне вядомых вытворцаў, якое, па словах Таццяны Аліферчык, пастаянна абнаўляецца. Стэрылізацыя адбываецца ў вялікіх аўтаклавах, куды заганяюцца цэлыя партыі прадукцыі. Запускаецца спецыяльная праграма, і пачынаецца працэс. Пасля гэтага кансервы адпраўляюцца на склад, дзе 11 дзён выстойваюцца. Потым зноў праводзяцца лабараторныя выпрабаванні — на прадмет якасці і герметычнасці. Калі ўсё ў норме, слоікі адпраўляюцца на абклейку і пакуюцца ў плёнку.
На прадпрыемстве працуе 240 чалавек, сёлета створана каля 40 новых працоўных месцаў.
— Людзей нават не хапае, прывозім з Доўска, — удакладняе дырэктар ТАА «Быхаўскі кансервавы завод» Аюб Абдулмуслімаў. — Аб’ёмы растуць, кантракты ў нас заключаны да вясны. Акцэнт робім на айчыннай сыравіне. Прапрацоўваем пытанне па вырошчванні некалькіх відаў сартоў гарбуза, будзем эксперыментаваць, рабіць маркоўныя нектары, пюрэ — шмат прадукцыі, запатрабаванай на рынку. Ёсць планы развіць асартымент, які будзе заснаваны на мясцовай сыравіне. Заклікаем мясцовых фермераў вырошчваць для завода прадукцыю. І бачым тэндэнцыю, што з года ў год усё больш людзей уцягваецца ў гэты працэс: і сялянскія фермерскія гаспадаркі, і асабістыя падсобныя гаспадаркі, і школы.
Большасць прадукцыі пастаўляецца ў Расію, краіны Мытнага саюза. А сёлета, напрыклад, на прадпрыемстве пабывалі прадстаўнікі з Кітая, узялі на пробу невялікую партыю бярозавага соку і карнішонаў.
— Дзякуючы кіраўніцтву краіны і раёна прадпрыемства развіваецца, — адзначае Аюб Абдулмуслімаў. — Інвестар не стаў мяняць прызначэнне завода і развівае вытворчасць у кірунку кансервацыі. Разам з ім мы гэта ўсё адраджаем, і патэнцыял вялікі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА
г. Быхаў