Top.Mail.Ru
0

Незвычайны геалагічны клас адкрылі ў Мінску

«Клас Карпінскага» з’явіўся ў сталіцы на базе Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі. Новая асветніцкая пляцоўка стане цэнтрам прыцягнення як для профільных спецыялістаў, так і навучэнцаў, а таксама будзе садзейнічаць беларуска-расійскаму ўзаемадзеянню ў галіне нетракарыстання.


«Клас Карпінскага» — унікальны міжнародны адукацыйны праект, створаны на базе Усерасійскага навукова-даследчага геалагічнага інстытута імя А. П. Карпінскага. 

Місіяй яго з’яўляецца ўдасканаленне ведаў прафесійных геолагаў і будучых маладых спецыялістаў: студэнтаў профільных ВНУ, юных удзельнікаў геалагічных і экалагічных гурткоў. Тут можна не толькі павысіць сваю кваліфікацыю, але і атрымаць уяўленне аб дасягненнях галіновай навукі, абмяняцца вопытам і найбольш эфектыўнымі практыкамі з калегамі з іншых краін, ініцыяваць сумесныя праекты. Студэнты маюць магчымасць праслухаць курс відэалекцый па навуках аб Зямлі, сустрэцца з мэтрамі геалогіі з Расіі, блізкага і далёкага замежжа. Карыснымі будуць класы Карпінскага і для падлеткаў, якія толькі мараць звязаць свой лёс з гэтай прафесіяй, бо тут можна даведацца аб сучасных метадах пошукавых работ, картаграфіі, даследаванні нетраў і інш.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар ГАЛАНАЎ выказаў упэўненасць, што на базе класа Карпінскага будуць узаемадзейнічаць не толькі профільныя спецыялісты. «Гэта пляцоўка для працы і атрымання дадатковых ведаў аб Зямлі, а таксама ўзаемадзеяння нашай моладзі і аксакалаў у галіне геалогіі. Гэта трэба не проста падтрымліваць, а развіваць, таму што толькі пераемнасць традыцый можа даць задзел для будучых вынікаў у геалагічнай галіне», — адзначыў намеснік міністра.

Александрына ПАРШЫНА.

Чытайце таксама: Адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў каманды «Юныя геолагі Рэспублікі Беларусь».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю