
— Уладзімір Мікалаевіч, вы падстаўляеце ў Парламенце звыш 68 тысяч выбаршчыкаў, якія жывуць у «сэрцы» Гомеля — Цэнтральным раёне другога па велічыні горада краіны. Чым асабліва вызначаецца ваша выбарчая акруга? З-за чаго вам прыходзіцца, так скажам, значна карэкціраваць сваю дэпутацкую дзейнасць?
— Пагаджуся з вамі. Сапраўды, у сваёй працы такія асаблівасці нельга не ўлічваць кожнаму дэпутату. Мой жа Цэнтральны раён — культурна-асветніцкі, з надзвычай багатай гісторыяй і традыцыямі. Тут сабрана ўсё, што робіць Гомель асаблівым і ўнікальным — ад знакавых музеяў і старажытных паркаў, пра якія ведаюць сёння не толькі ў Беларусі, але ў блізкім і далёкім замежжы, да значных, гістарычна важных для ўсёй краіны помнікаў даўніны, ён вельмі цікавы для гасцей горада ў розных накірунках і праявах. У раёне размешчаны важныя асветніцка-адукацыйныя, культурныя цэнтры і арганізацыі, у тым ліку і рэспубліканскага падпарадкавання, якія, па-сутнасці, фарміруюць яскравы і незвычайны «партрэт» усяго нашага горада над Сожам і ў значнай ступені вызначаюць сапраўды ўнікальны турыстычны і духоўны патэнцыял Гомельшчыны.
Разам з тым, нямала і буйных прамысловых прадпрыемстваў, ад лёгкай да машынабудавання ды харчовай прамысловасці, будаўнічых і навуковых устаноў, шмат арганізацый, якія займаюцца развіццём культуры, спорту, малога і сярэдняга бізнесу, шэраг прэстыжных вышэйшых і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Невыпадкова падчас сустрэч з выбаршчыкамі я часта падкрэсліваю: наш раён не проста частка старажытнага горада, а сапраўдная яго душа. І вось такая шырокая эканамічна-сацыяльна-культурна-адукацыйная, навукова-асветніцкая прастора, а да гэтага дададзім і багатую рэлігійна-духоўную разнастайнасць, вымагае ад мяне, як народнага абранніка, вылучанага ў парламент ад культуры, сапраўды неардынарнага, асаблівага стаўлення да выбудоўвання камунікацый з маімі выбаршчыкамі. І калі мне ўдаецца нешта карыснае, адметнае зрабіць для стварэння спрыяльнага асяроддзя для паўсядзённага жыцця гамяльчан, я шчыра радуюся кожнай, нават зусім маленькай падзеі. Гэта датычыць і падтрымання шматлікіх ініцыятыў, якія зыходзяць ад моладзі, ад усіх жыхароў, якія імкнуцца ўнесці свой ўклад у развіццё роднага горада.
— А ці быў нейкі адметны для вас наказ ад выбаршчыкаў, з улікам таго, што вы — вядомы пісьменнік?
— Так. Я не забываюся пра, бадай, галоўны наказ, атрыманы ад выбаршчыкаў у лютым 2024-га: пашыраць культурна-асветніцкі патэнцыял жыхароў раёна, і найперш — школьнікаў і моладзі. Нашы дзеці павінны добра ведаць нашу гісторыю і традыцыі, шанаваць зробленае дзядамі, стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй зямлі, дбаць пра яе будучыню. У тым ліку імкнуцца рабіць гэта не толькі самаму, а я штомесячна ладжу сустрэчы, творчыя семінары ва ўстановах адукацыі і культуры, але і праз прыцягненне найлепшых творчых сіл са славянскіх дзяржаў, ажыццяўляючы духоўнае ўзаемапранікненне роднасных, братэрскіх нам народаў і іх адметных традыцый, якія нас аб’ядноўваюць, узбагачаюць, робяць мацнейшымі. Як дзеяч культуры сваёй краіны, раблю усё магчымае, каб і пра наша — беларускае, палескае, пасожскае, наша надзвычай адметнае духоўнае багацце таксама ведалі далёка за межамі Беларусі.
Так, я стараюся трымаць дадзенае выбаршчыкам абяцанне. Бягучай вясной, дзякуючы партнёрству з вядомымі расійскімі пісьменнікамі —лаўрэатамі Патрыяршай прэміі, з іх непасрэдням удзелам і пры падтрымцы архіепіскапа Гомельскай епархіі Стэфана ўпершыню надзвычай маштабна прайшоў у гарадскім цэнтры культуры праваслаўны форум «Радасць слова». А ва ўніверсітэце імя Ф. Скарыны была наладжана асветніцкая канферэнцыя, прысвечаная славянскаму асветніку Кірылу Тураўскаму. А ўжо ў верасні мае выбаршчыкі мелі магчымасць сустрэцца з выдатнымі славянскімі творцамі — 25 дзеячамі культуры з розных куткоў Расіі. Дарэчы, у межах міжнародных літаратурных і асветніцкіх форумаў прайшло каля 90 культурна-асветніцкіх сустрэч і прэзентацый. 12 канцэртаў падараваў юным гамяльчанам і дарослым жыхарам мой страрэйшы сябра, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок...
— Гэта не можа не ўразіць: такія асветніцкія праграмы Вам як дэпутату, асноўны абавязак якога — заканатворчая дзейнасць, было, відавочна, вельмі няпроста арганізаваць для сваіх выбаршчыкаў...
— Так, няпроста. Але ж я не адзін гэта раблю. Мае і маіх калег культурна-асветніцкія ініцыятывы падтрымлівае кіраўніцтва раёна, горада, вобласці. Нам дапагаюць абласная, гарадская бібліятэкі, работнікі ВНУ і школ. Да таго ж, у мяне выдатная каманда паплечнікаў, калег-аднадумцаў, якія шчыра падтрымліваюць і дапамагаюць рэалізаваць задуманае. Зрабіўшы адно, мы не спыняемся, праводзім далей сваю працу, ладзім шмат конкурсаў. Для чаго? Каб людзі вярталіся да чытання якаснай літаратуры, каб яны далучаліся да мастацтва. І так, робіцца гэта дзеля сённяшняга і будучых пакаленняў. Калі грамадства будзе бездухоўным — чакай бяды. Асветніцка-культурная дзейнасць сугучна чыста дэпутацкай, яна дапамагае быць у кантакце з маімі выбаршчыкамі, з маімі чытачамі.
— Наколькі часта іх думкі, агучаныя ў час сустрэч, знаходзяць увасабленне ў законатворчасці?
— Вельмі часта. І сапраўды адбываецца абмен думкамі менавіта ў час сустрэч і прыёмаў грамадзян. Заканатворчасць увогуле — гэта няпростая праца над новымі дакументамі, якія ў хуткім часе стануць нормай нашага сумеснага жыцця. Праекты законаў, што ўносяцца ў Парламент, абмяркоўваем не толькі ў пастаянных камісіях ды ў час пашыраных сустрэч са спецыялістамі міністэрстваў і ведамстваў. Здараецца, што пэўныя параметры будучага закона становяцца тэмай для абмеркавання яшчэ задоўга да паступлення заканапраекта ў Палату прадстаўнікоў. Каб сфарміраваць сваю аргументаваную пазіцыю, стараешся пачуць думкі сваіх выбаршчыкаў, зразумець, што пра будучыя новаўвядзенні яны думаюць і ці будуць навацыі карысныя не толькі ім, але і нашай дзяржаве ў канкрэтна ўзяты перыяд нашага развіцця. Вось з такой задачай кожны раз накіроўваюся ў працоўныя калектывы, каб і абмеркаваць, пачуць шчырыя і такія карысныя думкі людзей. У асноўным, такія сустрэчы адбываюцца ў перыяд ўстаноўленага рэгламентам Парламента так званага «дэпутацкага тыдня», калі працую толькі ў акрузе.
— Што звычайна на дыялогавых пляцоўках, інфармацыйных сустрэчах хочуць пачуць ад вас выбаршчыкі?
— Пра ўсё, што іх хвалюе... Кожная сустрэча — непаўторная. Але ж абавязкова пры жывой размове інфармую аб дзейнасці дэпутацкага корпуса, аб агульнадзяржаўных і знешнепалітычных аспектах, даношу пэўныя звесткі аб тым, чым жыве сёння наша Беларусь, як складваецца яе эканоміка, развіваюцца розныя сферы. Кажу, безумоўна, і аб узаемадзеянні з беларусамі, якія жывуць за межамі краіны, бо непасрэдна ўзначальваю рабочую групу Парламента па справах беларусаў замежжа, супрацоўніваючы тут з рознымі зацікаўленымі структурамі. Гэтаксама, улічваючы, што на грамадскіх пачатках узначальваю абласное аддзяоенне СПБ, расказваю аб грамадскай дзейнасці абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, распавядаю пра творчую і грамадскую дзейнасць цалкам усяго Саюза пісьменнікаў Беларусі ды не забываюся пра Асацыяцыю пісьменнікаў БРІКС, каардынатарам якой з’яўляюся ў нашай краіне.
— Ці часта да вас звяртаюцца за дапамогай выбаршчыкі ў акрузе? Якія, у асноўным, пытанні і праблемы агучваюць?
— Глыбокая камунікацыя адбываецца найперш падчас прыёмаў выбаршчыкаў, прамых ліній, якія штомесячна арганізоўваю і на прадпрыемствах, і ў розных ўстановах, у грамадскіх арганізацыях, на базе Беларускай партыі «Белая Русь». Такія формы узаемаабмену вельмі карысныя. Як паўнамоцнаму прадстаўніку народа ў заканадаўчым органе дзяржаўнай улады краіны, важна чуць праблемы выбаршчыкаў, што называецца, з першых вуснаў, і адначасова данесці да іх заканадаўчыя ініцыятывы, якія разглядаюцца ў парламенце. Напрыклад, за 11 месяцаў бягучага года прыняў звыш 150 чалавек. Праблемы людзі агучваюць розныя. І грамадскія, і асабістыя. Яны датычацца ў асноўным — да 80% — камунальных аспектаў. Стан ацяплення, рамонты дахаў, пад’ездаў, добраўпарадкаванне і якаснае абслугоўванне прыдамавых тэрыторый, стан дзіцячых пляцовак, жыллёвыя аспекты, а яшчэ — рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў, праца пасажырскага транспарту — кола пытанняў вельмі шырокае. У большасці як дэпутат знаходжу паразуменне з прадстаўнікамі адказных арганізацый, ад якіх залежыць іх станоўчае вырашэнне, калі патрабаванні законныя. На жаль, здараюцца і выпадкі «неабгрунтаванага зацягвання» той ці іншай праблемы з-за чалавечага фактару — непрафесійных падыходаў, напрыклад, асобных спецыялістаў жыллёва-камунальных службаў. Напрыклад, рамонт пад’езда ў адным з мікрараёнаў горада за сабраныя жыхарамі сродкі неапраўдана зацягнуўся больш чым на год, і толькі пасля непасрэднага ўмяшальніцтва дэпутата рамонт аператыўна ажыццёўлены, а адказныя асобы былі прыцягнуты да адказнасці. Ці можна было зрабіць адразу па-людску? Так. Можна было. Але не атрымалася. Цяпер жыхары задаволеныя рамонтам. І гэта важна.
— Ці ўносяць выбаршчыкі нейкія прапановы па ўдасканаленню заканадаўства?
— Так. І вельмі актыўна. Адрасуюць шмат канструктыўных прапаноў, якія знаходзяць ўвасабленне ў праектах законаў ці пастановах, рашэнняў асобных ведамстваў. Напрыклад, такія прапановы ўлічаны пры прыняцці Кодэкса «Аб адукацыі». Альбо толькі што дзве важныя ўдакладненні ўлічаны пры прыняцці законапраекта «Аб натарыяльнай дзейнасці». У час правядзення лістападаўскага прыёму двое выбаршчыкаў звярнуліся са слушнымі прапановамі па ўдасканаленні Працоўнага кодэкса. Буду прапрацоўваць гэтыя ініцыятывы. На мой погляд, людзі маюць рацыю.
Увогуле, калі даў слова канкрэтнаму выбаршчыку, што не толькі данясу да таго, ад каго залежыць вырашэнне хвалюючага яго пытання, але і, калі яно мае законны характар, абавязкова стараюся вырашыць яе на карысць чалавека.
— Ведаю, што асобны накірунак вашай дэпутацкай дзейнасці — гэта праца з моладдзю...
— Іначай і не можа быць, таму што моладзь — наша будучыня. Асабліва часта бываю ў студэнцкіх аўдыторыях. Нядаўна і на прыёмах, дарэчы, разглядалі з адпаведнымі спецыялістамі пытанні працаўладкавання маладых спецыялістаў, прававыя аспекты прымянення на практыцы працоўнага заканадаўства аб іх падтрымцы. Акрамя таго, працуючы з моладдзю, адкрыта гаворым аб жыццёва-важных арыенцірах, якія будуць прыняты ў снежні на Усебеларускім народным сходзе і будуць вызначаць развіццё Беларусі на бліжэйшае пяцігоддзе. Бачу іх, маладых, шчырую зацікаўленасць. І гэта мяне шчыра радуе.
— Ці застаецца час, каб ствараць новыя мастацкія творы?
— На жаль, часу застаеццца мала. Быць дэпутатам — нялёгка і адказна, практычна увесь час аддадзены гэтай справе. Новая праца заканадаўцы ў значнай ступені пашырае мае веды ў той ці іншай галіне. Гэта дадатковы вопыт, практыка. Думаю, яны дапамогуць мне хутка завяршыць трэці раман «І, запаліўшы свечку...» з праваслаўнага цыкла пра нашу Радзіму і сапраўдных патрыётаў, якія былі адданыя ёй у далёкай мінуўшчыне і якіх шмат сярод простых людзей сёння.
Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА