Top.Mail.Ru

У Беларусі створаны першы фінансавы студэнцкі атрад

«Разумеры» — інвестыцыя ў будучыню

Ініцыятарам выступіў Банк развіцця, ідэю падтрымалі Міністэрства адукацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Вынікам прыняцця сумеснага рашэння стала падпісанне трыма бакамі двух пагадненняў: першым створаны студэнцкі фінатрад, другім — запушчаны праект па падтрымцы маладых навукоўцаў (выкладчыкаў).

— Мы нездарма далі такую назву першаму фінансаваму студатраду, — сказаў старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей СТАЛЯРЧУК. — З аднаго боку, гэта пра цяперашнюю моладзь, якая вырасла ў эпоху лічбавых тэхналогій, інтэрнэту і сацыяльных сетак, з другога — пра мэтанакіраваных і матываваных юнакоў і дзяўчат, якія свае навыкі, веды імкнуцца накіраваць не толькі на асабістае развіццё, але і на развіццё сваёй краіны. Для нас цікавая іх энергія, уцягнутасць, матывацыя, гэта прыток новых ідэй і рашэнняў, незашораны погляд на тыя ці іншыя працэсы. 

А ёсць і такое, што часам устояныя рашэнні ўжо не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Таму мы будзем імкнуцца ўкараняць новыя рашэнні і ідэі, якія прапануе моладзь.

Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ падкрэсліў, што стаць членам каманды Банка развіцця — гэта выключная магчымасць для маладых людзей праявіць сябе ва ўнікальнай арганізацыі, якая істотным чынам адрозніваецца ад усіх банкаў нашай краіны.

— На вас ляжыць і велізарная адказнасць, — сказаў, звяртаючыся да членаў атрада, кіраўнік ведамства. — Ад таго, як сябе праявіце, залежыць далейшае развіццё гэтага праекта.

Каманда першага фінансавага атрада — гэта 11 студэнтаў сталічных ВНУ, якіх адабралі на конкурснай аснове. Па словах начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяны СІМАНОЎСКАЙ, усяго было пададзена 36 заявак ад універсітэтаў, дзе навучаюць у тым ліку і па эканамічных спецыяльнасцях. Конкурс сур’ёзны, у выніку толькі трэць маладых людзей трапілі ў атрад. Адзін са шчасліўчыкаў — студэнт трэцяга курса Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які навучаецца па спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», — Данііл Дзенісенка.

— Я рады трапіць у праект, ён вельмі цікавы і дасць важны практычны вопыт, а таксама разуменне таго, чым ты хочаш займацца ў будучыні, — сказаў юнак. — І гэта выдатная магчымасць паспрабаваць сябе ў рэальным сектары эканомікі, прымяніць свае веды на практыцы, а не вырашаць задачы ў тэорыі.

Мэтай праекта сапраўды з’яўляецца практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў для работы ў рэальным сектары эканомікі: прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, ІT і іншых галінах. На працягу года студэнты стануць паўнавартаснымі работнікамі чатырох структурных падраздзяленняў Банка развіцця — упраўлення рызыка-менеджменту, праектнага цэнтра, цэнтра аналізу і стратэгічнага планавання і цэнтра арганізацыйных змяненняў і інфармацыйных тэхналогій. Там ім трэба будзе вырашаць рэальныя задачы і прапаноўваць новыя рашэнні. Далейшае шмат у чым залежыць ад іх саміх — калі праявяць сябе як прафесіяналы, знойдуць сваё месца ў калектыве, то пасля заканчэння ВНУ Банк развіцця можа стаць іх першым рабочым месцам.

Практычная накіраванасць праекта па маладых навукоўцах прадугледжвае сувязь навукі і бізнесу. Задача яго таксама практыка-арыентаваная — далучыць маладых выкладчыкаў да патрэб рэальнага сектара эканомікі. Атрыманы вопыт яны змогуць трансфармаваць у адукацыйны працэс, навучаючы студэнтаў на аснове актуальных кейсаў і сучасных падыходаў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

Чытайце таксама: У БДУ вызначылі найлепшых юных правазнаўцаў краіны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю