Top.Mail.Ru
0

Чаму настаўнікі будуць праходзіць псіхалагічнае сумоўе?

10.12.2025 | 19:15
Дзеля абароны дзяцей

5 снежня 2025 года прынята пастанова Савета Міністраў, якой кіраўнікам прадастаўлена права прымаць рашэнне аб правядзенні псіхалагічнага сумоўя педагогаў, трэнераў, выхавальнікаў і іншых спецыялістаў, якія ўзаемадзейнічаюць з дзецьмі. Што гэта за новаўвядзенне, чаму наспела неабходнасць прымаць гэты дакумент і якім будзе механізм яго дзеяння, расказвае намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ.

Дадатковы інструмент абароны дзяцей

Па словах Кацярыны Аляксандраўны, неабходнасць прыняцця дакумента была прадыктавана адзінай мэтай — абаронай дзяцей.

— Псіхалагічнае сумоўе трэба разглядаць як дадатковы фільтр у гэтай важнай місіі, — тлумачыць яна. — Такая мера звязана са спецыфікай работы з дзецьмі і асаблівай уразлівасцю іх да негатыўнага ўздзеяння дарослых, якія з імі працуюць. Дарэчы, пералік спецыяльнасцяў не абмяжоўваецца толькі педагогамі, ён уключае ў сябе ўсіх работнікаў, якія працуюць з дзецьмі, выконваюць выхаваўчыя функцыі і гэтак далей.

Сумоўе, як сцвярджае намеснік міністра, не абавязкова праводзіць у дачыненні да абсалютна ўсіх работнікаў.

— Рашэнне аб неабходнасці такой працэдуры прымае кіраўнік установы, напрыклад дырэктар школы або загадчык дзіцячага садка, — кажа яна.

І гэта вельмі важна, таму што падставы для такога рашэння павінны быць важкімі.

— Гэта можа быць негатыўная характарыстыка кандыдата з папярэдняга месца працы або вучобы, — пералічвае Кацярына Пятруцкая. — Інфармацыя, якая вызывае сумневы ў прафесійных, дзелавых або маральных якасцях. Ці калі ў дачыненні да работніка паступіла інфармацыя, якая адмоўна характарызуе яго. Сур’ёзнай падставай можа паслужыць і правядзенне ў сям’і работніка сацыяльнага расследавання. Акрамя таго, псіхалагічная праверка можа быць ініцыяваная ў адносінах не толькі да кандыдата на педагагічную пасаду, але і да дзеючага педагога — калі аб ім паступіць негатыўная інфармацыя.

Хто, дзе, калі

Сумоўе будзе праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб абароне персанальных даных. У пастанове Саўміна прапісана, што наймальнік прымае рашэнне аб арганізацыі і правядзенні сумоўя на працягу аднаго працоўнага дня з моманту ўзнікнення адпаведных абставін. Ацэньваць яго вынікі будуць кваліфікаваныя псіхолагі.

— Установу, з якой прызначаецца псіхолаг для сумоўя, вызначаюць органы мясцовай улады, — сказала Кацярына Пятруцкая. — У кожным раёне, горадзе будуць вызначаны арганізацыі, у штаце якіх ёсць псіхолагі, педагогі-псіхолагі. Мяркуецца, што гэта могуць быць сацыяльна-

педагагічныя цэнтры, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, арганізацыі аховы здароўя.

Намеснік міністра падкрэсліла, што сумоўе будзе праводзіцца ў электроннай форме: удзельніку прапануюць запоўніць анкету, якая пасля будзе апрацаваная спецыялістамі.

— Цяпер сумесна з Міністэрствам аховы здароўя мы распрацоўваем метадычныя ўказанні, як гэта працэдура будзе ажыццяўляцца, — дадала яна. — Вынікі псіхалагічнага апытання з’яўляюцца канфідэнцыяльнымі, а доступ да іх будзе мець толькі кіраўнік установы адукацыі.

Захоўваць заключэнне аб сумоўі будуць на працягу года для кандыдата на пасаду педагога, для работніка ўстановы адукацыі — увесь час педагагічнай дзейнасці, у выпадку яго звальнення — таксама на працягу года. Намеснік кіраўніка адукацыйнага ведамства ўдакладніла, што працэдура сумоўя носіць рэкамендацыйны характар.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Чытайце таксама: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падводзіць папярэднія вынікі рэалізацыі маладзёжнай палітыкі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю