Таксама было ўзнята пытанне аб магчымасці прад’яўлення матэрыяльных прэтэнзій вінаватым краінам. Урадавая камісія Беларусі ўстанавіла, што ўрон, які быў нанесены фашысцкай Германіяй, іх памагатымі на акупіраванай тэрыторыі БССР, складае не менш як 2,3 трлн долараў.
Удзельнікі канферэнцыі адзначалі, што пасля Вялікай Айчыннай вайны праведзена сур’ёзная работа, але многія палажэнні, якія былі прыняты ў пасляваенны перыяд, сёння не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. Вельмі важныя бясспрэчныя прававыя механізмы прыцягнення да адказнасці за злачынствы, за факты генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсіх злачынцаў: генацыд не мае тэрмінаў даўнасці.
Нас хацелі знішчыць, і мы павінны пра гэта памятаць

Паводле слоў Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, беларусы вынеслі каштоўныя ўрокі з гісторыі і ўсвядомілі, што мір — найвялікшая каштоўнасць, якая патрабуе нашай пастаяннай увагі і рашучых дзеянняў па яе абароне. Як заўважыла спікер, шырокая прысутнасць на канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, вучоных, гісторыкаў, экспертаў з розных краін свету пацвярджае, што ў грамадстве расце запыт на мір, на захаванне гістарычнай памяці, недапушчэнне любых форм агрэсіі і распальвання нянавісці.
«Наша краіна паслядоўна праводзіць міралюбівую палітыку і выступае за гуманізм і павагу да памяці ахвяр вайны», — адзначыла Наталля Качанава. Аднак, нягледзячы на ўрокі мінулага, працягнула яна, сёння мы зноў бачым спробы адраджэння фашызму і гераізацыі нацызму, якія ў некаторых краінах падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Як адзначыла спікер, асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што нашай моладзі спрабуюць навязаць чужыя ім каштоўнасці і лжэідэалы, падарваць давер да інстытутаў улады, маніпулююць свядомасцю праз даступныя сацыяльныя месенджары.
«Таму мы, парламентарыі, разам з прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў з’яўляемся праваднікамі і абаронцамі гістарычнай праўды», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падчас выступлення на канферэнцыі нагадаў, што Канвенцыя ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго стала вынікам усведамлення сусветнай супольнасцю жахаў Другой сусветнай вайны і гатоўнасці супрацоўнічаць у імя таго, каб яны не паўтарыліся: «Нашы гераічныя продкі, якія разграмілі фашызм, верылі, што заклалі трывалыя асновы мірнага развіцця для будучых пакаленняў. Аднак праз восем дзесяцігоддзяў чалавецтва зноў апынулася на мяжы катастрофы. І гэтаму садзейнічае безадказная рэваншысцкая палітыка заходніх краін. Еўропа актыўна мілітарызуецца, парушаючы ваенны баланс і імкліва набліжаючы глабальны канфлікт.
Пры гэтым, падкрэсліў спікер Палаты прадстаўнікоў, у заявах заходніх палітыкаў усё гучней гучаць ідэі нацызму, ксенафобіі і расавай нецярпімасці, што рыхтуе глебу для паўтарэння злачынстваў генацыду і перакрэслівае намаганні тых, хто прымаў Канвенцыю.
«Наш абавязак — нагадаць свету, да чаго прыводзяць такія амбіцыі, і замацаваць у свядомасці сучаснікаў справядлівую ацэнку крывавых злачынстваў нацыстаў і іх саўдзельнікаў, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Карнікамі былі не толькі эсэсаўцы

Паводле слоў генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа, надышоў час вярнуцца да тых дакументаў, тых матэрыялаў, якія былі прыняты пасля Вялікай Айчыннай вайны, матэрыялаў Нюрнбергскага працэсу і яшчэ раз сказаць усяму свету аб тым, што недапушчальна правядзенне генацыдных палітык, генацыдных аперацый — самых жорсткіх з’яў у гісторыі чалавецтва.
У размове з журналістамі перад пачаткам канферэнцыі Андрэй Швед паведаміў: «У наступным годзе плануем накіраваць у суд не менш за сем, можа, дзесяць крымінальных спраў у дачыненні да канкрэтных катаў, якія не панеслі пакарання, у тым ліку якія потым жылі пасля вайны, памерлі на тэрыторыі ФРГ, іншых краін». Генпракурор дадаў, што гэты працэс будзе весціся пастаянна.
Згодна з беларускім заканадаўствам, якое было зменена па прапанове Генеральнай пракуратуры, у Вярхоўны Суд накіроўваюцца крымінальныя справы ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў, якія не панеслі заслужанага пакарання. Размова ідзе не толькі пра камандзіраў карных нацыяналістычных падраздзяленняў, але і пра камандзіраў падраздзяленняў вермахта.
На канферэнцыі ў Мінску праз прызму атрыманых доказаў упершыню заяўлена аб недасканаласці матэрыялаў Нюрнбергскага працэсу. Так, не толькі падраздзяленні СС і іншых службаў, якія былі вызначаны Нюрнбергскім трыбуналам як адказныя за генацыд, але і падраздзяленні вермахта, інакш кажучы Узброеных сіл Германіі, праводзілі значную частку карных аперацый.
«Гэта бясспрэчны факт. Большасць карных падраздзяленняў — гэта ваеннаслужачыя Узброеных сіл Германіі», — адзначыў генпракурор.
Сяргей Кандрацьеў, намеснік старшыні Вярхоўнага Суда (менавіта ў самай высокай судовай інстанцыі разглядаюцца справы аб генацыдзе) адзначыў: «Дакладна ўстаноўлена, што зверствы на тэрыторыі Беларусі ўчыняліся не толькі нацысцкімі акупантамі, але і іх памагатымі з ліку выхадцаў з Заходняй Украіны і краін Прыбалтыкі. Матэрыялы крымінальных спраў і тыя нешматлікія сведкі расказваюць пра такія факты, якія раней проста не даводзіліся да шырокай грамадскасці».
«І наша галоўная задача пры разглядзе крымінальных спраў не толькі выявіць або паказаць тое, што сапраўды адбывалася ў гады вайны, не толькі паказаць і пайменна назваць датычных да шматлікіх рэпрэсій, але і паказаць будучым пакаленням, нашым дзецям і ўнукам, якой цаной дасталася перамога, якую цану заплаціў беларускі народ», — упэўнены намеснік старшыні ВС Беларусі.
Захаванне гістарычнай памяці — стратэгічная задача

Як лічыць міністр абароны Віктар Хрэнін, сёння, калі ўвесь свет праходзіць праз варонку сістэмнага геапалітычнага крызісу і глабальнай напружанасці, як ніколі важна аб’яднанне намаганняў усіх прагрэсіўных сіл чалавецтва па процідзеянні распаўсюджванню самых антыгуманных практык і рэваншысцкіх памкненняў еўрапейскай «партыі вайны». «Бо толькі разам, як гэта не аднойчы ўжо было ў сусветнай гісторыі, мы можам прадухіліць новую сусветную катастрофу», — сказаў ён.

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч упэўнены, што аб учыненых злачынствах, якія кваліфікуюцца цяпер як генацыд, неабходна не толькі памятаць, але і гаварыць, рашуча спыняць спробы скажэння гістарычных падзей. «Юрыдычная ацэнка дзеянняў нацысцкіх злачынцаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў якасці генацыду з’яўляецца не проста правам, а абавязкам і доўгам нашай краіны па захаванні гістарычнай памяці і абароне суверэнітэту. Для беларусаў, якія страцілі ў вайне кожнага трэцяга жыхара, захаванне гісторыі з’яўляецца стратэгічнай задачай», — дадаў ён.

У абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі абарона гістарычнай памяці прынята ў якасці стратэгічнага нацыянальнага інтарэсу. «Скажэнне гістарычнай праўды і памяці аднесена да асноўных пагроз нацыянальнай бяспецы. Палажэнне аб недапушчальнасці фальсіфікацыі гісторыі замацавана і ў Асноўным законе Беларусі, што стала важным крокам для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці на аснове пераемнасці пакаленняў», — падкрэсліў дзярсакратар Савета Бяспекі.
Анатоль Сланеўскі.