За эканамічнымі паказчыкамі, вядома, — якасць жыцця людзей, развіццё гарадоў і сельскай мясцовасці, работа сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры і, што не менш важна, удасканаленне механізмаў кіравання... Пра пункты росту эканомікі Гомельскай вобласці і вынікі, з якімі рэгіён завяршае пяцігодку, — размова з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дэлегатам УНС, намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Ксеніяй Панцюховай.
— Ксенія Аляксандраўна, Гомельшчына апошнія гады ўпэўнена ўтрымлівае заўважныя пазіцыі ў структуры рэспубліканскіх эканамічных паказчыкаў. У чым, на ваш погляд, галоўны вынік сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2021–2025 гады і якія змены можна назваць сапраўды знакавымі?
— Галоўны вынік — ва ўстойлівым росце эканомікі і ўмацаванні ролі Гомельскага рэгіёна ў агульнанацыянальнай сістэме. Сёння на Гомельшчыну прыпадае каля 20 % усёй прамысловай вытворчасці краіны і больш за 10 % сельскагаспадарчай вытворчасці, знешняга і ўнутранага гандлю, а таксама інвестыцый у асноўны капітал. За перыяд з 2021 года прырост валавога рэгіянальнага прадукту склаў 3,5 %. Гэта сведчыць пра тое, што рэгіён здолеў сфарміраваць стабільную мадэль развіцця і забяспечыць збалансаванае функцыянаванне ўсіх ключавых сектараў. Прамысловая база прыкметна ўзмацнілася, пашырылася наменклатура прадукцыі, адчувальна вырасла інвестыцыйная актыўнасць, палепшылася якасць жыцця жыхароў вобласці.
— Прамысловы комплекс застаецца стрыжнем эканомікі рэгіёна. Якія праекты мадэрнізацыі і развіцця вытворчасцяў вызначылі дынаміку гэтых гадоў і паўплывалі на рост прамысловага патэнцыялу?
— У прамысловасці вобласць дасягнула істотнага прыросту — за апошнія пяць гадоў аб’ём выпуску прамысловай прадукцыі павялічыўся больш як на 7 %. Гэты вынік стаў магчымым у тым ліку дзякуючы маштабным інвестыцыям — звыш 25 мільярдаў рублёў за пяць гадоў. Сродкі былі накіраваны на абнаўленне асноўных фондаў, павышэнне тэхналагічнага ўзроўню прадпрыемстваў, запуск новых вытворчасцяў, знакавых не толькі для вобласці, але і краіны ў цэлым.
Так, значнае месца займае Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат. Яго ўвод у эксплуатацыю дазволіў стварыць больш за тысячу працоўных месцаў, а здабыча хларыду калію дасягнула каля чатырох мільёнаў тон з моманту запуску.
Паралельна развіваліся і іншыя галіны. На Добрушскай фабрыцы «Герой працы» наладжана вытворчасць мелаванага і немелаванага кардону, асвоены выпуск трохслаёвага кардону. У Светлагорску арганізавана імпартазамяшчальная вытворчасць нітрылавых і латэксных пальчатак для медыцынскай і харчовай сфер, пашыраны магутнасці па выпуску поліпрапіленавых тканін і мяккіх сярэднетанажных кантэйнераў. Вялікае значэнне мае праект Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Тут уведзены комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў, які дазволіў павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90 % і павялічыць выхад светлых нафтапрадуктаў да 74 %. У Гомелі створана вытворчасць прыбораў уліку энергарэсурсаў і аўтаматызаваных сістэм кіравання, збору і перадачы даных уліку энергарэсурсаў з прымяненнем выдаленай перадачы даных. Шэраг прадпрыемстваў харчовай прамысловасці — Тураўскі малочны камбінат, «Спартак», «БЕЛСЫР», Рагачоўскі МКК, кампанія «Сябры» — прайшлі глыбокае тэхнічнае пераўзбраенне, што вывела вытворчасці на новы ўзровень.
— Асобную ўвагу прыцягваюць вынікі, дасягнутыя Гомельшчынай у сферы імпартазамяшчэння.
— Падмуркам поспеху стала сістэмная работа прадпрыемстваў па лакалізацыі вытворчасці, павелічэнні глыбіні перапрацоўкі прадукцыі, забеспячэнні патрэб не толькі ўнутранага, але і знешняга рынку, а як вынік — паступленне валюты ў краіну за кошт экспартных паставак.
Калі ў 2020 годзе ў рэгіёне камунальныя і прыватныя прадпрыемствы выпускалі 94 найменні імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму каля 600 мільёнаў долараў, то ў 2025 годзе — ужо 158 таварных пазіцый на суму звыш мільярда долараў. Рост забяспечаны асваеннем новых тэхналогій, паглыбленнем перапрацоўкі і самастойным выпускам кампанентаў, якія раней пастаўляліся з-за мяжы.
Характэрныя прыклады добра ілюструюць гэты рух. Прадпрыемства «Гомелькабель» наладзіла выпуск меднага эмаліраванага дроту для патрэб Мінпрама. Кампанія «Фрэшпак Салюшэнс» забяспечвае мяса-малочную галіну пакетамі і бар’ернымі плёнкамі. «Алкапак» выпускае ўшчыльнік для вінтавога алюмініевага каўпачка, які выкарыстоўваецца ў алкагольнай прамысловасці. Шклозавод «Ведатранзіт» вырабляе слоікі для кансервавання, запатрабаваныя вытворцамі плодаагародніннай прадукцыі. Усе гэтыя кірункі дазваляюць умацоўваць унутраны рынак і фарміраваць экспартную выручку.
— Экспартныя паказчыкі Гомельскай вобласці традыцыйна істотныя. Што стала асновай экспартных паставак, у тым ліку значнага павелічэння тавараабароту з Кітаем?
— Сапраўды, экспартная накіраванасць — адзін з моцных бакоў эканомікі нашага рэгіёна. Больш за палову ўсёй прадукцыі, якая выпускаецца на прадпрыемствах Гомельшчыны, ідзе на знешнія рынкі. За пяць гадоў сумарны аб’ём экспарту перавысіў 20 мільярдаў долараў. Гэта стала магчымым дзякуючы канкурэнтаздольнасці прадукцыі, інвестыцыям у мадэрнізацыю вытворчасцяў, дыверсіфікацыі рынкаў збыту.
Стратэгічна важным кірункам застаецца рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі. Тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас амаль у чатыры разы і перавысіў 370 мільёнаў долараў. Аснову экспарту складаюць цэлюлоза, лесаматэрыялы, мяса-малочная і кандытарская прадукцыя. Гэтыя пазіцыі ў цэлым дэманструюць устойлівы попыт і добрую рэпутацыю на міжнародных рынках. Рост экспарту сведчыць пра тое, што прадпрыемствы вобласці эфектыўна адаптуюцца да патрэб знешніх партнёраў і прапануюць прадукцыю, якая адпавядае сучасным патрабаванням.
— Развіццё рэгіёна ацэньваецца не толькі па эканамічных паказчыках, але і па якасці жыцця яго жыхароў. Якія змены ў будаўніцтве, інфраструктуры і сацыяльнай сферы найбольш прыкметна паўплывалі на ўзровень камфорту і дабрабыту насельніцтва?
— За пяць гадоў узведзена больш за 2,3 мільёна квадратных метраў жылля, у тым ліку каля 550 тысяч — у сельскай мясцовасці. Гэта дазволіла павялічыць забяспечанасць жыллём з 27,3 да 29,5 квадратнага метра на чалавека. Інфраструктурныя пераўтварэнні закранулі дзясяткі населеных пунктаў. Пабудавана 159 станцый абезжалезвання, якія забяспечылі доступ да якаснай пітной вады для 312 населеных пунктаў. Праведзены капітальны рамонт больш як 700 дамоў, заменена звыш 900 ліфтаў, рэканструявана 27 кацельняў і 11 маставых збудаванняў.
Асобная ўвага — сацыяльнай інфраструктуры. У Гомелі адкрыты новы дзіцячы садок і плавальны басейн. У Жлобіне і Светлагорску з’явіліся лядовыя арэны, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Палессе-Арэна» ў Мазыры. Рэалізаваны шэраг праектаў у сферы аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання. Усё гэта адчувальна ўплывае на паўсядзённае жыццё жыхароў вобласці. Вынікам стала і павелічэнне даходаў. Так, рэальная заработная плата з 2021 года да кастрычніка 2025-га ў рэгіёне павялічылася на 45 %. Такі вынік сведчыць, наколькі эканамічны рост мае прамое адлюстраванне ў жыцці людзей.
Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА