Top.Mail.Ru

Дэпутат Сяргей Давыдаў лічыць, што работа з людзьмі патрабуе ведання не толькі заканадаўства, але і псіхалогіі

«Гэта дзейнасць як лакмусавая паперка, якая паказвае наколькі сумленна ты працуеш»

Паляпшэнне якасці жыцця людзей, умацаванне эканамічнага суверэнітэту, захаванне стабільнасці і міра ў Беларусі — гэтыя і іншыя прыярытэты з’яўляюцца асноватворнымі для краіны. Падчас работы ў сваёй акрузе член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Сяргей Давыдаў расказвае выбаршчыкам, што канкрэтна робіцца для дасягнення пастаўленых дзяржавай мэт. Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу гэтыя тэмы асабліва папулярныя. Ключавое пытанне, якое праз некалькі дзён будзе разглядацца на Сходзе, — менавіта Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку.

Ад звычайнага манцёра да начальніка Крычаўскай дыстанцыі пуці — такі шлях прайшоў Сяргей Давыдаў да сваёй дзейнасці ў парламенце. Рабоце ў Магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі ён прысвяціў 31 год свайго жыцця. Прызнаецца, што і раней добра ведаў, чым жывуць яго цяперашнія выбаршчыкі, бо прадпрыемства тэрытарыяльна ахоплівала Крычаўскі, Клімавіцкі і Чэрыкаўскі раёны — яго выбарчую акругу. Цяпер у цэнтры яго ўвагі яшчэ і Хоцімскі раён. Усяго ў акрузе пражывае каля 70 тысяч выбаршчыкаў. Па выніках работы ў акрузе за 11 месяцаў дэпутат правёў 74 сустрэчы ў працоўных калектывах, больш як дваццаць асабістых прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній, у ходзе якіх разгледжана 65 зваротаў.

— Абавязак дэпутата — прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на дзяржаўным узроўні, каб іх праблемы былі пачутыя, — кажа Сяргей Давыдаў. — Для гэтага я вяду збор і аналіз меркаванняў, прапаноў, праблем. Выбаршчыкі звяртаюцца не толькі падчас спецыяльна запланаваных сустрэч — тэлефануюць мне наўпрост або даносяць свае пытанні праз маіх памочнікаў. У рабоце актыўна выкарыстоўваю сацыяльныя сеткі і іншыя платформы для зваротнай сувязі. Ніводны зварот не застаецца без разгляду.

Пытанні ЖКГ, сацыяльнага і пенсіённага забеспячэння, працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання ў насельніцтва ў прыярытэце.

— Некаторыя пытанні вырашаюцца аператыўна на месцы сумесна з мясцовымі органамі ўлады, — расказвае дэпутат. — Але хапае і такіх, якія патрабуюць больш дэталёвага разгляду. Гэта датычыцца пытанняў зямельных адносін, звязаных з пенсіённым забеспячэннем пры наяўнасці стажу работы на тэрыторыях былога СССР. Бывае, што нешта вырашаецца не на карысць заяўніка, бо існуюць абмежаванні заканадаўчыя, бюджэтныя. Але раблю ўсё для таго, каб людзі разумелі, што ад іх не адмахнуліся, не падышлі да справы фармальна. Жыхары прызнаюцца, што адчуваюць клопат і падтрымку з боку дзяржавы і таму звяртаюцца па дапамогу. Лічу, што самая высокая ацэнка работы дэпутата — гэта падзякі ад людзей, іх давер і падтрымка

Удзел у пасяджэннях выканкамаў, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, вывучэнне становішча ў маладзёжным асяроддзі — час работы ў акрузе ў дэпутата распісаны па хвілінах. Падчас адной такой сустрэчы з педкалектывам Забялышынскай школы ў Хоцімскім раёне Сяргей Давыдаў абмяркоўваў з настаўнікамі тэму выкарыстання мабільных тэлефонаў, асновы кібербяспекі, пацікавіўся арганізацыяй школьнага харчавання.

— Педагогі адзначалі, што забарона на карыстанне мабільнікамі падчас урокаў прынесла станоўчы вынік, — удакладняе суразмоўнік. — Дзеці сталі больш засяроджанымі на ўроках, актыўнымі на пераменах, часцей абмяркоўваюць паміж сабой нейкія агульныя пытанні. А старшакласнікі прызналіся, што сталі больш уважлівымі на занятках і, як вынік, палепшылася іх паспяховасць. Наогул, адукацыя і выхаванне нашых дзяцей — гэта важны прыярытэт беларускай дзяржавы. Мы павінны ствараць для моладзі максімальна камфортныя, бяспечныя і эфектыўныя ўмовы для развіцця і навучання.

— Вельмі дапамагае фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў маладых людзей маладзёжны парламент, які створаны пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, — кажа дэпутат. — Пры райсаветах дэпутатаў гэту дзейнасць праводзяць Маладзёжныя саветы. Шмат прапаноўваецца цікавых ініцыятыў, праектаў. Наша моладзь вельмі актыўная і дасведчаная. Ім прасцей данесці правільныя думкі да сваіх аднагодкаў, арганізаваць іх. Не раз пераконваўся, што гэта вельмі добра працуе. Можна не сумнявацца: наша будучыня ў надзейных руках.

Фарміраванне заканадаўчай базы краіны накіравана на вырашэнне актуальных праблем насельніцтва. І той вопыт, які дэпутат назапашвае, працуючы ў сваёй акрузе, вельмі важны і неабходны.

— Цяпер, напрыклад, у парламенце абмяркоўваюцца палажэнні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці», і інфармацыя з месцаў вельмі дапамагае ўносіць канструктыўныя заўвагі, — кажа парламентарый. — Стан дарог у сельскай мясцовасці, перспектывы іх развіцця — гэта тое, што хвалюе нашых выбаршчыкаў. Як раз у лістападзе прысутнічаў у Крычаве на выканкаме, дзе абмяркоўваўся ход выканання рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Транспартны комплекс». Размова ішла пра існуючыя, а таксама яшчэ неасвоеныя маршруты, пра запыты насельніцтва на пасажырскія перавозкі. Закраналіся і набалелыя пытанні.

Дэпутат — надзейнае звяно паміж уладай і народам. І каб гэты ланцужок не перарываўся, трэба быць адказным і патрабавальным перш за ўсё да сябе.

— Гэта дзейнасць — як лакмусавая паперка, якая паказвае наколькі сумленна ты працуеш, — разважае парламентарый. — Работа наша складаная і шматгранная, патрабуе ведання не толькі заканадаўства, але і псіхалогіі людзей, умення ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам, прадстаўнікамі мясцовай улады і кіраўнікамі розных арганізацый. Лічу, што вырашэнне актуальных праблем насельніцтва праз паспяховае фарміраванне заканадаўчай базы краіны сведчыць у тым ліку і аб узроўні работы кожнага асобна ўзятага дэпутата.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Сяргея ДАВЫДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю