Top.Mail.Ru

Сёння беларускі кінематограф адзначае 101-ы дзень нараджэння

Наша кіно з перспектывай

Сёння беларускі кінематограф адзначае 101-ы дзень нараджэння. 

І гэта дае нагоду разважаць не толькі пра мастацтва кіно, але і пра яго існаванне ў сучасных умовах. Дзе, з аднаго боку, як часта ў любым мастацтве бывае, адны чакаюць, калі ж з’явяцца кінамайстры ўзроўню класікаў — як Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Міхаіл Пташук, і адпаведна крытыкуюць усё, што не дацягвае па змесце і выкананні, а другія проста раздзяляюць меркаванне, што дзесьці лепей, бо там іншыя маштабы і магчымасці. А можа, варта ўсё ж паглядзець на сітуацыю з іншых ракурсаў?

Найперш, прыемна канстатаваць, што і на новым вітку сваёй гісторыі, якая пачала ўжо адлік другога стагоддзя, наша кіно працягвае існаваць. Вядома, пакуль з’яўляюцца толькі першыя кінапрацы маладога пакалення беларускіх кінарэжысёраў. І ім радуешся па факце, хоць часам яшчэ і ўзнікаюць пытанні адносна зместу і ўвасаблення. А прыклады кшталту «Класнай» Кірыла Халецкага, спартыўнай драмы «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі ўпэўнена пераконваюць, што працэс айчыннай кінавытворчасці існуе і яго вынікі вартыя сустрэч з масавым гледачом.

Што датычыцца тэматыкі і зместу, то ў фільмах, якія з’яўляюцца на «Беларусьфільме», знаходзіць адлюстраванне актуальная і надзённая праблематыка. У прыватнасці, сёлета ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у пракаце прагучалі такія кінастужкі як, да прыкладу, мультыплікацыйны фільм «Мемарыяльныя комплексы-2» ад Канстанціна Андрушачкіна, Аляксандра Ленкіна, Наталлі Касцючэнка і іншых, дакументальная кінастужка «Спаленыя вёскі. Лагеры смерці» Аляксандра Анісімава. На сёлетнім кінафестывалі «Лістапад», прычым не толькі ў нацыянальным конкурсе, беларускае кіно (дзе ў праграму трапіла 19 прэм’ерных прац) прагучала і дало нагоду для абмеркаванняў і чакання працягу.

Сталічны «Кінавідэапракат» арганізаваў сустрэчу ў кінатэатры «Перамога», каб яшчэ раз нагадаць, што кіно на вялікім экране — гэта спатканне з мастацтвам у асаблівай атмасферы. Але такія месцы для прагляду любімых фільмаў сёння павінны змагацца за гледача са шматлікімі анлайн-платформамі, якія даюць аўдыторыі магчымасць глядзець выбраны кантэнт не выходзячы з дому. Але кінасеансы ў кінатэатры сёння яшчэ па-ранейшаму запатрабаваныя, прычым ідуць як на сусветныя прэм’еры, так і на беларускія прапановы. Як адзначыў дырэктар УП «Кінавідэапракат» Уладзімір Карачэўскі, сёння ў айчыннга кіно сваё месца ў палітры культурнага баўлення часу: «У апошні час мы значна прыраслі ў дэманстрацыі беларускага кантэнту. Прынялі рашэнне падтрымліваць беларускіх кінавытворцаў, і нашы фільмы займаюць 16-17 % у пракаце. Максімальна імкнёмся падтрымліваць сваё, паказваючы як прэм’еры і навінкі, так і дазваляючы глядзець любімае кіно часоў мінулага».

Зараз збірае залы са сваімі гледачамі фільм «Пераломны момант». У наступным годзе чакаем дзве чарговыя прэм’еры вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Так, ідзе актыўная работа над ваенна-гістарычнай драмай «Бацька Мінай. Партызанская легенда» рэжысёра Ігара Угольнікава (праект рэалізоўваецца сумесна з расійскай кінастудыяй «ВаенФільм»), а таксама над новым фільмам рэжысёра Івана Паўлава «Адно на дваіх» пра лётчыкаў-герояў Беларусі. І нават гэтыя прыклады дэманструюць, што гісторыя кіно і яго вытворчасць не спыняюцца. З’яўляюцца кінагісторыі, якія дазваляюць адкрываць новыя імёны, пераасэнсоўваць мінулае і сучаснасць, каб з’яўлялася запатрабаванае новае. Усё гэта робіцца сумеснай працай многіх прафесіяналаў беларускага кінематографа.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю